Міліцыянты праводзяць ператрус у кватэры бабруйскага блогера Алега Жаўнова.
Інфармацыю пра ператрус пацвердзіла жонка Жаўнова Яўгенія:
«Муж з імі там у зале. Іх тут 7 чалавек».
«4 лютага ён заходзіў у будынак міліцыі і нешта выказаўся ў тым сэнсе, што ўсё можа выбухнуць. Яны хочуць знайсьці відэазапіс размовы з супрацоўнікамі міліцыі», — паведаміла Яўгенія.
Яна кажа, што паспела прачытаць у ордэры на ператрус толькі тое, што аперацыя праходзіць у межах крымінальнай справы. Яўгенія не ведае, паводле якога артыкулу заведзеная гэтая справа.
Панятая павеміла, што на дадзены момант міліцыянты не кажуць, ці затрымаюць яны Алега Жаўнова.
Жаўноў стаў вядомы пасля канфлікту з супрацоўнікамі бабруйскай ДАІ, які адбыўся 4 верасня 2013 года ў будынку Дзяржаўтаінспекцыі. Жаўноў з сынам палічылі, што аўтамабіль ДАІ стаіць на ходніку, чым парушае Правілы дарожнага руху. Пра гэта яны заявілі ў аддзел міліцыі, пры гэтым фіксавалі ўсё на відэа.
У выніку канфлікту Жаўнова і ягонага сына з выкарыстаннем сілы затрымалі. Пасля на абодвух выпісалі штраф за перашкоду дарожнаму руху, а самога блогера абвінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі.
Крымінальную справу супраць Жаўнова распачалі 7 лютага 2014-га. Яго вінавацяць паводле артыкула Крымінальнага кодэксу «публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
Каментары