Вы дакладна здзівіцеся: у Мінск хадзіў аўтобус з сапраўднымі ложкамі для пасажыраў
Вы дакладна не ведалі пра гэты факт: у Мінск і Гомель хадзіў аўтобус з ложкамі. Так, можна было выспацца лежачы проста на хаду! Такіх аўтобусаў у Беларусі больш не засталося, але ў краінах непадалёк усё яшчэ можна паездзіць, піша Blizko.by.

Мінчанін Эрык прыгадаў такі факт. Недзе на пачатку двухтысячных ён заўважыў у Мінску аўтобус-«гармонік», маршрут якога ляжаў некуды на чарнаморскія курорты. У пярэдняй частцы былі сядзячыя месцы, а ў задняй — спальныя паліцы.
Можна было купіць квіток толькі на сядзячае месца, а можна было даплаціць — і тады ў дадатак да сядзячага месца атрымаць яшчэ і ляжачае.
Гучыць фантастычна. Тым не менш, журналісты змаглі даведацца, што гэта быў за аўтобус, адкуль ён узяўся і куды хадзіў.
Гэта аўтобус малавядомай у нас чэшскай маркі Karosa (не блытаць з венгерскім Ikarus). Дарэчы, адзін аўтобус-«гармонік» Karosa, але іншай мадэлі, набыты для эксперыменту, хадзіў у Мінску на рэгулярных маршрутах.
Дык вось, аўтобус з ложкамі называўся Karosa C744 Hotel Bus. Са звычайнай «Каросы» яго перабудавала кампанія TICO Servis яшчэ ў 1992 годзе па замове бізнэсмена з Чэхіі Мілана Булвы і ягонай фірмы Bulva Service. Інжынеры прыпаднялі ў задняй частцы салона дах на 60 сантыметраў і ўладкавалі там спальную зону, а заадно змянілі канфігурацыю дзвярэй. Аўтобус тады меў фіялетавы колер кузава, потым ён стаў жоўта-зялёным.

У пярэдняй частцы было тры дзясяткі звычайных сядзячых месцаў: мяккіх, адкідных, з падлакотнікамі і столікамі. Тут жа быў падвешаны тэлевізар з відэамагнітафонам — забыты цяпер тэрмін «відэадвойка». У сярэдняй частцы размясцілі міні-кухню, прыбіральню, халадзільнік і спальнае месца для другога кіроўцы.

А ў задняй — ложкі для пасажыраў у тры ярусы. Прычым з аднаго боку ложкі былі двухспальнымі, з іншага — аднаспальнымі.

Выглядалі яны прыкладна як паліцы ў плацкартных вагонах: адна над адной, з драўлянымі лесвічкамі.
Каля кожнага ложка было акно з форткай, паліца-сетачка для дробных рэчаў і шторка, якая дазваляла цалкам адгарадзіцца ад салона.
Усяго атрымлівалася 27 спальных месцаў плюс быў таксама «спальнік» для зменнага кіроўцы.
Часопіс «Авторевю», які прысвяціў у 1998 годзе аўтобусу адну з нататак, кпіў: «Але ўсё роўна — не надта ўтульна, асабліва калі ў цесным адсеку, пакладзеныя нібы селядцы ў бочцы, спяць 28 чалавек. А асаблівы камфорт, напэўна, адчувалі сямейныя пары, якія ляжалі адна над адной…»


Фірма вазіла гэтым «гатэльбусам» турыстаў з сакавіка па лістапад ад Скандынавіі да Ізраіля. У канцы 90‑х аўтобус з прабегам 200 тысяч кіламетраў выставілі на продаж за 100 тысяч долараў.
На транспартных сайтах пішуць, што з 2001 года яго новы ўладальнік жыў ці то ў Мікалаеве, ці то ў Днепрапятроўску і арганізоўваў перавозкі на чарнаморскія курорты з розных гарадоў. Вось тады ён і з'яўляўся ў Мінску. Акрамя Мінска, аўтобус заўважалі ў Адэсе, Данецкай вобласці і Севастопалі, яшчэ ён дакладна хадзіў па маршруце Кіеў — Мікалаеў, а таксама з Масквы ў Коблева — і таксама праз Беларусь.



Ці зручна ездзіць у аўтобусе з ложкамі? У тэорыі так: можна выспацца падчас працяглага начнога пераезду ці проста прылегчы ўдзень і выцягнуць ногі, калі яны зацяклі ў крэсле. Але трэба таксама памятаць, што ў «нулявых» у Беларусі, Расіі, Украіне было нямала дарог з кепскім асфальтам, таму месцамі камфортны сон напэўна змяняўся трэскай, якая ў ляжачым становішчы пераносіцца горш, чым седзячы. Тым не менш, каля дзясятка гадоў гэты «гатэльбус» вазіў адпачывальнікаў на курорт.
Аўтобус, відаць, некалькі разоў змяняў рэгістрацыю, таму што яго фатаграфавалі з рознымі нумарамі. Пры гэтым на аўтобусе ўвесь гэты час захоўваліся старыя надпісы Mezinarodni Autobusová a Kamionová Doprava (міжнародныя аўтобусныя і грузавыя перавозкі), Bulva Service і Jiři Kalousek (даволі папулярныя імя і прозвішча ў Чэхіі).
Пасля 2012 года сляды аўтобуса губляюцца, фотаздымкаў больш не сустракалася, — відаць, яго вывелі з эксплуатацыі і, магчыма, пусцілі на металалом. Прынамсі, у анлайн-базах, якія адсочваюць аўтобусы, адзначана, што да 2014‑га аўтобуса ўжо не было «ў жывых».
Сліпербасы ў сучасным свеце
Увогуле «сліпінг-басы», або «сліпербасы» — аўтобусы са спальнымі месцамі, — папулярныя ў краінах Азіі: Пакістан, В'етнам, Камбоджа, Індыя, Кітай. Дзесьці спальныя месцы выглядаюць як пастаўленыя адна на адну раскладанкі, дзесьці — як раскошныя альковы з тэлевізарамі, накшталт люкс-бізнэс-класаў у самалётах некаторых авіякампаній.
Пасажыр атрымлівае камфорт спальнага вагона там, дзе чыгункі няма. Ноч у дарозе — можна няблага выспацца ды яшчэ і кіно паглядзець.





-
Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста
-
У Беларусі вырастуць цэны на некаторыя аўтамабілі, а выбар стане меншым. Вось чаму
-
Змены ў закон: бяспраўнікаў падзеляць на некалькі катэгорый, а п'яных пешаходаў пачнуць штрафаваць без папярэджання
Каментары