«Апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі». Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ выбралі новую цэль
Учора Фрыдрых Мерц упершыню падчас публічнага выступлення адкрыта ахарактарызаваў Уладзіміра Пуціна як «ваеннага злачынцу». Адказу давялося чакаць нядоўга.

«Магчыма, [ён] адзін з самых сур'ёзных ваенных злачынцаў нашага часу, якога мы сёння бачым у буйным маштабе. І мы павінны ясна разумець, як абыходзіцца з ваеннымі злачынцамі. Тут паблажлівасць недарэчная», — сказаў 3 верасня канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю тэлеканалу Sat.1.
Відаць, гэтыя словы моцна зачапілі Маскву, таму што сёння, як па камандзе, расійскія і лукашэнкаўскія СМІ распаўсюдзілі фэйк пра Мерца.
У якасці «аўтарытэтнай крыніцы» прапагандысты выкарысталі «прэс-бюро Службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі». Быў распаўсюджаны наступны тэкст, у якім між іншым заяўлялася:
«Паводле інфармацыі СЗР, многія еўрапейскія эксперты здзіўленыя жорсткай антырасійскай рыторыкай канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца. (…) Аднак здзіўляцца могуць толькі тыя, хто дрэнна ведае біяграфію Мерца. Яго блізкім добра вядома, што канцлер выхаваны на запаветах дзеда і бацькі. Ёзэф Паўль Савіньі і Іахім Мерц верай і праўдай служылі фашысцкаму рэжыму, а Фрыдрых апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі. (…) Прага помсты расла ў ім з дзяцінства…»
Таксама «прэс-бюро расійскай Службы замежнай разведкі» заявіла, што новы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц нібыта паабяцаў Уладзіміру Зяленскаму перадаць крылатыя ракеты Taurus для ўдараў па тэрыторыі РФ.
Паводле сцвярджэнняў, у Берліне «здымаюць заводскую маркіроўку з ракет і замяняюць дэталі», а кіраваць імі павінны нібыта «камандзіраваныя нямецкія вайскоўцы».
Што кажуць факты?
Дзед Мерца па маці, Ёзэф Паўль Савіньі, на працягу 20 гадоў да 1937 года займаў пасаду бургамістра ў горадзе Брылон. У 1932 годзе Савіньі ўступіў у СА, а ў 1938 годзе стаў членам НСДАП. Гэта гістарычныя факты, якіх сям'я Мерца не хавае.
Дзед памёр, калі Фрыдрыху было 10 гадоў. Фактам з'яўляецца і тое, што ён у 2004 годзе назваў свайго дзеда «ўзорам для пераймання, вартым захаплення» і спасылаўся на публікацыю ў нацысцкай газеце Der Stürmer, дзе Ёзэфа Савіньі назвалі Judengenosse (што можна перакласці як «сябар габрэяў» або «таварыш габрэяў»).
Аднак гэтая спроба апраўдаць дзеда з дапамогай вельмі сумнеўнай крыніцы (газета Der Stürmer была самым адыёзным антысеміцкім выданнем Трэцяга Рэйха) выклікала вялікі грамадскі скандал. Журналісты і гісторыкі хутка знайшлі ў архівах тэксты прамоваў Савіньі ў падтрымку Гітлера і дакументы пра яго службу ў СА, якія малявалі зусім іншую карціну.
Пад ціскам грамадскасці і СМІ Фрыдрых Мерц быў вымушаны публічна адступіць ад сваіх словаў і заявіць, што яго дзед «ні ў якім разе не з'яўляецца для яго найвялікшым палітычным узорам».
Што тычыцца бацькі Іахіма Мерца, то ён нарадзіўся ў 1924 годзе і быў прызваны ў вермахт у канцы вайны, як і мільёны іншых маладых немцаў. Хлопца адправілі на Каўказскі фронт, дзе ён трапіў у палон.
Пасля вайны Іахім вывучаў права, стаў суддзёй і быў прызначаны на працу ў амерыканскай зоне акупацыі, дзе старшынстваваў на некалькіх судовых працэсах супраць нацысцкіх злачынцаў.
Што тычыцца сцвярджэння аб тым, што «Фрыдрых апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі» і «прага помсты расла ў ім з дзяцінства» то гэтыя словы не маюць ніякіх доказаў. Няма ніводнага публічнага выступу, артыкула або дакумента, дзе Мерц выказваў бы ідэі рэваншызму.

Адносна паставак ракет Taurus, то рашэнне пра перадачу іх Украіне сапраўды абмяркоўваецца. Падчас перадвыбарнай кампаніі ў Германіі Фрыдрых Мерц абяцаў іх пастаўку, аднак цяпер канцлер вагаецца ў гэтым пытанні — у тым ліку з-за ціску з боку сацыял-дэмакратаў (СДПГ), якія ўтвараюць урадавую кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі з ХДС і ХСС і выступаюць супраць паставак зброі далёкага радыуса дзеяння.
Інсінуацыі адносна «тайных паставак» і «камандзіраваных нямецкіх вайскоўцаў» можна патлумачыць тым, што ў ліпені гэтага года Мерц адзначыў, што Германія не будзе больш публічна абвяшчаць, якую менавіта зброю яна перадае Украіне, а таксама расказаў, што сістэма Taurus надзвычай складаная, а яе абслугоўванне патрабуе працяглага навучання ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра навучанне на той момант яшчэ не было дамоўлена.
Пазней у ліпені міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус заявіў, што Германія не будзе пастаўляць Украіне крылатыя ракеты Taurus, нягледзячы на ўзмоцненыя паветраныя атакі РФ і паўторны запыт з Кіева.
Цалкам выдуманай з'яўляецца і гісторыя пра «зняцце маркіроўкі» і замену дэталяў. У адкрытых крыніцах няма ніводнага сведчання, што такое адбываецца, а «прэс-бюро Службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі» ніякіх доказаў не прыводзіць.
Мерц упершыню адкрыта назваў Пуціна ваенным злачынцам. Пуцін адказаў
Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення вайны ці заключэння мірнай дамовы з Украінай
Будучым канцлерам Германіі можа стаць мультымільянер. Што гэта будзе значыць для Еўропы?
Міністр абароны Германіі выключыў пастаўкі Украіне крылатых ракет Taurus
Каментары