Паглядзелі, якія надзіманыя і каркасныя басейны можна купіць у Беларусі.

Да 700 рублёў за басейн
Самыя даступныя басейны — надзіманыя, цэны на «дарослыя» памеры пачынаюцца ад 80 рублёў. Столькі каштуе басейн дыяметрам 244 см і вышынёй 61 см. Для яго напаўнення спатрэбіцца без малога дзве тоны вады.
Басейн дыяметрам тры метры каштуе ўжо амаль 120 рублёў.

Далей у залежнасці ад памеру і складанасці канструкцыі цэны ідуць уверх.
Самыя дарагія надзіманыя басейны каштуюць каля 600—700 рублёў. Дыяметр такіх басейнаў 4,5 метра. Вышыня (глыбіня) у залежнасці ад мадэлі складае 107—122 см.

Для напаўнення такіх басейнаў спатрэбіцца 12—14 тысяч літраў вады. Яны ідуць у камплекце з лесвіцай і фільтр-помпай магутнасцю 3 785 л/г.
Аматары джакузі могуць набыць надзіманыя басейны-джакузі. Каштуюць такія дэвайсы ад 1700 да 3000 рублёў.
Яны маюць помпу, якая фільтруе, аэрацыйныя фарсункі, награвальнік і ўбудаваны змякчальнік вады.
Да 10 метраў даўжынёй
Каркасныя басейны прыкметна даражэйшыя за надзіманыя. Цэны на іх пачынаюцца са 170 рублёў за невялікі басейн памерам 244x51 сантыметраў. Басейн памерам 305x76 сантыметраў каштуе ўжо 270 рублёў.
Па цане аднаго з самых дарагіх надзіманых басейнаў можна набыць каркасны прамавугольнай формы памерам 450x220 сантыметраў. Яго максімальная глыбіня складае 84 см.

У адрозненне ад надзіманых басейнаў, каркасныя не маюць такіх строгіх абмежаванняў па памерах, таму і цэны на іх вельмі розныя. Цэны на некаторыя каркасныя басейны дасягаюць адзнакі 5000 рублёў. Для іх запаўнення спатрэбіцца больш за 50 тон вады. Самыя высокія з іх маюць глыбіню 132 сантыметры. У такіх басейнах можна не толькі ахаладзіцца ў спякотнае надвор'е, але і паплаваць. Даўжыня «дарожкі» складае амаль 10 метраў, а шырыня — 5.
Каркасныя джакузі таксама існуюць, каштуюць такія дэвайсы без малога 4 тысячы рублёў.
Каментары