Частка крам сеткі «Востраў чысціні і смаку» перайшла новай кампаніі «АйландГруп». Гэта вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб і ІП, высветліла «Люстэрка».

Часткай крам сеткі дыскаўнтараў «Востраў чысціні і смаку» стала кіраваць кампанія «АйландГруп», заснаваная 16 жніўня гэтага года. Пачынаючы з 3 верасня ёй ужо перайшлі 28 гандлёвых пунктаў.
У момант афармлення «АйландГруп» і на працягу наступных чатырох дзён яе заснавальнікам быў расіянін Пупал Аляксандр Ачыкзаевіч. Гэта вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб і ІП (АДР). Ён быў заўважаны на нарадзе ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, дзе абмяркоўвалі будучыню вядомай гандлёвай сеткі. З 20 жніўня 100% кампаніі «АйландГруп» належаць іншаму грамадзяніну РФ — Макшанцаву Аляксею Львовічу.
Кіруе гандлёвай сеткай Грышкевіч Вадзім Мікалаевіч, які мае досвед у гэтай галіне, так як раней быў у кіраўніцтве іншага рытэйлера — «Гіпа».
Верагодней за ўсё, гэтая фірма кіруе часткай сеткі па франшызе. Такі фармат агучваў заснавальнік «Востраў чысціні і смаку» Віктар Рамук як сцэнар будучага развіцця брэнду. Таксама прапанову для куплі франшызы прасоўвае сама гэтая гандлёвая сетка.
Франшыза — гэта партнёрства, па якім уладальнік бізнесу дае іншаму прадпрымальніку права выкарыстоўваць свой брэнд і мадэль бізнесу.
Тым не менш і за заснавальнікамі буйнога бізнэсу ўсё яшчэ лічыцца амаль 160 крам сеткі, вынікае з гандлёвага рэестра. Яны аформлены на некалькі кампаній, якія кіравалі імі на працягу многіх гадоў. Як вынікае з даных АДР, Віктар Рамук фармальна не валодае кампаніямі з 2023 года, але сярод заснавальнікаў і кіраўнікоў застаюцца іншыя члены яго сям'і. Пры гэтым амаль усе гэтыя фірмы знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. Выключэнне — кампанія «ПрадХімМаркет», у якой засталося тры крамы сеткі. З мая гэтага года яна больш не належыць сям'і Рамук, ёй валодае Прыгодзіч Анатоль Аксенцьевіч.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары