Гэтая прафесія, паводле даследавання, застаецца абароненай ад штучнага інтэлекту. Расказваем, што за яна
Яшчэ нядаўна гэтаму віду чалавечай дзейнасці прадракалі канец з-за развіцця нейрасетак.

Навукоўцы высветлілі, што на гэты момант бухгалтарам не пагражаюць масавыя звальненні з-за развіцця штучнага інтэлекту. Пра гэта 24 красавіка расказала агенцтва Euronews са спасылкай на свежае даследаванне амерыканскага Універсітэта Брыгама Янга.
У гэтым машстабным даследаванні таксама ўдзельнічалі 327 навукоўцаў з 186 вышэйшых навучальных устаноў 14 краін свету. Даследчыкі склалі велізарны іспыт, у які ўнеслі 25181 экзаменацыйнае пытанне па бухгалтарскаму ўліку, аўдыце, фінансавым уліку, кіраўніцкім уліку і падаткаабкладанні.
Заданні былі рознымі па складанасці і ўключалі ў сябе тэставыя пытанні, пытанні з неабходнасцю даць кароткія адказы і пытанні па прынцыпе «праўда ці хлусня». Мэтай эксперыменту было праверыць правільнасць адказаў сапраўдных студэнтаў у параўнанні з дакладнасцю апошняй версіі нейрасеткі ChatGPT.
«У выніку ChatGPT перамог студэнтаў у бухгалтарскім уліку і аўдыце, набраўшы сярэдні бал па ўсіх пытаннях у 47,4 адсотка. Але студэнты пераўзышлі нейрасетку па ўсіх астатніх дысцыплінах і фактычна аказаліся лепшымі, дасягнуўшы сярэдняй адзнакі ў 76,7%», — піша Euronews са спасылкай на вынікі эксперыменту.
Штучны інтэлект лягчэй спраўляўся з пытаннямі па прынцыпе «праўда-хлусня» і тэставымі заданнямі, а ўжо са складанымі матэматычнымі вылічэннямі і з кароткімі адказамі ў яго ўзнікалі сур'ёзныя складанасці і памылкі.
Аўтары даследавання зрабілі выснову і заявілі, што ChatGPT і падобныя яму нейрасеткі — гэта не ўніверсальнае рашэнне, а спосабы падмануць сістэму адукацыі існавалі і раней. Таму штучны інтэлект у кантэксце бухгалтарскай прафесіі, на іх думку, будзе толькі часовай перашкодай і ў асноўным будзе прымяняцца толькі ў якасці дадатковага памочніка без замены чалавека.
Характэрна, што яшчэ зусім нядаўна было праведзенае іншае даследаванне, якое ўносіць бухгалтараў у спіс тых, чые працоўныя месцы ў першую чаргу з часам цалкам зойме штучны інтэлект.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары