У Германіі выявілі схему незаконнага вывазу дарагіх аўтамабіляў у Беларусь і Расію ў абыход санкцый. Па падазрэнні ў гэтым затрымалі 39-гадовага мужчыну казахскага паходжання, піша Reform.news са спасылкай на нямецкую мытню.

Спецаперацыю правялі 13 траўня ў рэгіёне Вальдэк-Франкенберг супрацоўнікі Мытнага крымінальнага ўпраўлення Франкфурта-на-Майне пад кіраўніцтвам пракуратуры. У выніку ператрусаў канфіскавалі 21 дарагі аўтамабіль, матацыкл, прэпараты для павышэння патэнцыі, электрашокер і нават галаву кракадзіла. Агульны кошт маёмасці ацэньваецца ў як мінімум 1,3 мільёна еўра.
Следства лічыць, што аўтамабілі вядомых брэндаў нелегальна перапраўляліся ў памежныя з Беларуссю і Расіяй краіны, а пасля перапраўляліся далей. Мытнікі падазраюць, што такіх выпадкаў было каля 700, а агульная вартасць вывезенай тэхнікі складае прыкладна 25 мільёнаў еўра.
Затрыманага абвінавачваюць у парушэнні законаў аб знешнеэканамічнай дзейнасці, аб ахове дзікай прыроды, а таксама ў незаконным захоўванні медыцынскіх прэпаратаў, допінгавых матэрыялаў і зброі.
Каментары