Былая прэс-сакратарка Зяленскага пайшла да Такера і пераказала тэзісы расійскай прапаганды
Юлія Мендэль заявіла, што ў 2022 годзе ўкраінскі лідар нібыта быў гатовы аддаць Данбас Расіі. У Офісе прэзідэнта Украіны Мендэль ахарактарызавалі як асобу, што «даўно не ў сабе».

Юлія Мендэль, былая прэс-сакратарка Уладзіміра Зяленскага (з чэрвеня 2019 да ліпеня 2021 года), пайшла ў эфір Такера Карлсана — амерыканскага вядучага, вядомага сваёй прарасійскай рыторыкай і інтэрв’ю з Пуціным і Дугіным.
Адной з самых рэзанансных стала заява Мендэль, што ў 2022 годзе ўкраінскі лідар нібыта быў гатовы аддаць Данбас Расіі дзеля міру. Мендэль сцвярджала, што падчас перамоў у Стамбуле вясной 2022 года ўкраінская дэлегацыя нібыта пагадзілася на ўсе патрабаванні Крамля. Яна спаслалася на канфідэнцыйныя размовы з неназванымі ўдзельнікамі сустрэчы, якія нібыта пацвердзілі асабістую згоду Зяленскага на тэрытарыяльныя саступкі.
У Офісе прэзідэнта Украіны адрэагавалі на выпад былой супрацоўніцы вельмі рэзка. Гэтую інфармацыю там назвалі абсурднай, а саму Мендэль характарызавалі як асобу, якая «даўно не ў сабе». У ОП падкрэслілі, што Мендэль на момант перамоў ужо не працавала ў дзяржаўных структурах і не мела ніякага дачынення да перамоўнага працэсу ці прыняцця рашэнняў.
Прадстаўнікі прэзідэнта Украіны адзначылі, што каментаваць словы чалавека, які знаходзіцца ў такім псіхаэмацыйным стане, «несур’ёзна».
Таксама Юлія Мендэль агучвала шматлікія тэзісы, якія паўтараюць наратывы расійскай прапаганды. Паводле яе слоў, Зяленскі «эмацыйна некантраляваны», «не мае эмпатыі, а толькі грае яе», ён «неверагодны акцёр, гульня якога пазбаўленая зместу».
Падчас працы Мендэль у Офісе прэзідэнта яна нібыта неаднаразова чула ад Зяленскага, што «Украіна не гатовая да дэмакратыі», а «дыктатура — гэта парадак».
Былая прэс-сакратарка прэзідэнта кажа, што Зяленскі «свядома зацягвае вайну», каб утрымацца пры ўладзе, бо для яго яе завяршэнне будзе азначаць «палітычнае самагубства».
Мендэль паставіла знак роўнасці паміж прэзідэнтамі Расіі і Украіны.
«Мы бачым Пуціна як зло, але Зяленскі — таксама зло. Проста схаванае. На камеру ён грае плюшавага мядзведзіка, але калі святло гасне, ён ператвараецца ў грызлі, які нішчыць людзей».
Гэта далёка не першы выпадак скандалаў з Мендэль. Раней яна ўжо прыцягвала ўвагу СМІ гісторыямі пра ўнутраную кухню ўкраінскай улады. Яна сцвярджала, што кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак нібыта практыкуе магію, наведвае могілкі і выкарыстоўвае «мёртвую ваду». Яна называла Ермака «вельмі небяспечным чалавекам» і заяўляла пра пагрозу сваёй бяспецы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Я не кажу правільна гэта было ці не, але самі удзельнікі гэтых перамоваў (той жа Арахамія) гэта пацвяржалі