Грамадства11

«Не магу проста сядзець і нічога не рабіць». Гутарка з самым маладым ваяром палка Каліноўскага

Андрэю Турцэвічу 18 гадоў. Кажа, што да палка Каліноўскага ён далучыўся адразу на свой дзень нараджэння — восем месяцаў таму. Але зараз ён прыехаў у Польшчу, каб працягнуць навучанне ва ўніверсітэце. «Радыё Рацыя» паразмаўляла з маладзёнам пра яго рашэнне далучыцца да войска, беларускі пашпарт і адносіны з дзяўчынай, якія змянілі стаўленне да вайны.

Андрэй Турцэвіч

«Радыё Рацыя»: Самы малады ваяр — гэта значыць?

Андрэй Турцэвіч: Гэта значыць, што мне 18 гадоў, нават цяпер. Я падаў заяўку на ўступленне ў полк Каліноўскага проста ў свой дзень народзінаў, як толькі прачнуўся, на сваё 18-годдзе.

РР: І гэтая гісторыя, думаю, будзе цікавая не толькі для мяне, але і для многіх слухачоў: чаму, маючы 18 гадоў, вы вырашылі пайсці ў полк Каліноўскага? Я адзначу, Андрэй — грамадзянін Беларусі, але амаль усё сваё свядомае жыццё пражыў ва Украіне…

АТ: Так, я жыву ва Украіне з 2008 года, валодаю ўкраінскай мовай, а вось беларускую, на жаль, пакуль не вывучыў. Гісторыя, чаму я так вырашыў, даволі банальная: я вучыўся ў Польшчы, у Варшаве, скончыў першы курс і зразумеў, што не магу проста сядзець, нічога не рабіць, назіраць, як маім сябрам цяпер вельмі цяжка. Таму я ўзяў акадэмічны адпачынак, вярнуўся ва Украіну, прайшоў падрыхтоўку і падаў заяўку.

РР: А чаму менавіта полк Каліноўскага?

АТ: Па-першае, у мяне ўзніклі складанасці з дакументамі, бо я — грамадзянін Беларусі. Па-другое, там ужо быў мой бацька, і я плюс-мінус ведаў, як там усё працуе, таму таксама абраў полк Каліноўскага.

РР: Як бацькі паставіліся да такога рашэння?

АТ: Насамрэч вельмі спакойна, бо ў нас у сямʼі ўсе дастаткова баявыя. Мама нават жартуе, што калі б не малодшая дачка (ей зараз шэсць гадоў), яна б таксама пайшла, хаця б у медыцынскую службу. Яны мяне падтрымалі. Папрасілі толькі, каб я не ішоў у пяхоту. Зараз асабліва цяжка быць у пяхоце: яны амаль не страляюць, больш сядзяць і хаваюцца, бо ідзе вайна дронаў, і калі цябе пабачаць — будуць імкнуцца знішчыць.

РР: Але для таго, каб пайсці, патрэбна была падрыхтоўка?

АТ: Спецыяльна да вайны я не рыхтаваўся, але фізічная падрыхтоўка ў мяне была. Гэта сямейная традыцыя: мама — майстар спорту па плаванні, бацька займаўся біятлонам. Я ж — пяціборствам: плаванне, бег, стральба, фехтаванне і конны спорт.

Я прадстаўляў Украіну на міжнародных спаборніцтвах: другі на юніёрскім чэмпіянаце свету і трэці на чэмпіянаце Еўропы.

РР: Фізічную падрыхтоўку вы мелі, астатняму навучылі ўжо ў палку?

АТ: Так, у нас была выдатная падрыхтоўка: нас рыхтавалі два месяцы. Мяне нават называлі «суперрэкрутам», бо фізічная форма была вельмі добрая. Я заўсёды любіў мілітарныя рэчы, стральбу, таму і матывацыя была моцная. Думкі пра вайну з’явіліся на самым пачатку, 24 лютага 2022 года мне было 15 гадоў. Я ўжо тады марыў дапамагаць, прасіў бацьку пойдзем, возьмем аўтамат, які раздавалі ў Тэраабароне. Калі б мяне ўзялі ў войска маладзейшым — я б і тады пайшоў.

Думкі не змяніліся з таго часу. Калі я паступаў у Польшчу, я на 90—95% быў упэўнены, што скончу першы курс, вазьму акадэмічны адпачынак і вярнуся ва Украіну.

РР: Матывацыя была вельмі моцнай. Але ўжо калі трапіў на месца, з’явіліся новыя пачуцці, напэўна, кожнага наведвае страх, ці не так?

АТ: Так, страх быў. На маім першым выездзе страх быў вельмі моцны. Але мяне наша каманда падтрымлівала, супакойвалі, казалі, што ўсё будзе добра

Пасля таго першага выезду адбылася гісторыя: нам загадалі перамяніць пазіцыю, і наш камандзір з яшчэ адным хлопцам паехалі забіраць абсталяванне, перавозіць яго на новае месца, і менавіта ў той момант па іх ударыў дрон. Яны клікалі мяне ехаць разам, але так сталася, што мая лянота тады мяне выратавала — я не паехаў.

Пасля гэтага, натуральна, таксама было страшна, але да такіх рэчаў даволі хутка прывыкаеш. Разумееш, навошта ты тут, прымаеш гэта ўсё, і з часам вялікі страх адыходзіць. Так, лёгкае хваляванне, адрэналін — ёсць, але хутка прывыкаеш і ўжо не страшна настолькі.

РР: А як ставіліся да цябе ўнутры палка, як да самага маладога?

АТ: Калі шчыра, ніяк асабліва не ставіліся. У нас у палку ўсе размаўляюць выключна па пазыўных, амаль ніхто нічога не ведае пра жыццё іншых за межамі каманды, акрамя блізкіх сяброў. Усё камунікацыя — па справе, пра вайсковую працу, пра дроны. Мала хто ведаў пра маю гісторыю: я быў звычайным, ціхім хлопцам, проста слухаў, рабіў сваю працу, асабліва нічога не казаў.

РР: Чым ты канкрэтна апошнім часам займаўся?

АТ: Так, я быў пілотам дронаў-камікадзэ, але ў нашай камандзе мы працавалі па чарзе: хтосьці аператар рэле, хтосьці пілатуе, хтосьці штурман, хтосьці рыхтуе самі дроны. Я вельмі хутка ўсяго навучыўся, дзякуючы аднаму хлопцу ў камандзе, ягоны пазыўны «Рык». Ён хутка і якасна ўсё мне патлумачыў, дапамог — таму я ўжо на трэці дзень зрабіў свой першы вылет і на рэтранслятары, і на дроне-камікадзэ. Так што, калі шчыра, не так складана, калі ёсць каму дапамагчы, але ўсё ж трэба ўважліва і старанна запамінаць алгарытм, як усё працуе.

РР: А як складана было прывыкнуць да вайсковага быту, да жыцця на вайне?

АТ: Зараз гэта, як я ўжо казаў, перадусім вайна дронаў, і самае небяспечнае — гэта заезд і выезд з пазіцыі, бо ніколі не ведаеш, дзе і калі з’явіцца расійскі дрон.

Але калі ўжо знаходзішся на месцы — усё як заўсёды, усё як у вёсцы: мыешся з бутэлек, туалет — на прыродзе, спіш на падлозе. Нічога звышнатуральнага, простае жыццё на вайне.

РР: З улікам усіх гэтых умоў — ці было нейкае абмежаванне ў кантакце з сям’ёй, бацькамі, ці можна было падтрымліваць зносіны?

АТ: Ніякіх абмежаванняў не было. Мае бацькі цяпер жывуць ва Украіне, таму з камунікацыяй з імі ў мяне не было ніякіх праблем. Калі ў нас былі выходныя паміж выхадамі на пазіцыі, я мог спакойна пайсці пагуляць ці сустрэцца з бацькамі, заняцца сваімі справамі. З гэтым цяжкасцяў не ўзнікала.

У нас усё вельмі добра было арганізавана, мы добра каардынавалі працу, падтрымлівалі адзін аднаго. Таму і адпачынак быў: мы чаргаваліся, былі дзяжурствы, і быў час для сну. Астатні час, натуральна, працаваў.

Андрэй Турцэвіч

РР: Змяніліся твае погляды на вайну? Ці змяніліся першасныя думкі, з якімі ты прыйшоў на фронт 8 месяцаў таму? Як ты гэта ўсё зараз успрымаеш? Што ў табе змянілася?

АТ: За гэтыя 8 месяцаў я пазнаёміўся з дзяўчынай-украінкай, і ў нас усё вельмі добра склалася. Дзякуючы адносінам з ёй вайна адышла на другі план, я стаў больш асцярожна ставіцца да сябе. Мне здаецца, гэта натуральна.

За гэты час у мяне не з’явілася ніякіх псіхалагічных праблем — і дзякуй Богу. Мой погляд на вайну змяніўся хутчэй з-за дзяўчыны, астатняе ў маіх перакананнях не змянілася. Адчуваю, што зрабіў шмат карыснага, шмат зрабіў для Украіны. Я гэтым ганаруся, мне прыемна, што змог, што цяпер у мяне ўсё ў парадку.

РР: Якая падзея стала пераломным момантам, калі вырашаў сыходзіць з палка і працягваць вучобу?

АТ: Насамрэч, праца стала вельмі аднастайнай: ты прыязджаеш на пазіцыю, робіш усё тое самае, што і ў мінулы раз, і так жа выязджаеш. І як бы выпадкова, на рандоме, думаеш, калі прыляціць дрон або адбудзецца напад. Працу без прагрэсу асабліва складана цярпець у маладым узросце. Таму я вырашыў, што трэба рухацца далей і ехаць вучыцца ў ВНУ.

РР: Не магу не спытаць пра Беларусь. Бо пашпарт яшчэ беларускі. Цікавішся тым, што адбываецца ў самой Беларуссі?

АТ: Усе мае сваякі — беларусы. На жаль, шмат хто ўжо выехаў па зразумелых прычынах. Сітуацыя вельмі непрыемная, кепская. Не ведаю нават, што сказаць.

РР: Ты быў у Беларусі?

АТ: Так, я быў, ездзіў да бабулі і дзядулі вельмі даўно, апошні раз — гадоў восем таму, калі быў яшчэ зусім маленькі.

РР: Адчуваеш у сабе падвойную самасвядомасць — беларускую і ўкраінскую?

АТ: Мяне часта пра гэта пытаюць, асабліва сябры ва Украіне: кім я сябе лічу — беларусам ці ўкраінцам? Я ўсім кажу, што лічу сябе ўкраінцам, бо ўсё свядомае жыццё пражыў ва Украіне сярод украінцаў. Пашпарт у мяне яшчэ беларускі, не змог яго памяняць, не атрымалася. Але сябе на 100% лічу ўкраінцам, але і з беларускім каранямі.

РР: А што з вучобай? Якія планы, чым плануеш займацца, у якой сферы хацеў бы вучыцца?

АТ: Калі мне было 17 гадоў, я паехаў у Варшаву і там вучыўся ў ВНУ на IT, Data Science, Computer Science. Але мне зусім не спадабалася — універсітэт быў цяжкі, я скончыў першы курс, але адчуў, што гэта не маё. Цяпер планую паступаць куды-небудзь на эканоміку, дзе больш матэматыкі, разлікаў.

РР: Грамадзянскае жыццё, новы лад, увайшоў у яго лёгка? Маю на ўвазе: ты прыехаў, лёгка прыняў іншы рытм, іншую атмасферу, іншае асяроддзе, новых людзей?

АТ: Гэта сапраўды цікавае пытанне, бо калі я яшчэ быў вайскоўцам, жыў у прыфрантавым горадзе, то мала выходзіў з дому. Я па характары інтраверт: люблю займацца сваімі справамі дома, максімум выходжу ў магазін па прадукты. Калі вярнуўся ў Кіеў, таксама сядзеў дома, працаваў, усё было як заўсёды.

А вось калі прыехаў у Польшчу, тут было неяк вельмі нязвыкла: шмат людзей, усе гаманяць, весяляцца… Я назіраў за ўсім гэтым збоку. Мне такія рэчы не даспадобы, калі шчыра — я заўсёды быў інтравертам. Але прызвычаіўся, адаптаваўся таксама, як калісьці і на вайне. Проста звыкся.

РР: І цяпер, на гэтым новым этапе, ты плануеш і далей дапамагаць Украіне?

АТ: Так, канечне. Планую валанцёрыць — у нас ёсць рух «Каліноўцы», буду ўдзельнічаць, дапамагаць. Спадзяюся, што і мая новая спецыяльнасць здолее быць карыснай для Украіны. Проста ўжо без удзелу ў баявых дзеяннях.

Каментары1

  • ПАэт и прАзаик
    19.08.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?1

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?

Усе навіны →
Усе навіны

На ebay з'явіўся бабруйскі зефір. Цана шакуе6

Трамп спадзяецца зладзіць сустрэчу Зяленскага і Пуціна «ўжо на выхадных»3

«Усё забаранілі». У Гродне музыкі раней выступалі ў цэнтральных дворыках, а цяпер не будуць8

Украіна ўдарыла па нафтаправодзе «Дружба», пастаўкі нафты спыненыя8

Электрасамакаты ў Мінску ўжо не забава, а сродак транспарту

Трамп і Зяленскі завяршылі «вельмі добрую» двухбаковую сустрэчу5

Трамп пахваліў пінжак Зяленскага і рассыпаўся ў кампліментах20

У Слуцку хлопчык неспадзявана выцягнуў з канавы вялікага карпа. Гэту радасць трэба бачыць ВІДЭА4

Ціханоўскі расказаў, што паправіўся на 10 кг, але пакуль мае праблемы са сном20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?1

Станцыю метро на праспекце Пераможцаў перадумалі будаваць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць