Жыхара Віцебска аштрафавалі за тое, што віншаваў людзей на вуліцы з Днём Волі
Сёння, 12 красавіка, у судзе Чыгуначнага раёна Віцебска меўся суд над вядомым грамадскім актывістам і распаўсюднікам незалежнай прадукцыі Барысам Хамайдам. Барыса Ханонавіча будуць судзіць за тое, што 23 сакавіка віншаваў мінакоў з Днём Волі.
У выніку сп. Хамайда аштрафаваны на адну базавую велічыню (24,5 рубля, арт. 23.34 КаАП)
Барыс Хамайда выйшаў 23 сакавіка да г.зв. «сіняга дома» ў Віцебску з пікетам, упрыгожаным бел-чырвона-белымі колерамі. Як казаў ён тады Радыё Свабода, ён знарок аздобіў гэтае месца каля так званага «сіняга дома», дзе ён ужо больш як 20 гадоў ладзіць розныя акцыі і распаўсюджвае незалежны друк.

«Я выйшаў з віншаваннямі 23-га, бо гэта мой апошні працоўны дзень на тыдні. Так склалася здаўна: у суботу і нядзелю я займаюся хатнімі справамі. 25-га сакавіка буду таксама адзначаць дома, з сябрамі. А цяпер хачу нагадаць усім жыхарам Віцебску пра 100-гадовы юбілей БНР», — казаў спадар Хамайда.
Мінакі рэагавалі на віншаванне неадназначна: нехта паціскаў руку найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру, нехта распытваў пра БНР. Але былі і агрэсіўныя напады, калі ў бок Барыса Хамайды кідалі абразы і пагрозы.
Тады міліцыя на наяўнасць пікетоўца ў цэнтры горада не рэагавала. Аднак, як высветлілася, сп. Хамайду за пікет чакае суд.
Каментары