Журналіста Мікалая Бянько, які супрацоўнічае з недзяржаўнымі СМІ, у прыватнасці з «Радыё Рацыя», выклікаюць на допыт у Фрунзенскае РУУС Мінска.
«Сёння (18 студзеня) каля 18.00 мне пазваніў на мабільны невядомы грамадзянін, які назваўся капітанам міліцыі Яўгенам Ханенем, і запрасіў у РУУС. На допыт або на размову, па якой прычыне — ён не растлумачыў. Я запатрабаваў позву, дзе будзе ўказана, па якой справе і ў якасці каго мяне выклікаюць у міліцыю», — паведаміў БелаПАН Бянько.
Ён лічыць выклік у міліцыю «працягам маштабнай акцыі па запалохванні незалежных журналістаў і людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй». «Улады і сілавыя структуры ствараюць перашкоды для выканання намі прафесійных абавязкаў, яны не хочуць, каб мы асвятлялі акцыі і мерапрыемствы, якія ім не падабаюцца. І наогул хочуць, каб мы сядзелі як мышы пад венікам. Калі закончацца допыты і вобыскі — вядома, напэўна, толькі таму, хто іх пачаў», — заявіў Бянько.
18 студзеня калега Бянько, карэспандэнт «Радыё Рацыя» Барыс Гарэцкі быў асуджаны на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня 2010 года ў Мінску. Гарэцкі прызнаны вінаватым на падставе п. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). Журналіст падчас суда настойваў, што 19 снежня ён знаходзіўся на плошчы Незалежнасці, выконваючы рэдакцыйнае заданне, атрыманае ад кіраўніцтва «Радыё Рацыя».
Каментары