Бундэстаг бачыць і шануе крокі Беларусі насустрач Еўропе. Каб паказаць гэта Мінску, там вырашылі ўзаемадзейнічаць з беларускім парламентам, хоць той не стаў «нашмат больш легітымным, чым папярэдні». Пра гэта TUT.BY заявіў намеснік старшыні германска-беларускай парламенцкай групы бундэстага Ёхан Вадэфуль.

— Мой візіт — адзін з першых крокаў па нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі і двума парламентамі. Мы ўсё яшчэ ў пачатку гэтага шляху, і я аптыміст.
Пры гэтым германскі дэпутат адзначыў, што беларускі парламент, «калі казаць шчыра, не стаў нашмат больш легітымным, чым папярэдні». «Ёсць ўсяго адзін свабодна выбраны дэпутат апазіцыі. Яшчэ шмат трэба зрабіць у выбарчай сферы, пра гэта казалі і ЕС, і АБСЕ, і Рада Еўропы», — падкрэсліў Вадэфуль.
Разам з тым, нагадаў ён, некаторыя крокі Мінск насустрач Еўропе зрабіў, напрыклад, вызваліўшы палітвязняў.
— Рэакцыя прэзідэнта на анексію Крыма была не такой, як наша, але была падобнай да яе і адрознівалася ад расійскай пазіцыі.
— Перафразуючы вас, Германія вырашыла ўзаемадзейнічаць з беларускім парламентам, не моцна адрозным легітымнасцю ад ранейшага, праз геапалітыку? — удакладнілі мы.
— Так, гэта адзін з матываў. Другі — у тым, што ў палітычнай дыскусіі ў Беларусі мы ўбачылі больш прасторы, чым раней.
У выніку ў парламенце Германіі вырашылі, што добрай ідэяй будзе «паказаць Беларусі, што мы ўбачылі яе першыя крокі да Еўропы, прызнаць і ацаніць іх».
У бундэстагу тым не менш чакаюць, што наступныя выбары пройдуць больш дэмакратычна з допускам большай колькасці партый.
«Мы рэалісты і мы разумелі, што гэта не магло адбыцца гэтым разам», — сказаў дэпутат. Ён не чакае, што Беларусь маментальна пабудуе ў сябе такую ж сістэму, як Францыя, Нямеччына ці Вялікабрытанія.
— Але мы бачым, што Беларусь на шляху да Еўропы. І мы хочам падтрымаць тыя сілы ў гэтай краіне, якія з'яўляюцца прыхільнікамі еўрапейскіх каштоўнасцяў.
28 лютага ў Ёхана Вадэфуля былі сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім і Баляславам Пірштуком.
З гэтых сустрэч Вадэфуль робіць выснову, што прадстаўнікам афіцыйнага Мінска можна давяраць.
— Мы не ва ўсім згодны, але яны нас не падманваюць. Я не думаю, што ў іх ёсць нейкія схаваныя задумы. Яны сумленна кажуць, што могуць і чаго не могуць зрабіць, яны павінны прымаць да ўвагі, што думае Масква. Але яны хочуць быць бліжэй да Еўропы, і мы можам ім у гэтым верыць.
Акрамя афіцыйных сустрэч, Вадэфуль узяў удзел у вячэрняй сесіі экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог». Разам з кіраўніком камісіі Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім і палітолагам Дзянісам Мельянцовым яны абмяркоўвалі беларуска-еўрапейскія адносіны. На мерапрыемстве дзейнічала правіла Chatham House — гэта значыць, што мы не можам цытаваць спікераў, называючы іх імёны. З TUT.BY Вадэфель пагутарыў ўжо пасля завяршэння дыскусіі.
1 сакавіка намеснік кіраўніка нямецка-беларускай парламенцкай групы бундэстага сустрэнецца з прадстаўнікамі Савета Рэспублікі.
У кастрычніку Беларусь наведвалі кіраўнік гэтай парламенцкай групы Олівер Качмарак і яго калега па бундэстагу Уцэ-Фінке Крэмер. У інтэрв'ю TUT.BY яны сказалі, што табу на парламенцкія кантакты з беларускай Палатай прадстаўнікоў знята. Пазней МЗС ФРГ заявіў, што гэта было асабістае меркаванне дэпутатаў.
Каментары