Украінскія беспілотнікі атакавалі адзін з найбуйнейшых у Расіі хімзаводаў
Украінскія беспілотнікі атакавалі адзін з найбуйнейшых хімічных заводаў у Расіі — «Метафракс Кемікалс», які знаходзіцца ў Пермскім краі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Astra са спасылкай на аналіз фотаздымкаў і сведчанні відавочцаў.

Паводле гэтых звестак, удар быў нанесены па прадпрыемстве ў горадзе Губаха. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра атаку як мінімум чатырох дронаў і наступны пажар. Супрацоўнікаў завода падчас інцыдэнту, як сцвярджаецца, накіравалі ў сховішча.
Губернатар Пермскага краю Дзмітрый Махонін пацвердзіў факт атакі, заявіўшы, што ў рэгіёне былі зафіксаваныя ўкраінскія беспілотнікі. Паводле яго слоў, пацярпелых няма, адпаведныя службы былі аператыўна задзейнічаныя, пагрозы для насельніцтва таксама няма. Міністэрства абароны РФ паведаміла, што ў прамежку з 7 да 9 гадзін раніцы па маскоўскім часе над краем былі збітыя чатыры ўкраінскія дроны.

«Метафракс Кемікалс» з’яўляецца галоўным прадпрыемствам холдынгу «Метафракс Груп» і спецыялізуецца на вытворчасці метанолу, фармаліну, сінтэтычных смол і іншай хімічнай прадукцыі. Некаторыя віды прадукцыі выкарыстоўваюцца ў тым ліку пры вытворчасці выбуховых рэчываў і кампанентаў узбраення. Кампанія знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі і Украіны.
Гэта ўжо не першы падобны выпадак: у верасні 2025 года завод таксама падвяргаўся атацы беспілотнікаў, у выніку чаго былі пашкоджаныя газаправод, адзін з цэхаў і пажарная станцыя.
Каментары