Архіў

Канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў

№ 11 (273), 22 сакавіка 2002 г.


канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў

Апарат узарваўся

Рада Саюзу пісьменьнікаў, што сабралася 19 сакавіка ў Доме літаратара, была незвычайнай. Склікалі яе апанэнты старшыні СБП Вольгі Іпатавай — ейныя ж намесьнікі.

 

Яны закідалі аўтарцы шматлікіх раманаў з жыцьця Беларусі княскае пары аўтарытарны стыль кіраўніцтва (“звольніла ўвесь апарат Саюзу”), недастатковую гнуткасьць у адносінах з уладамі (“адмовілася ад сустрэчы з прэзыдэнтам”), супрацоўніцтва з апазыцыйнымі структурамі. І хоць найбольшы шум узьняўся вакол скасаваньня апарату пісьменьніцкай арганізацыі, пра сутнасьць справы прагаварыўся адзін з намесьнікаў Іпатавай — Праўдзін: “Гэта палітычны крок”. І прапанаваў: давайце зьбярэм пазачарговы зьезд і вырашым на ім, якой далей будзе структура Саюзу і хто ім мусіць кіраваць.

І тут хтосьці адразу ж прапанаваў выдаліць з залі ўсіх “чужых” — не сяброў Рады. Прысутны “эмігрант” Уладзімер Някляеў рэзка ўскочыў: “Калі гэта пра мяне, дык я пайшоў”. Яго кінуліся суцяшаць: “Што ты, што ты, Валодзя, гэта пра журналістаў: няма чаго ім слухаць нашы ўнутраныя разборкі”. Някляеў працягваў гучна абурацца: “Ды што ж вы робіце? Ды навошта? Журналісты ўсё адно даведаюцца, хай сабе і пазьней…” Урэшце галасаваньнем вырашылі не выдаляць журналістаў і далі слова Іпатавай.

Зь ейных словаў, скасаваньне апарату — справа нявырашаная. Пакуль існуе толькі праект адпаведнага дакумэнту, бяз нумару, бяз подпісу, бяз даты. Ня маючы фінансаваньня на апарат (бухгальтары, кіраўнікі абласных філіяў, бібліятэкарка), Іпатава наважылася яго рэарганізаваць: скасаваць усе пасады, каб потым, маўляў, аформіць усіх супрацоўнікаў як выканаўцаў нейкага “праекту”, пад які яна “знайшла грошы”. Сваіх намесьнікаў, Праўдзіна і Мачульскага, Іпатава зьвінаваціла ў тым, што яны хаваюць ад яе рух грошай у Беллітфондзе, які, уласна, і “сілкуе” Саюз пісьменьнікаў. А што да “апазыцыйных выступаў”, дык на гэта Іпатава заявіла, што Радзе СПБ, наадварот, не стае рашучасьці ўзьняцца на абарону сваіх правоў: “Я за раўнапраўны дыялёг з уладаю, я за тое, каб нас паважалі!”

Найбольш рэзка патрабаваў адстаўкі Іпатавай Мікола Мятліцкі.

Большасьць сяброў Рады, здаецца, засталася пры сваіх перакананьнях: амбітная старшынька і ейныя ня менш амбітныя намесьнікі не знайшлі паразуменьня ў нейкіх дробязных справах. Былы старшыня саюзу паэт Васіль Зуёнак, спрабуючы замірыць пасвараных, выказаў агульны настрой: “Усе просяць вас узьняцца над сытуацыяй”.

Тое самае паўтаралі іншыя выступоўцы: маўляў, ёсьць больш сур’ёзныя праблемы. Рэдактар “Полымя” Сяргей Законьнікаў зазначыў, што перад пісьменьнікамі стаіць пэрспэктыва застацца безь літаратурных выданьняў і фактычна без выдавецтваў: стварэньне выдавецкага холдынгу зь дзяржаўных выданьняў, паводле ацэнак Законьнікава, простая дарога да іхнай сьмерці. Таму на зьезьдзе трэ было б гаварыць не пра дробныя сваркі кіраўніцтва, а пра далейшы лёс беларускай літаратуры. Падтрымаў яго кіраўнік віцебскай філіі Франц Сіўко: “Трэба браць прыклад з выдавецкай працы Глёбуса, як бы хто да яго ні ставіўся. І, вядома, неабходна рэфармаваць Саюз пісьменьнікаў”.

Някляеў сыпаў афарызмамі, кшталту: “Саюз пісьменьнікаў у сваім цяперашнім выглядзе скончыўся”. Выказаўшы сваю падтрымку Вользе Іпатавай, ён прапанаваў узяць арганізацыю выдавецкага холдынгу пад кантроль Саюзу пісьменьнікаў.

Творчыя саюзы, якія заўжды былі прыладамі кантролю дзяржавы над творцам, а з-за гэтага – сапраўднымі рассаднікамі распусты і карупцыі ў творчым асяродзьдзі, бясслаўна дажываюць свае дні. (Ахвотныя ж пачытаць пра спод жыцьця літаратурных бонзаў савецкага часу могуць зьвярнуцца да цынічных мэмуараў Івана Шамякіна, якія друкуе сёлета газэта “Літаратура і мастацтва”.)

Пазбаўленыя былога фінансаваньня, у сытуацыі, калі самыя аўтарытэтныя творцы фактычна ўхіліліся ад працы ў іх, саюзы імкліва ператвараюцца ў своеасаблівыя бізнэс-структуры, якія распараджаюцца рэшткамі былое маёмасьці. І, як увесь бізнэс у Беларусі, яны робяцца ўразьлівымі для шантажу і маніпуляцый з боку ўладаў. Падаецца, што канфлікт у Саюзе пісьменьнікаў – гэта своеасаблівы рэванш “ідэалягічнай вэртыкалі” за леташні пройгрыш на зьезьдзе Саюзу мастакоў.

А пісьменьніцкая Рада не паслухалася меркаваньня віцэ-прэзыдэнта ПЭН-цэнтру Адама Мальдзіса і кіраўніка “Беларускага кнігазбору” Кастуся Цьвіркі (“Зьезд – гэта раскол”, перасьцерагаў ён) і вырашыла зьезд у траўні ўсё ж склікаць. Аднак у парадак дня пытаньне пра перавыбары старшыні ня ўнесенае. Тэмаю пазачарговага форуму мае стаць “Стан беларускае літаратуры на сучасным этапе”. Уладзімер Арлоў, які з прычыны хваробы ня змог прысутнічаць у залі, мяркуе, што ў любым разе ў цяперашняй сытуацыі мяняць старшыню саюзу не выпадае.

Адам Воршыч

 


Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Расія атакавала пасажырскі аўтобус у цэнтры Нікапаля Днепрапятроўскай вобласці FPV-беспілотнікам

КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем «Беларускую нацыянальную кааліцыю», а загінулага Мікіту Крыўцова назваў адным з яе арганізатараў4

Прэзентаваны трэйлер мультфільма «Ферма жывёлаў» па Оруэлу3

25‑гадовую дызайнерку з Пінска, якая распісвала сцены для сацыяльнага цэнтра, асудзілі за палітыку3

МЗС Расіі прыгразіла адказам краінам Балтыі праз тое, што яны нібыта адкрылі паветраную прастору для ўкраінскіх дронаў17

«Найвялікшая бясплатная рэклама ў гісторыі». Слоічак Nutella нечакана ўварваўся ў прамую трансляцыю палёту вакол Месяца6

У Іране заклікалі студэнтаў і школьнікаў выходзіць у жывыя ланцугі вакол электрастанцый5

Блытаніна ў спісах вызваленых палітвязняў: выйшаў іншы Махнач, замест Наважылава адпусцілі Наважанцава8

Беларуская ўсяночная на Вялікдзень у Вільні пройдзе ў царкве, уфундаванай Канстанцінам Астрожскім5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць