Архіў

Барыс Тумар. Прайграе Беларусь

№ 37 (246), 10 верасьня 2001 г.


Апазыцыя прайграе інфармацыйную вайну

Прайграе Беларусь

Учорашні дзень пачынаўся горача. У Менск былі таемна перакінутыя часткі ўнутраных і мабільных сілаў з Горадні, Віцебску, Мар’інай Горкі. З-за хмараў вызірала сонейка. Над Драздамі круціліся тры гелікоптэры. Ля Белпалка быў арыштаваны Алесь Казак, лідэр Асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў, які пільнаваў перамяшчэньні войскаў. З Горадні, Берасьця, Прапойску, Воршы, Віцебску, Магілёва даходзілі навіны пра недапушчэньне назіральнікаў на ўчасткі. У Берасьці расейскія журналісты заўважылі адчыненую скрыню для датэрміновага галасаваньня. “Незалежнае назіраньне” агучвае зьвесткі: у Смургонях у суботу зьнікла скрыня для галасаваньня, а ў Рэчыцы знайшлі падпісаныя пратаколы з заведамай перамогай Лукашэнкі.

Спэцслужбы часткова паралізавала дзейнасьць “Незалежнага Назіраньня” і апазыцыйных СМІ, вырубіўшы Інтэрнэт-сайты апазыцыі (во табе і анархічны Інтэрнэт, які працуе ў Беларусі цераз адзін кантраляваны дзяржаваю канал), заблякаваўшы электронную пошту, аблажыўшы штабы Ганчарыка і назіральнікаў, адлучыўшы ім тэлефоны і парушыўшы працу мабільнай сувязі. Спэцслужбы нават паадлучалі тэлефоны ў тых нумарах гатэляў, дзе разьмясьціліся заходнія назіральнікі, і паралізавалі працу спадарожнікавай станцыі TBS, прывезенай заходнімі тэлеканаламі (во табе і Лукашэнкавы службы, якія ў апазыцыі шмат хто пагардліва менаваў “калхознымі”).

У выніку Лукашэнка цалкам выйграў інфармацыйную вайну. І нават Радыё Свабода а 23-й ня мела іншых лічбаў, апроч папярэдніх Цэнтравыбаркамаўскіх, і, больш за тое, аналізавала іх. А пасьля паўночы і “Свабода” змоўкла, бо 6 гадзінаў вяшчаньня, адведзеныя ім на вечар, скончыліся.

Для простага беларуса адзінай крыніцай інфармацыі было тэлебачаньне, якое ад 22-й вечара пачало сьвяткаваць перамогу Лукашэнкі. Гарант канстытуцыі і сувэрэнітэту прымаў віншаваньні й адказваў на ветлыя пытаньні журналістаў, разважаючы пра 11% галасоў апазыцыі.

Хоць, бадай, ня трэ было мець вышэйшай адукацыі, каб задумацца, што не маглі ў 22.30 падлічыць у Менску толькі 15% галасоў, у Менскай вобласьці – 40%, а ў Віцебску – цэлых 60%. Бо ў Беларусі адзін часавы пояс. Але ж Расея настолькі ў нас у галовах...

На дварэ церусіў дождж, і 3 тысячы чалавек, што сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, паціху разыходзіліся, змучаныя без канца паўтаранаю песьняй Трацьцякова “Дзе Ганчар? Дзе Красоўскі?” па-расейску і па-беларуску ўперамежку з “Modern Talking” i “NRM” зь нейкіх выпадковых касэтаў. Каля паўночы на плошчы засталася тысяча самых зацятых. А Ў.Ганчарык, нібы С.Шарэцкі ў 96-м, заклікаў сабраных праяўляць спакой.

Беларуская намэнклятура ня здужала перайграць Лукашэнку. Адна “Хартыя’97” вяла змаганьне лукашэнкаўскімі ж прыёмамі.

Кампанія адзінага кандыдата разгортвалася млява. Грамадзтва лічыла яго застарым для высокай пасады. Разьлікі на дапамогу ці хоць бы нэўтралітэт Масквы разьляцеліся ўшчэнт. Досыць высокі працэнт галасоў быў пададзены супраць усіх кандыдатаў. Такія першыя высновы з вынікаў галасаваньня.

Між тым перамога ППРБ зусім не пераканаўчая. Афіцыйныя зьвесткі кажуць пра больш за 70% галасоў, у штабе Ганчарыка называюць лічбу 46%.

Нават калі ня верыць да канца ні тым, ні тым, вынікае, што Лукашэнка і далёка ня мае агульнанароднае падтрымкі.

Намесьнік старшыні КХП-БНФ У.Старчанка назваў афіцыйныя вынікі “абсурднымі”. Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў выказалі сумнеў у магчымасьці прызнаньня такіх выбараў легітымнымі. В.Вячорка мяркуе, што ня ўсюды назіральнікам удалося дапільнаваць на этапе папярэдняга назіраньня і 9-га. Унутраныя і заходнія назіральнікі сыходзяцца на тым, што маніпуляцыі вынікамі выбараў былі істотнымі. У адных Баранавічах, паведамляе кіраўнік “Незалежнага Назіраньня” па горадзе сп.Гоўша, было зафіксавана больш за 50 парушэньняў заканадаўства. У Менску на суседніх участках лічбы скачуць на дзясяткі працэнтаў. А.Трусаў прыводзіць сьведчаньні назіральнікаў з розных участкаў Менску, дзе стос бюлетэняў за Ганчарыка быў вышэйшы за Лукашэнкаў. А Ганчарыкаў вынік, абвешчаны старшынём камісіі, меншы. “Сябры камісіяў пасьля былі шакаваныя ня менш за назіральнікаў, якіх трымалі воддаль ад месца падліку. Апроч таго, ніхто ня ведае нават дакладнай колькасьці выбарцаў. Пра які падлік можна весьці гаворку? Падмяняліся скрыні, пячаткі, людзі ў скуранках прылюдна ўкідвалі пачкі бюлетэняў. Іх хапалі за рукаво назіральнікі, а міліцыя адпускала, — кажа сп.Трусаў. — У зводных пратаколах не вывешваецца колькасьць галасоў, пададзеных “супраць усіх”, што таксама паказальна”.

Лукашэнка выйграў ня выбары, а інфармацыйную вайну. Цаною таго, што легітымнасьць беларускае ўлады ізноў будзе няпоўная. Дзяржава Беларусь на гэтых выбарах прайграла.

Барыс Тумар

 

Каментары

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Выставілі на таргі McLaren, які везлі расіяніну, але канфіскавалі праз чатыры гады судоў. Стартавы кошт уражвае6

Таксі папрасілі ў МАРГ дазволу падняць тарыфы1

Польскія ўлады апраўдалі беларуса, які падаваўся на карту побыту з пашпартам Новай Беларусі26

Зяленскі заявіў, што не збіраецца выводзіць войскі з Данбаса4

Мужчына з Віцебшчыны праз 21 год дазнаўся, што дачка не яго19

На будоўлі ў «Мінск-Свеце» буйны пажар1

У Вільні шукаюць дзяцей у беларускамоўную групу садка4

Энергетычны крызіс, выкліканы атакай на Іран, толькі пачынаецца. Ён можа стаць самым цяжкім у гісторыі6

Калеснікава: Апошнім канцлерам Германіі, які размаўляў з Лукашэнкам, была Меркель. Магчыма, патрэбна новая спроба30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек5

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць