Пасля скандалаў вакол няўдалых пастановак галоўнага балетмайстра Тэатра оперы і балета абвінавацілі ў плагіяце
Вакол Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі разгараецца чарговы скандал. Расійскі харэограф Алег Габышаў публічна абвінаваціў галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба ў прысваенні ідэі балета пра Марка Шагала. Пра гэта ён распавёў у інстаграме.

Паводле Габышава, паўтара года таму ён прапанаваў кіраўніцтву беларускага тэатра канцэпцыю балета пра Шагала. Ён асабіста прыязджаў у Мінск, сустракаўся з дырэктаркай Кацярынай Дулавай і Ігарам Колбам, а пасля прадставіў дэталёвае лібрэта і візуальныя эскізы.
«Паўтара года таму мне паведамілі: «Беларускі тэатр зацікаўлены ў ідэях. Вось нумар генеральнага дырэктара — абавязкова напішы!» Як харэограф, я, вядома, узрушыўся. Гэта шанец! Тым больш ведаю хлопцаў — таленавітых артыстаў, з якімі хацелася пасупрацоўнічаць. Пачаў абдумваць: што прапанаваць?
І вось, блукаючы па ідэях, асяніла: а што калі распавесці пра Марка Шагала? Геніяльнага мастака з Віцебска, чые карціны дыхаюць беларускай душой — палётамі закаханых, зялёнымі каровамі, скрыпачамі на дахах. Тэма сапраўднага кахання, творчага канфлікту і мастацтва — ідэальна для балета!
Уявіце: «Шагал: Палёт над горадам». У двух актах — ад нараджэння ў палаючым ад пажару Віцебску, ад пошуку сябе ў мастацтве, ад кахання з першага погляду з Бэлай (яго музай на ўсё жыццё), дзе таксама не ўсё так проста: ён бедны, яна з багатай сям'і, але сэрца перамагае. Да бітвы стыляў з Малевічам у рэвалюцыйным Віцебску. Каляровыя палотны ажываюць у танцы, супрэматычныя квадраты змагаюцца з паэтычнымі лініямі Шагала, а фінал — грандыёзны ўзлёт над радзімай пад беларускія матывы. А яго цудоўны плафон у Оперы Гарнье — гэта ж сапраўдны балет у балеце, які ажыў на столі! Кожны сектар — свой віхур колеру, свая мелодыя, свая гармонія і свая захапляльная гісторыя. Бессюжэтнае гранд-па («Гранд-па: Плафон»), якое лунае ў палёце.
Гэта цудоўная тэма для сучаснага балета: з разнастайнай пластыкай, сумешчанай з беларускім фальклорам і яўрэйскай мелодыяй. А галоўнае — тэма канфлікту: гэта не палітыка, не рэвалюцыя, а дуэль стыляў — каляровыя абдымкі Шагала супраць ледзяных квадратаў Малевіча. Гэта можна выдатна паказаць у розных харэаграфічных стылях!» — з захапленнем піша Габышаў.
Ён напісаў у тэатр, прыйшоў адказ: «Так, мы вельмі зацікаўлены ў новых ідэях. Прыязджайце, гэта не тэлефонная размова. Распавядзіце асабіста!»
Ён паехаў у Мінск, сустрэўся з дырэктарам і галоўным харэографам тэатра.
«Выслухоўваюць ідэю балета, але сумневы: «А ўрад Беларусі добра ставіцца да Шагала?» Даказваю, быццам, так, што нават беларускі мультфільм 2016‑га створаны «пры падтрымцы міністэрства»!
Просяць эскізы, касцюмы, дэкарацыі, поўны каштарыс. Кажу: «Я ж не мастак па сцэне, я харэограф, якраз за гэтым і прыехаў — ствараць каманду, калі ідэя спадабалася». Выязджаю ні з чым, але пасля яны пішуць: «Дэталёва распішыце лібрэта».
Каля месяца распрацоўваю, ствараю прэзентацыю, шлю ім план: дзеі спектакля, візуалы. Нават знайшоў дзіўны эскіз самога Шагала — вёску, перавернутую на небе, яго любімы Віцебск і родны пакой!»
Адказ: сцэнарый спадабаўся, патрабуе абмеркавання. На 2025 планы закрыты, на 2026 год — «у думках».
Але днямі сябры Габышава напісалі яму, што ў тэатры афіцыйна абвясцілі аб будучай пастаноўцы ў 26‑м пра Шагала.
«Я: «Гэта ж цудоўна!!!» «Але ставіць яе будзе галоўны харэограф тэатра — Ігар Колб, ужо распрацоўваюць эскізы дэкарацый і абмяркоўваюць музыку з дырыжорам».
Вось такі сюрпрыз! Прыляцелі…» — піша Габышаў.
Ён дадае, што гэта дзіўнае супадзення, што менавіта пасля яго візіту ў тэатр у кіраўніцтва і галоўнага балетмайстра Колба з'яўляецца ідэя спектакля пра Шагала.
«Разумею, у творчым асяроддзі такіх няўдзячных гісторый, на жаль, нямала. Але я ўпершыню сутыкнуўся з такой непавагай, несправядлівасцю і творчым падманам — усё спакойна, ціха вырашылі за спінай, нават не паспрабаваўшы неяк апавясціць», — дадае ён.
Ігар Колб нарадзіўся ў Пінску і скончыў Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, яшчэ на 3 курсе пачаў выступаць на сцэне Тэатра оперы і балета ў Мінску. Але зоркай стаў у Расіі — з 1996 года ён працаваў у Санкт-Пецярбургу ў Марыінскім тэатры.
У 2022 годзе Ігар Колб — заслужаны артыст Расіі — вярнуўся ў Мінск. Тут яго зрабілі галоўным балетмайстрам. Мужчына расказваў, што прыняць прапанову было не вельмі проста — бо сям’я не хацела нікуды пераязджаць з Санкт-Пецярбургу.
Сёлета ў красавіку гледачы ўжо абураліся яго бачаннем балетаў «Балеро. Кармэн». Публіка тады палічыла, што новы балетмайстар «апаганіў святое» і патрабавалі вярнуць пастаноўку Валянціна Елізар’ева.
А ў канцы года «Шчаўкунок» Колба сабраў так шмат негатыўных водгукаў, што людзі нават пыталіся ў сацсетках, ці варта загадзя здаць квіткі за 250 рублёў.
Каментары
Хаця не ў духу часу гэта. Тут трэба Вікцюка: мужчынскі балет "Аляксандар і яго сыны" ці "Шпіцава возера".