Мопсы, французскія і англійскія бульдогі — гэтыя пароды даўно заваявалі сэрцы мільёнаў сваім незвычайным выглядам. Іх фірмовыя пляскатыя пысы, вялікія выразныя вочы і мілыя зморшчынкі сталі сімвалам «дызайнерскіх» сабак. Аднак менавіта гэтыя рысы, якія робяць іх такімі папулярнымі, могуць знікнуць на працягу наступнага дзесяцігоддзя.

Як паведамляе Daily Mail, у Вялікабрытаніі навукоўцы і абаронцы жывёл распачалі кампанію, якая можа назаўжды змяніць аблічча мопсаў, а таксама французскіх і англійскіх бульдогаў. І галоўная прычына ў тым, што іх мілыя пысы і ёсць ключавой праблемай.
Пляскатыя морды прыводзяць да сур'ёзных праблем з дыханнем — сабакі часта хрыпяць, задыхаюцца і дрэнна пераносяць спёку ці фізічныя нагрузкі. Вялікія, выпуклыя вочы схільныя да траўмаў і інфекцый.
Гэта прычыняе боль жывёлам і абыходзіцца ўладальнікам у велізарныя сумы на ветэрынарнае лячэнне.
Каб пакласці канец пакутам жывёл, брытанскія навукоўцы распрацавалі новую сістэму пад назвай «Ацэнка здароўя, уласцівага ад нараджэння» (Innate Health Assessment, IHA). Гэта 10‑бальная шкала, па якой будуць ацэньваць сабак перад допускам да развядзення.
Сярод прыкмет, якія лічацца непажаданымі і небяспечнымі для здароўя: выпуклыя вочы, празмерныя зморшчыны на скуры, абвіслыя або вывернутыя павекі, няправільны прыкус (недакус або перакус), адсутнасць хваста, скарочаныя або скрыўленыя лапы, недастаткова рухомы пазваночнік, мерль-афарбоўка (пляміста-мармуровы колер поўсці).
Згодна з планам, на першым этапе да развядзення будуць дапускацца толькі сабакі, якія набралі 8 з 10 балаў. Праз пяць гадоў патрабаванне ўзрасце да 9 балаў, а праз дзесяць гадоў — да 10 з 10.

Аўтары ініцыятывы з Міжпартыйнай групы па дабрабыце жывёл (APGAW) падкрэсліваюць: мэта не ў тым, каб забараніць мопсаў ці бульдогаў, а ў тым, каб перагледзець іх афіцыйныя стандарты і вярнуць жывёлам здольнасць жыць без хранічных пакут.
Адзін з распрацоўшчыкаў сістэмы, доктар Дэн О'Ніл з Каралеўскага ветэрынарнага каледжа называе гэты падыход «рэвалюцыйным крокам». Па яго словах, грамадства «дэсяцігоддзямі было загіпнатызаванае»: людзі часта мяркуюць, што калі сабака чыстакроўны і «тыповы для пароды», то ён аўтаматычна здаровы — нават калі яго знешні выгляд сам па сабе выклікае хранічныя пакуты.
На гэты момант сістэма IHA з'яўляецца добраахвотнай, але яе ўжо падтрымалі буйныя дабрачынныя арганізацыі і брытанскі Кенэл-клуб (Kennel Club, аналаг кіналагічных федэрацый). Актывісты спадзяюцца, што ўрад зробіць гэтую ацэнку абавязковай на заканадаўчым узроўні. Гэта дазволіць нарэшце прымяніць закон 2018 года, які забараняе развядзенне сабак з «экстрэмальнымі» рысамі, але які дагэтуль не працаваў з-за адсутнасці выразных крытэрыяў.
Кенэл-клуб, у сваю чаргу, хоць і падтрымлівае ідэю, настойвае на большым удзеле ветэрынараў у працэсе ацэнкі, каб зрабіць яго больш дакладным для завадскіх пародзістых сабак.
Каментары