Грамадства

«Не можаш расказваць, што думаеш». Як рэжым цісне на экскурсаводаў

Увечары 2 жніўня стала вядома пра затрыманне ў Мінску экскурсавода і журналіста Ігара Хмары. Яго імя з'явілася ў тэлеграм-канале «Спісы затрыманых», інфармацыю пра затрыманне таксама пацвердзілі недзяржаўныя СМІ. За дзень да гэтага сілавікі з працоўнага месца забралі дырэктарку турыстычнага агенцтва «Віяполь» Галіну Патаеву. «Пакаяльнае відэа» з яе ўдзелам з'явілася ў адным з тэлеграм-каналаў ГУБАЗіКа. Як стала вядома Радыё Свабода, гэта не ўсе затрыманні людзей з турыстычнай сферы, якія адбыліся ў Беларусі ў першы тыдзень жніўня.

Замак у Нясвіжы. Фота: Вікіпедыя

Затрымлівалі проста на экскурсіі

Як паведамілі Свабодзе адразу некалькі суразмоўцаў, мінскага экскурсавода Ігара Хмару затрымалі проста падчас адной з ягоных экскурсій, а дачыненне да «аблавы» могуць мець прапагандыст Рыгор Азаронак і праўладная актывістка з Горадні Вольга Бондарава. Незадоўга да арышту Хмары і дырэктаркі «Віяполя» Галіны Патаевай Бондарава ў сваім тэлеграм-канале заклікала ўлады разабрацца з «Віяполем».

«Усё пачалося, калі Азаронак зноў згадаў дзейнасць экскурсаводаў на СТВ, — расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў сферы турызму. — Гэта здарылася не першы раз ужо ў эфіры ў яго, але зараз арышты пачаліся амаль адразу. І таксама экскурсаводы расказвалі, што Бондараву бачылі на экскурсіях у Мінску. Яна сама на іх цяпер ходзіць».

Экскурсія, падчас якой меркавана быў затрыманы Ігар Хмара, адбылася ў мінскай Серабранцы. Запісацца на яе мог кожны ахвотны праз сацсеткі, удзел быў бясплатны. Як паведамілі Свабодзе некалькі экскурсаводаў, і Хмара, і супрацоўніца «Віяполя» часта праводзілі свае экскурсіі па-беларуску і не падладжваліся пад прынятую цяпер афіцыйную дзяржаўную ідэалогію.

«Не можаш расказваць, што думаеш»

Як паведамілі Свабодзе некалькі экскурсаводаў, сітуацыя ў сфэры ўнутранага турызму ў Беларусі стала асабліва напружанай пасля пачатку вайны ва Украіне. Гэтым летам у Беларусь прыязджае заўважна больш расійскіх турыстаў, таму падчас экскурсій у Мінску і іншых гарадах Беларусі экскурсаводы мусяць падбіраць словы.

«Здараюцца і нармальныя, адэкватныя людзі, — расказаў Свабодзе адзін з экскурсаводаў. — Часцей гэта бывае, калі экскурсію замаўляе сямейная пара альбо невялікая група. Пра Украіну мы, вядома, не размаўляем. Але ўсё адно заўважна становіцца, пра што можна гаварыць з людзьмі, а пра што не. А вось калі вялікая група, і паездка некуды накшталт Берасцейскай крэпасці, то працаваць становіцца вельмі складана псіхалагічна. Ты не можаш расказваць падчас экскурсій, што думаеш і як было насамрэч, бо ніколі не вядома, хто цябе слухае».

Пакуль пра выпадкі затрымання экскурсаводаў і супрацоўнікаў беларускай турыстычнай сферы праз канфлікты з расійскімі турыстамі суразмоўцам Свабоды нічога не вядома. Затрыманні супрацоўніц «Віяполя» і іншых экскурсаводаў яны звязваюць з унутрыбеларускімі справамі.

«Псіхалягічна становіцца цяжка працаваць, выходзіць на экскурсіі, — расказаў Свабодзе іншы суразмоўца. — Адчуванне, што кола вакол цябе сціскаецца. Што затрымаць могуць за любое не так сказанае слова».

Сітуацыю ўскладняе тое, што для многіх невялікіх турыстычных фірмаў праца з экскурсіямі па Беларусі для беларусаў і расіян стала асноўнай крыніцай прыбыткаў. Турыстаў з Польшчы, Літвы ці іншых краін па-ранейшаму вельмі мала. Вазіць беларусаў у аўтобусныя ці іншыя туры за мяжу праблематычна праз складанасці з атрыманнем турыстычных візаў. Як стала вядома Свабодзе, мінскія экскурсаводы масава адмаўляюцца ад зборных экскурсій. Стараюцца выбіраць толькі «правераныя» групы з турыстаў, якіх могуць параіць іншыя калегі-экскурсаводы.

«Прыходзіцца працаваць так, што рабіць, — кажа суразмоўца. — Трэба неяк зарабляць, хоць гэта і стала небясьпечным».

Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Усе навіны →
Усе навіны

Эклеры, баявое НЛП і дух «Вагнера». Што хаваецца за плотам спецназаўскай часці 321411

Гасцей кавярні просяць выходзіць, калі яны бяруць каву з сабой. А так можна?2

Туалет тыпу дзірка ў падлозе і шалёны холад у зале: беларусы абмяркоўваюць, чаму з дрэс-кодам у тэатры будзе складана10

Наўседа: Калі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, магчыма, пачнем дыялог з Беларуссю22

У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС1

Ціханоўская: 2 красавіка рэжым адзначае самае цынічнае свята11

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію5

Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна3

Як беларусам адкрыць «шэнген»: ці можна паспець да лета-20265

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць