Культура

«Як іх аўто ляцелі кулем, як мы ляцелі пад адхон»

Міхась Скобла успамінае паэта Анатоля Вярцінскага, які памёр год таму.

Анатоль Вярцінскі. Фота: budzma.org

Паэт Анатоль Вярцінскі сваім сябрам і знаёмцам любіў рабіць нечаканыя дарункі ў выглядзе рэдкіх кніг. Прызнаюся, у ліку ашчасліўленых неаднойчы давялося быць і мне. Неяк Анатоль Ілліч пасля гутаркі пра пераклады сусветнай класікі на беларускую мову падараваў мне беларускамоўнага Бальзака 1937 года выдання. Перакладчыкам там значыўся Рыгор Казак, і я, да таго часу падрыхтаваўшы да друку тры кнігі Рыгора Крушыны (а гэта і ёсць Рыгор Казак) і лічачы сябе не абы-якім крушынаведам, глядзеў на тое выданне з такім здзіўленнем, як мой дзед Васіль на хмарачосы ў Чыкага, куды ездзіў на заробкі са свайго заходнебеларускага хутара…

Пра яшчэ адзін дарунак Анатоля Ілліча варта было б напісаць асобна (дасць Бог, калі-небудзь напішу) — гэта ягоная паэма «Заазер’е», выдадзеная ў 1975 годзе ў адгароджаным на той час жалезнай заслонай Нью-Ёрку. Тады беларускаму паэту выдацца там было — як злятаць на Месяц. На такіх глядзелі з асцярогай і падазрэннем. А як іначай можна было глядзець на таго ж Вярцінскага? Прадмову да яго кніжкі напісаў перакладчык і па сумяшчальніцтве заўзяты антысаветчык Леанід Палтава, пасляслоўе — былы палявы камандзір УПА Яраслаў Стэцько, а ананімнае (ці засакрэчанае?) выдавецтва змясціла на вокладку геаграфічную карту, дзе і Бранск, і Дзвінск, і Беласток — у межах Беларусі… 

Дзеля цікавасці я праверыў — нью-ёрскага «Заазер’я» няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Якія кніганошы ці кнігавозы і па якіх кантрабандных сцежках даставілі кніжку ў Менск — ведае, відаць, толькі аўтар. Я з лішнімі роспытамі ў вочы яму не лез. Хтосьці дужа рызыкаваў, ды і паэту ў выпадку чаго не паздаровілася б. Але неяк абышлося. 

Думаю, сказанае вышэй яскрава пацвярджае відавочную выснову: Анатоль Вярцінскі — быў чалавекам смелым і шчодрым. Шчодрым у раздаванні, раздорванні свайго — іншым. Бо і насамрэч, як трапна зазначыў Руставелі, «што схаваў ты, усё прапала, што аддаў ты, усё тваё».

Згадваю, як мы з Анатолем Іллічом улетку 2004 года спяшаліся на адкрыццё Музея Васіля Быкава ў Бычках. Спазняліся, шукалі карацейшы шлях. І тут на нейкім скрыжаванні пад Лепелем Вярцінскі выбраў малапрыкметную на карце партызанскую дарогу, якая мусіла нас вывесці наўпрост у Бычкі, мінаючы Вушачу. Як не паслухаць карэннага лепельца? Паехалі па ёй і ледзь не загрузлі ў пяску. Завярнулі на іншую дарогу, яшчэ менш прыкметную і яшчэ больш партызанскую, да таго ж гарыстую. Неспрактыкаваны да язды ў такіх умовах, я (бяру ўсю віну на сябе) у нейкі момант не справіўся са стырном, і аўто зляцела з дарогі, наскрозь пратараніўшы малады падатлівы ельнік. Вылез я на дарогу з дрыжачымі каленьмі, не думаючы тады, што тое ДТЗ трапіць і ў паэтычныя аналы. А яно-такі трапіла:

Была вайна, мог быць забіты,
мог быць забіты і забыты,
на тыя звезены клады,
дзе ціха спяць твае дзяды…
Пацвердзяць Скобла і Акулін,
як іх аўто ляцелі кулем,
як мы ляцелі пад адхон
з бядою наўздагон, на скон.
Усе жывыя, дзякуй Богу.
Жыву, збіраюся ў дарогу. 

Не, што ні кажыце, прыемна стаць героем верша Вярцінскага, хай сабе і коштам разбітай аўтамабільнай фары! А тады, калі мы ўсё ж дабраліся ў Бычкі, Анатоль Ілліч па-філасофску падсумаваў: «Дарога да Быкава простай не бывае».

Думаў на гэтым паставіць кропку. Але згадаў яшчэ адзін — самы нечаканы — дарунак ад Вярцінскага. Аднойчы я атрымаў ад яго Каран. Дыхтоўнае выданне — пераклад і грунтоўны каментар акадэміка Ігната Крачкоўскага. На мой запытальны позірк дароўца параіў знайсці дваццаць шостую суру пад назвай «Паэты». І што я прачытаў у мудрай, шанаванай мільёнамі людзей кнізе? Дайце веры, там чорным па белым было напісана, што «паэты — хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі не робяць». 

Рызыкую наклікаць на сябе гнеў прарока Мухамеда, але тыя словы ніякім чынам не датычацца беларускіх паэтаў. У тым ліку Анатоля Вярцінскага, паэта адметнага, непаўторнага і надзвычай праўдзівага. Год таму ён адышоў у лепшы свет…

Каментары

Цяпер чытаюць

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў2

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Усе навіны →
Усе навіны

«Трошкі і фатаграфіі няўдалыя». У Быхаўскім райвыканкаме расказалі, чаму ў скульптуры да Года жанчыны такі дзіўны твар6

Ва Уруччы ў Мінску збіты машынай пешаход пераляцеў цераз яе, але застаўся жывы ВІДЭА3

Пад Мінскам школьнік знайшоў у лужыне на дарозе карал, якому можа быць 400 мільёнаў гадоў3

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся12

«Усё залежыць ад машын». Трамп усё ж засумняваўся ў сумленнасці выбараў у Кангрэс7

У сеціве вірусіцца рагачоўскі гімн, які спяваюць у касцюме згушчонкі — хто яго аўтар?12

«Абяцанне, што заказ ужо ў дарозе, я чуў разоў з дваццаць». Беларусы месяцамі чакаюць ад прадпрымальніка свае вырабы, за якія загадзя заплацілі

Наведванне прыгараднымі аўтобусамі маланаселеных вёсак хочуць зрабіць па заяўках. Ужо праводзіцца эксперымент5

Лукашэнка пацвердзіў, што мае намер будаваць яшчэ адзін азотны камбінат4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў2

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць