Прэзідэнт Мадагаскара заявіў, што з'ехаў на фоне пратэстаў у бяспечнае месца, каб захаваць сваё жыццё
У краіне ўспыхнулі пратэсты зумераў.

Андры Радзуэліна паведаміў, што знаходзіцца ў бяспечным месцы. Раней паведамлася, што ён пакінуў краіну на фоне пратэстаў. На вечар панядзелка быў запланаваны зварот прэзідэнта да нацыі, але ён некалькі разоў адкладаўся, піша Бі-бі-сі.
«Сёння мне давялося схавацца, каб захаваць сваё жыццё. Але нават у такіх умовах я не спыняю шукаць выйсце», — заявіў ён у ходзе прамой трансляцыі ў фэйсбуку, не раскрываючы сваё месцазнаходжанне.
Ён таксама заклікаў да захавання Канстытуцыі для вырашэння палітычнага крызісу ў краіне, які паглыбляецца.
«Існуе толькі адзін спосаб вырашыць гэтыя праблемы — гэта выконваць канстытуцыю, якая дзейнічае ў краіне», — сказаў ён у прамым эфіры.
У панядзелак французская радыёстанцыя RFI паведаміла, што Радзуэліна быў вывезены з краіны на французскім вайсковым самалёце ў нядзелю. Лідар апазіцыі Сітэны Рандрыянасалоніяка, спасылаючыся на супрацоўнікаў прэзідэнцкай адміністрацыі, пацвердзіў агенцтву Reuters, што кіраўнік дзяржавы пакінуў краіну.
«Прэзідэнт пакінуў краіну, мы патэлефанавалі супрацоўнікам прэзідэнцкай адміністрацыі, і яны пацвердзілі, што ён пакінуў краіну ў нядзелю, сказаў Рандрыянасалоніяка, дадаўшы, што месцазнаходжанне Радзуэліны невядома.
У нядзелю верталёт даставіў прэзідэнта Мадагаскара на востраў Сент-Мары, размешчаны на ўсходнім узбярэжжы Мадагаскара, адкуль ён сеў на борт французскага ваеннага самалёта. Паводле даных RFI, прэзідэнт, магчыма, накіраваўся ў Дубай праз Маўрыкій.
Па даных яе крыніц, эвакуацыю Радзуэліны санкцыянаваў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.
Французскія ўлады заяўлялі, што не будуць увязвацца ў сітуацыю на Мадагаскары, а сам Макрон перад вылетам з Егіпта вечарам у панядзелак у гутарцы з журналістамі выказаў занепакоенасць сітуацыяй на Мадагаскары, але адмовіўся пацвердзіць паведамленні аб тым, што Радзуэліна быў эвакуяваны пры падтрымцы французскіх улад.

Новы начальнік генеральнага штаба Мадагаскара генерал Дэмасфен Пікулас, прызначаны на сваю пасаду ў нядзелю пры падтрымцы міністра ўзброеных сіл, запэўніў грамадскасць, што сілы бяспекі працуюць разам для падтрымання парадку ў дзяржаве.
Генерал Пікулас, выступаючы разам з новым камандуючым паліцэйскімі сіламі генералам Наносам Мбіна Мамелісонам, адмовіўся адказваць на пытанні, хто зараз кіруе ўрадам і ці знаходзіцца прэзідэнт у краіне.
Мамелісон коратка адказаў, што захоп улады не ўваходзіць у планы арміі. «На гэты момант гэта не так. Мы працуем разам, армія і жандармерыя. Армія не мае намеру захопліваць уладу», — сказаў ён.
Пратэстоўцы збіраюцца на галоўнай плошчы Антананарыву, да іх далучыліся салдаты. Пратэстоўцы назвалі плошчу «Плошчай дэмакратыі» і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Радзуэліны.
Спроба перавароту
Напярэдадні адміністрацыя Радзуэліны заявіла, што ў краіне адбываецца спроба незаконнага і неканстытуцыйнага захопу ўлады. У заяве Радзуэліны гаворыцца, што «ў цяперашні час на тэрыторыі рэспублікі робіцца спроба захапіць уладу, што з'яўляецца поўным парушэннем Канстытуцыі і дэмакратычных прынцыпаў».
Ён рашуча асудзіў «спробу дэстабілізаваць краіну» і заклікаў усе ключавыя сілы краіны аб'яднацца для абароны канстытуцыйнага парадку і нацыянальнага суверэнітэту.
Праз некалькі гадзін армейскае падраздзяленне пад назвай CAPSAT (Армейскі корпус кадравых і адміністрацыйна-тэхнічных службаў) заявіла, што ўзяло на сябе кіраўніцтва ваенным камандаваннем і зараз кантралюе ўсе ўзброеныя сілы — сухапутныя, паветраныя і ваенна-марскія.
Моладзевы онлайн-рух Gen Z Mada арганізаваў пратэсты супраць штодзённых адключэнняў вады і электрычнасці. Першыя пратэсты на Мадагаскары пачаліся 25 верасня, затым дэманстрацыі выліліся ў больш шырокае незадавальненне ўрадам Радзуэліны з-за высокага ўзроўню беспрацоўя, карупцыі і росту кошту жыцця.
Сілы бяспекі захоўвалі значную прысутнасць у буйных гарадах Мадагаскара, а паліцыя выкарыстоўвала слезацечны газ і гумовыя кулі для разгону пратэстоўцаў.
Па дадзеных ААН, у сутыкненнях загінулі па меншай меры 22 чалавекі, але ўрад ацаніў колькасць загінулых у 12 чалавек.
На працягу ўсіх дэманстрацый прэзідэнт Андры Радзуэліна рабіў шматлікія спробы супакоіць пратэстоўцаў, напрыклад, звольніўшы свой урад і заклікаўшы да дыялогу з моладдзю.
У суботу некаторыя салдаты пакінулі свае казармы на ўскраіне сталіцы Антананарыву, каб далучыцца да пратэстоўцаў перад мэрыяй горада.
Хто такі Андры Радзуэліна
Андры Радзуэліна — прадпрымальнік і былы дыджэй, які кіруе Мадагаскарам з 2009 года.
Ён прыйшоў да ўлады ў тым жа годзе, зрынуўшы тагачаснага прэзідэнта Марка Равалоаманану ў выніку перавароту, падтрыманага арміяй. Ва ўзросце 34 гадоў Радзуэліна атрымаў тытул самага маладога лідара Афрыкі.
Акрамя таго, што ён быў дыджэем, перш чым заняцца палітыкай, Радзуэліна таксама кіраваў шэрагам прадпрыемстваў.
У 2007 годзе ён быў абраны мэрам сталіцы Мадагаскара Антананарыву.
Радзуэліна хутка заваяваў папулярнасць, збольшага дзякуючы сваёй энергіі і стылю вядзення перадвыбарнай кампаніі, ён пераабраўся на пасаду ў 2018 годзе і зноў быў абраны ў 2023 годзе ў ходзе спрэчных выбараў, якія апазіцыя байкатавала.
Мадагаскар — адна з самых бедных краін свету: па даных Сусветнага банка, 75% насельніцтва жыве за рысай беднасці. Па даных Міжнароднага валютнага фонду, толькі каля траціны з 30 мільёнаў жыхароў Мадагаскара маюць доступ да электрычнасці.
Каментары