Лепяць магілкі ды саромяць у тыктоку: як беларусы змагаюцца за расчышчаныя ад снегу месцы
Крэатыў беларусаў нават у такіх нервовых абставінах уражвае.

У 2026 годзе людзі (на шчасце ці не) часцей выбіраюць не сварыцца на вуліцы, а апублікаваць відэа з асуджэннем у тыктоку. І часам такая стратэгія спрацоўвае.
Напрыклад, Зміцер са Светлагорска апублікаваў ролік, дзе з абурэннем распавёў пра суседа на BMW, які заняў пачышчанае месца.
На наступны дзень мужчына даў справаздачу: сусед-такі выйшаў з шуфлем папрацаваць у двор — ён убачыў відэа ў тыктоку і вырашыў пачысціць парковачнае месца.
Гамяльчук, падпісаны ў тыктоку як Іваныч, распавёў пра свой лайфхак: зранку ён чысціць парковачнае месца, але спецыяльна робіць перад ім гурбу і ўтыкае ў яго шуфель — кажа, шлагбаум такі. Вынікам задаволены: «За дзень ніхто не стаў — бо лянота чысціць».
Антон з Віцебска раззлаваўся на людзей з іншых двароў, якія займаюць расчышчаную паркоўку побач з яго домам. Мужчына паказаў, як спецыяльна насыпае гурбу перад чужым аўтамабілем. «Калі стаміўся чысціць парковачнае месца для хлопцаў не з нашага двара», — падпісаў відэа Антон.
Віцябчук Аляксей зрабіў эксперымент: пачысціў паркоўку і паставіў там бутэльку з вадой, да якой прымацаваў запіску з просьбай не займаць месца. Паспяховым ён быў каля 2 гадзін: людзі пачыналі паркавацца, але бачылі паперку і з’язджалі. А потым знайшоўся кіроўца, які праігнараваў «знак».
Шмат хто ў каментарах напісаў Аляксею, што заўсёды паркуецца на вольным чыстым месцы. Адказ мужчыны быў крэатыўным. У наступны раз на паркоўцы ён зрабіў магілку са снегу: паставіў крыжык з таблічкай «Хэйтар, які не чысціў парковачнае месца». Для праўдападобнасці з сумёта тырчаць мужчынскія боты.
З іншага боку барыкад таксама не сумна. Адзін тыктокер з Мінска прадэманстраваў, што яго весяліць, калі людзі спрабуюць неяк заняць «сваё» месца — на відэа ён наўмысна знёс кардонную скрынку, якую нехта паставіў на расчышчанае месца з відавочнай мэтай.
«На злосць паркуюся ў такіх месцах. Пачысціў парковачнае месца не значыць купіў!» — растлумачыў мужчына.
Ваше мнение - в комментариях
Дарэчы, а ці законна ставіць нешта на паркоўку, каб забіць за сабой месца? На гэта пытанне ў эфіры СТБ адказваў Аляксандр Хромчанка, начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ўпраўлення нагляднай і рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС.

Калі коратка: не, землямі агульнага карыстання могуць карыстацца ўсе — нельга ставіць таблічкі ці вёдры на месца, якое чалавек пачысціў ад снегу.
Пытанне, ці можна выклікаць ДАІ на чалавека, які паставіў свой «шлагбаум», выклікала ў Хромчанкі ўсмешку:
— Насамрэч перашкода на дарозе сапраўды ёсць. Мы, вядома, прыедзем і прыбяром вядро. Але мы не будзем разбірацца, хто і з якой мэтай гэтае вядро паставіў. Тым больш што вядро на парковачным месцы не стварае той небяспекі для дарожнага руху, на якую неабходна рэагаваць у першую чаргу.
Каментары