Грамадства77

Шок у банках: Сяргею Касцючэнку, стваральніку Прыёрбанка, далі тры з паловай гады калоніі. Датычны Баскаў?

Атланта беларускай банкаўскай сферы судзілі па 243 артыкуле КК — ухіленне ад сплаты падаткаў. Разам з Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнэсменаў. Суддзя — Святлана Бандарэнка. Гэтае рашэнне ў банкаўскіх колах ацэньваецца як нечаканае і палітычнае. 

Шматгадовага кіраўніка Прыёрбанка затрымалі напачатку сакавіка, пасля ягонага вяртання з Аўстрыі, дзе Касцючэнка пастаянна пражывае. 

«Запрасілі ў КДБ і не выпусцілі», — казалі нам яго калегі. 

Чытайце таксама: «Запрасілі ў КДБ і не выпусцілі»: затрыманы банкір Сяргей Касцючэнка, кіраўнік «Прыёрбанка»

Спачатку ў банкаўскай сферы лічылі, што справа Касцючэнкі звязана з адной з ІТ-кампаній, дзе ён сузаснавальнік.

Пазней стала вядома, што асноўныя прэтэнзіі ляжаць у галіне «сыходу ад падаткаў». 

Фармальна пытанні ў сілавікоў выклікала легальная схема ашчаджэння на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.

«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі, — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».

Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання табе не трэба плаціць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку.

Гэтым карыстаюцца не толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае спісанне», — лічаць нашы суразмоўцы з банкаўскай сферы. 

«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочванні супрацоўнікаў і менеджараў. Маўляў, ты класна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класці табе на ашчаджальнае страхаванне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч даляраў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэслю, легальная схема. Такім карысталіся дзясяткі, сотні тысяч людзей, усіх судзіць?» — кажуць нам банкіры.

Насамрэч, сыходзяцца людзі з банкаў, з якімі гаварыла «Наша Ніва», у справе Касцючэнкі замяшаная палітыка. 

Ходзяць чуткі, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».

Следчыя «Байпола» прыводзілі доказы таго, што Дзмітрый Баскаў разам з Наталляй Эйсмант знаходзіліся на «Плошчы Перамен» падчас забойства 31-гадовага Рамана Бандарэнкі. У інтэрнэце апублікаваныя запісы тэлефонных размоў чалавека з голасам, падобным да голасу Баскава, на гэтую тэму. Аднак Следчы камітэт і пракуратура не далі ходу расследаванню і, больш за тое, Аляксандр Лукашэнка прызначыў Баскава членам Савета Рэспублікі.

Акрамя таго, мы чулі ад супрацоўнікаў Прыёрбанка версію, што, да таго ж, у віну Касцючэнку паставілі кантакты з Паўлам Латушкам. 

«Нібыта, на тэлефоне Касцючэнкі знайшліся званкі ці то Латушку, ці то ад Латушкі. Але калі яны і гаварылі, то мы ж не ведаем пра што», — сказаў «Нашай Ніве» суразмоўца.

Мы запыталі ў Паўла Латушкі, што ён можа сказаць пра гэта.

«Як міністр культуры, я ведаў многіх кіраўнікоў банкаў і кантактаваў з імі: з Бабарыкам, Калаўрам, Касцючэнкам, Мацюшэўскім і многімі іншымі. Што я магу быць у іх спісах кантактаў — адназначна. Але пасля 2020 года я з Касцючэнкам не камунікаваў», — сказаў Латушка, дапусціўшы, што гэта ўкіды спецслужбаў.

«У любым выпадку, тут дадалося нешта асабістае, бо Лукашэнка Касцючэнку ведае вельмі даўно, гэта вельмі паважаная фігура ў Беларусі. Калі ў разгар банкаўскага крызісу саджаюць кіраўніка аднаго з самых устойлівых банкаў, то тут адчуваецца, што справа не ва ўхіленні ад падаткаў», — лічыць наш суразмоўца са сферы. 

У розныя годы рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны. 

Свой Прыёрбанк 56-гадовы ўраджэнец Вішнева Валожынскага раёна Сяргей Касцючэнка стварыў у 1989 годзе. Банк стаў адным з лідараў банкаўскай сферы Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі Райфайзэн. 

Касцючэнка лічыцца хросным бацькам многіх дзяржаўных і прыватных бізнэсаў, якім даваў грошы на развіццё, маючы талент выяўляць тыя праекты, якія адназначна стрэляць. 

Судзілі Касцючэнку ў Мінскім гарадскім судзе па 243 артыкуле КК у ч.2 старой рэдакцыі і ч. 1 новай рэдакцыі. 

Суддзя — Святлана Бандарэнка. 

Бандарэнка адправіла ў калонію журналістку «Тутбая» Кацярыну Барысевіч па справе «нуль праміле». 

Вядома, што па справе таксама праходзіў бізнэсмен Аляксандр Мукавозчык і фігуравалі кампаніі «Вэбпэй» і «Байтэхсервіс». 

Звязацца з аўтарам і дапоўніць тэму можна наўпрост праз тэлеграм @artsiom_harbatsevich ці мэйл [email protected]

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Капец
    01.08.2022
    Камiцет лукашэнкiнай безапаснасцiя, божа якiя агiдныя клоуны
  • Дацярпелісябанкіры
    01.08.2022
    Ён не ёсць стваральнік гэтага банка, а калісці ён быў блізкім сябрам самі ведаеце каго. Але ж усё адно гэта дзіч
  • Улад
    01.08.2022
    Зразумела, што тут замяшаная палітыка. Але ж суддзя павінен кіравацца Законам. І можа не пагадзіцца з пракурорам наконт канкрэтнага артыкула абвінавачвання. 
    Ці ёсць над такімі "суддзямі бяз межаў" нейкі кантроль?

Цяпер чытаюць

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго2

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук абурыўся вялізнай колькасцю людзей у фітнэс-клубе і падаў у суд

Трамп ударыў па даходах Расіі праз Індыю13

Ці перагорнем старонку 2020-га? Бугай мае на ўвазе адно, а Лукашэнка — зусім іншае18

Хлопец вярнуўся з Польшчы ў Гродна праз камісію па вяртанні — крыміналку пакуль не спынілі17

Ініцыятыва Maldzis выкупіла «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча8

Настаўнікам у школах забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў3

«Ультраэкзотыка для самотнага турыста». Ці зацікавіць Іран беларусаў і ці паедуць турысты з Ірана ў Беларусь1

Паглядзіце, якія рэчы стварылі беларускія дызайнеркі, натхняючыся Палессем і пераасэнсоўваючы асабісты боль5

Сярожамі і Валодзямі цяпер называюць зрэдзьчас5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго2

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць