Літаратура11

Вера Міцкевіч: Для Якуба Коласа жанчына была — як ікона

Каля бронзавага Якуба Коласа, які сядзіць у Мінску на ўласнай плошчы, аднойчы правялі міні-апытанне моладзі: што вы ведаеце пра паэта, якому ўсталяваны помнік? Вынікі ашаламілі. Апрача знаёмага са школы «Мой родны кут, як ты мне мілы» ды факта сяброўства з Янкам Купалам першыя пяць чалавек больш нічога сказаць не змаглі… Такія, на жаль, рэаліі. Скажаце: забранзавелыя класікі сёння мала каго цікавяць? А гэта як паглядзець. Нядаўна з друку выйшла кніга «Табой я жыў, табой жыву…», прысвечаная прыватнаму жыццю Якуба Коласа, якая мала каго пакіне абыякавым. Старонкі кнігі журналіст і паэт Міхась Скобла пагартаў з унучкай песняра і даследчыцай сямейнага радаводнага дрэва Верай Міцкевіч.

Вера Міцкевіч з унукам Данілам каля помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах. 2022 год

— Вера, кніга «Табой я жыў, табой жыву…», прысвечаная жонцы паэта Марыі Дзмітрыеўне, унікальная ў сваім родзе, я больш не прыгадаю падобных выданняў, прысвечаных спадарожніцам жыцця нашых класікаў. Як узнікла яе задума?

— Пра Якуба Коласа напісаны дзясяткі кніг — навуковых і мастацкіх, сотні артыкулаў. Нават яго сыны напісалі па кнізе: Даніла Канстанцінавіч — «Любіць і помніць» і Міхась Канстанцінавіч — «Пад бацькоўскім дахам». Выйшла і кніга «Апалены золак» — пра Юрку Міцкевіча, сярэдняга Коласавага сына, які загінуў на фронце. І вось у гэтым шматлікім шэрагу мы ўбачылі белую пляму — няма нічога пра жонку Коласа Марыю Дзмітрыеўну, пра самага блізкага яму чалавека, яны пражылі разам 32 гады. І вось кніга выйшла і ўспрымаецца з цікавасцю. Ужо прайшлі прэзентацыі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у раённых бібліятэках у Слоніме, Магілёве, Пінску, Лунінцы, Барысаве, у абласной бібліятэцы ў Гродне.

Вера Міцкевіч

— Розныя жонкі бываюць у творчых людзей. Бываюць жонкі-музы, жонкі-гаспадыні, жонкі-самаахвярніцы, якія цалкам прысвячаюць сваё жыццё мужам. Кім была Марыя Дзмітрыеўна для Якуба Коласа?

— Усім. На думку Коласавай малодшай сястры Алены Міхайлаўны Лойка, увогуле не было б вялікага Коласа, калі б столькі гадоў не была з ім побач Марыя Дзмітрыеўна. Што да музы, то мела месца такая гісторыя. Яшчэ да шлюбу ў паэта быў сшытачак вершаў пра каханне, якіх ён нікому не паказваў. Пазнаёміліся яны, як успамінаў дзядзька Міхась, на настаўніцкіх курсах у Пінску. І вось Марыя Дзмітрыеўна знайшла той сшытачак у першы-другі год шлюбу і строга спыталася: «Костусь, каму ж ты прысвяціў столькі лірычных прызнанняў у каханні?» Паэт адказаў: «Вядома ж, табе!» — «Я зразумела па датах, што мне, але чаму пасля таго, як мы павянчаліся, не з’явілася ніводнага верша?»… На жаль, той сшытачак не захаваўся, мы ведаем адтуль толькі адзін верш — «Дзяўчыне».

Якуб Колас з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і сынам Данілам. 1917 год

— Вельмі розныя паэты — Колас і Купала. У тым ліку ў вызначэнні нечага істотнага. Колас напісаў пра жонку: «Табой я жыў, табой жыву», у Купалы іншы прыярытэт: «Песняй толькі на свеце жыву я». Але ж гэта не перашкаджала ім сябраваць?

— У нечым яны сапраўды былі розныя, але шмат што іх і яднала. І Колас, і Купала нарадзіліся ў адзін год — 1882. Іх жонкі — Марыя Дзмітрыеўна і Уладзіслава Францаўна— таксама нарадзіліся ў адзін год — 1891. Але калі Купаліха была дзейнай, уладарнай, любая справа, што называецца, гарэла ў яе руках, то Марыя Дзмітрыеўна мела іншы характар — больш хатні, утульны, сямейны. Ды нездарма ж у народзе кажуць, што жанчына ў сям’і — гэта шыя, якая паварочвае галаву ў патрэбны бок. Дык вось, куды яна накіроўвала, туды Колас і паварочваўся.

— Тое ж самае, відаць, можна сказаць і пра Купалу. Выходзіць, «падкаблучнікамі» былі першыя народныя паэты…

— Не, тут гэткае азначэнне наўрад ці падыходзіць. Колас з Купалам сябравалі сем’ямі. Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна любілі бываць у доме Коласа, поўным дзіцячых галасоў, на срэбнае вяселле падаравалі «маладым» срэбныя чарачкі. Дарэчы, яны цудам зберагліся — пасля вайны былі знойдзеныя на папялішчы Коласавага дома, ачышчаныя ад куродыму і пазней перададзены ў музей. Мой бацька і дзядзькі заўсёды атрымлівалі ад Купалы падарункі, часам прывезеныя з-за мяжы. Думаю, што яго верш «Юрачка» быў прысвечаны дзядзьку Юрку, там усё супадае.

— Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў Ашмянах, але па нацыянальнасці, здаецца, не беларуска?

— Па лініі маці яна мела нямецкія карані, з вядомага роду Гагенлоэ, а бацька яе быў рускім. Але яна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. І выхаванне ў сям’і было беларускім. Прычым, апрача ўласных трох сыноў, дзед з бабуляй выхоўвалі і чужых дзяцей. Выхаванцы ў сям’і жылі пастаянна — і сын першага дырэктара Коласа Івана Міцкевіча Мікалай (пазней стаў выдатным хімікам, акадэмікам), і далёкая родзічка бабулі Жэня Увядзенская, чыя маці памерла, і Вольга Прачук — бежанка з Гродзеншчыны. На ўсіх у бабулі хапала ласкі, пяшчотных слоў. У кнізе прыводзіцца сведчанне сына Юркі, які на срэбным вяселлі бацькоў устаў і сказаў: «Вялікі дзякуй вам, тата і мама, што за ўсё жыццё я ні разу не пачуў брыдкага слова і ніякай лаянкі паміж вамі».

— Калі чытаў кнігу, мяне ўразіў кулінарны талент Марыі Дзмітрыеўны — колькі яна ўсяго гатаваць умела!

— Так, яна гатавала выдатна. Бацька ўспамінаў, што Марыя Дзмітрыеўна на святы магла выставіць на стол паляндвіцу, каркавіну, зельцы, кумпякі, калдуны, зразы, верашчаку, дранікі, бабку, булён з грыбнымі вушкамі, грыбы марынаваныя і салёныя, цыганскі мазурак, ламанцы… Усё — уласнага вырабу. А яшчэ ўмела выпякаць нямецкі торт «Баўмкухэн» («Кухоннае дрэва»). У 1925 годзе дзед з бабуляй з такім тортам хадзілі да Купалы на юбілей яго творчай дзейнасці.

— А яшчэ мяне здзівіла, што Марыя Дзмітрыеўна не баялася ў коле сям’і выказвацца супраць Сталіна. Тут, відаць, наклала свой адбітак асабістая трагедыя — яе брат быў рэпрэсаваны.

— Не толькі брат. Дзядзька Коласа мовазнавец Язэп Лёсік таксама, як вядома, быў арыштаваны. А брат Марыі Дзмітрыеўны Аляксандр Камінскі, якога забіралі з дома Коласа, так і не вярнуўся, загінуў у Салікамску. Хоць Колас і прыкладаў усе намаганні, каб яго вызваліць. Пісаў лісты пракурору і БССР, і СССР — нічога гэта не дало. Так што да Сталіна і сталіншчыны ў сям’і было адмоўнае стаўленне.

— «Зорка мая», «мой квеце», «душы маё палова», «мая святыня»… Так звяртаўся Якуб Колас да сваёй каханай Марыі, і гэта далёка не поўны пералік эпітэтаў. Такое адчуванне, што народны паэт усе трыццаць два гады глядзеў на жонку захопленымі вачыма. У творчых сем’ях гэта так рэдка бывае…

— Тое, што муж-паэт узвялічваў жонку ў вершах, — тут дзіва няма. Наогул для Коласа жанчына была — як ікона, як нешта вышэйшае. Але так бачыў Марыю Дзмітрыеўну не толькі Колас. Знакаміты скульптар Заір Азгур, які быў другам сям’і, называў яе Мадоннай. І ўспамінаў пазней: «Самае цікавае, што і Колас глядзеў на яе як на Мадонну!»

— Відаць, нездарма менавіта Азгур па просьбе Коласа рабіў надмагільны помнік па Марыі Дзмітрыеўне. Вельмі прыгожы, дарэчы. Дзе толькі ў пасляваенным Мінску белы мармур удалося здабыць?

— На Вайсковых могілках на яе магіле быў цэлы мемарыяльны куток зроблены, ён, на жаль, ужо не існуе. Там былі дзве літыя з металу лаўкі, а белы мармур прывезлі з Украіны, з Корасценя, там было радовішча. Працавалі спецыяльна запрошаныя ленінградскія каменярэзы, барэльеф і факсімільны надпіс «Майму лепшаму другу» почыркам Коласа зрабіў Азгур. А нядаўна ўдалося перад помнікам маці ўсталяваць памятную дошку сыну Юрку. І цяпер усе сыны — вакол маці. Думаю, душы бабулі і дзеда радуюцца на небе, што ўся сям’я хоць такім чынам сабралася.

— Чаму Марыя Дзмітрыеўна памерла адносна маладой — на 55-м годзе жыцця?

— У канцы 1944 года ў яе выявілі анкалогію, у Маскве зрабілі аперацыю, рабілі апраменьванне радыем, і справа нібыта пайшла на папраўку. Марыя Дзмітрыеўна ляжала ў філіяле Крамлёўскай бальніцы ў Сакольніках, там з ацяпленнем былі праблемы, і яна захварэла на запаленне лёгкіх. У пасведчанні прычынай смерці значыцца гэта хвароба. У яе ад нараджэння былі слабыя лёгкія, яна шмат разоў хварэла. Як, дарэчы, і Колас, ён на запаленне лёгкіх хварэў больш за 20 разоў.

— «На сэрца горыч вірам хлыне, / Як дождж на голле і камлі: / Мой добры друг, мая святыня / Ляжыць адна ў сырой зямлі…» Па тагачасных вершах Якуба Коласа відно, як ён перажываў.

— Перажываў, вядома. У лісце да стрыечнага дзядзькі Ігната Міцкевіча пісаў у Мікалаешчыну: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палову душы. Так мне цяжка і пуста». Браты і сёстры песняра адказалі спачувальным лістом, у якім запрасілі Коласа на радзіму: прыязджай, Кастусёк, Нёман наш, нашы бары цябе палечаць, акрыяеш хутчэй.

— У кнізе «Табой я жыў, табой жыву…» публікуецца цікавы дакумент — спачувальны ліст Якубу Коласу ў сувязі са смерцю жонкі ад ўрада БССР, падпісаны Панцеляймонам Панамарэнкам і яшчэ дзесяццю членамі ўрада. Дарэчы, напісаны не чыноўніцкай, а чалавечай мовай. Сёння, калі на пахаванні народных пісьменнікаў чыноўнікі нават не прыходзяць, нешта падобнае цяжка і ўявіць.

— Тады да нацыянальнай культуры і яе творцаў у рэспубліцы было куды больш пашанлівае стаўленне. Яно захоўвалася і пазней. Я ўспамінаю, як у Палацы спорту святкавалася 50-годдзе БССР, была вялікая ўрачыстасць, на якую бацьку далі запрашальнік, прычым на ўсю сям’ю. І вось бацька з маці і я, на той час васьмігадовая, стаім у перапынку на выхадзе з залы. Данілу Канстанцінавіча пазнаў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў і паклікаў пагаварыць. Бацька пайшоў адзін, а Машэраў яму: «Вы ж з сям’ёй — клічце ўсіх». І мы пайшлі, я стаяла побач з кіраўніком БССР. Для яго гэта была звычайная сітуацыя — Машэраў любіў абмеркаваць справы не ў кабінеце. І падчас падобных размоў вырашаліся многія пытанні, датычныя Музея Коласа, дзе бацька шмат гадоў працаваў дырэктарам. Добрым словам варта згадаць і таго ж Панамарэнку, які падпісаў пастанову Бюро ЦК КПБ аб ушанаванні памяці Якуба Коласа праз два дні пасля смерці песняра — стварыць музей, паставіць у сталіцы помнік, пэўным установам надаць імя Коласа… У той пастанове пунктаў дваццаць было, якія потым паступова выконваліся.

— У канцы мінулага года вы, Коласавы нашчадкі, прысутнічалі ў Стоўбцах на адкрыцці помніка Коласу. А там да вас хто-небудзь з высокага начальства падышоў?

— Ніхто не падышоў.

— Нават старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама?

— Па-мойму, яго там і не было. На адкрыцці мы стаялі з аўтарамі помніка Іванам Якімавічам Міско і Уладзімірам Піпіным. Помнік нам спадабаўся. Знаходзіцца ён у добрым месцы — у скверы, непадалёк школа і дзіцячы сад, цэнтральная вуліца. Зразумела, што на радзіме Коласа павінен быў паўстаць малады пясняр. Але зусім маладога нельга было рабіць, бо тады б яго ніхто не пазнаваў. Дзякуй богу, была знойдзена залатая сярэдзіна, помнік атрымаўся. Мы шмат разоў хадзілі ў майстэрню да Міско, праглядалі эскізы, рабілі свае заўвагі. І, трэба сказаць, скульптары да нас прыслухоўваліся.

— Агульнавядомы факт: Якуб Колас у апошні дзень свайго жыцця хадзіў у ЦК КПБ з лістом у абарону беларускай мовы. Як бы ён успрыняў сённяшні катастрафічны стан роднай мовы (дзяржаўнай па Канстытуцыі!)? Ці пайшоў бы кудысьці сёння з гэткім жа лістом?

— Відаць, пайшоў бы. Колас усё ж быў уплывовай асобай, дэпутатам Вярхоўнага Савета. Іншая справа — куды пайшоў бы? Да каго? Вось тут пытанне… Так, яму было б вельмі крыўдна, што і на трыццаць першым годзе незалежнасці беларуская мова так і не стала паўнапраўнай гаспадыняй ва ўласным доме, што мы па-ранейшаму ў старой ступе ўсё таўчомся. А выпраўляць становішча з мовай трэба пачынаць з дзіцячага садка, са школы і, калі хочаце, з гандлю. Мне так здаецца, я ж вучылася на гандлёва-эканамічным факультэце. Калі б установы гандлю перайшлі на беларускую мову, гэта была б вялікая рэч. Згадайце, такія прыклады ўжо мелі месца, напрыклад, у «Еўраопце» людзі спецыяльна станавіліся ў чаргу да беларускамоўнай касы.

— А яшчэ выключнае месца займае сям’я. Ніхто ж не можа прымусіць людзей размаўляць на чужой мове са сваімі роднымі. Вось жа Коласава сям’я — выдатны прыклад. Сыны Даніла і Міхась і самі па-беларуску размаўлялі, і сваіх сямейнікаў прывучалі.

— Я свайму ўнуку Данілу стараюся чытаць толькі беларускія кнігі. І ён мне чытае, праўда, пакуль марудна. Вось «Савося-распусніка» нядаўна прачыталі, цяпер узяліся за «Рака-вусача».

— Нядаўна мы развіталіся з 2022-м. Што вы пажадаеце суайчыннікам у Новым годзе?

— Па-першае, самае галоўнае пажаданне — здароўя. Па-другое, шанаваць усё сваё: сваю радзіму, сваю мову, сваю зямлю, свае традыцыі. І не толькі шанаваць, але і карыстацца імі ў жыцці. Пабольш падарожнічаць па Беларусі, любавацца яе цудоўнымі краявідамі, знаёміцца з цікавымі людзьмі. Зусім не абавязкова лятаць у Турцыю, можна выдатна адпачыць на беларускіх азёрах, многія з нас нават не ўяўляюць, якія ў нас ёсць прыгажосці! І, па-трэцяе, беларусам трэба трымацца разам. І тады мы адолеем любыя перашкоды.

Каментары1

  • хх
    10.01.2023
    як кранальна... вось ля помніка якому паэту беларусы маюць рамантычныя спатканні прызначаць... сімвал вечнага кахання

    не тое, што там - "повеса вечно праздный"

Цяпер чытаюць

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця7

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне едуць у Беларусь на святы: браніраванне гатэляў падскочыла10

Першая краіна свету забараняе сацсеткі для дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў. Як гэта будзе працаваць6

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі3

Шары з кантрабандай з Беларусі даляцелі да Латвіі7

«Яго не існуе». У адміністрацыі Трампа пацвердзілі спыненне працы DOGE, якім кіраваў Маск2

Кіраўніца місіі дэмсіл: За Украіну загінула каля ста беларускіх добраахвотнікаў22

Літоўскія фуры праз мяжу ўсё яшчэ не едуць3

Грошы ў Беларусь вязуць фурамі. Як дальнабоі і не толькі напаўняюць краіну валютай18

Крупко расказаў пра планы па будаўніцтве дняпроўскіх каналаў, колькі гэта будзе каштаваць і ў чым галоўная праблема9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця7

Над шэрым кардыналам Нацбанка згусціліся хмары? Затрымалі яго сябра, былога выканаўчага дырэктара Банка развіцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць