Гэты спартовец выйграў для Украіны срэбра на Алімпіядзе ў Пекіне. Вось што з ім зараз
Вы, напэўна, памятаеце фота, дзе ўкраінскага фрыстайліста Аляксандра Абраменку абдымае яго расійскі калега Ілля Бураў. Менш за месяц таму гэтыя атлеты прынеслі сваім краінам алімпійскія медалі: Абраменка здабыў срэбра, а Бураў — бронзу. Іх жэст сяброўства абляцеў навінныя стужкі ва ўсім свеце.

Цяпер Абраменка, топавы фрыстайліст і ўдзельнік пяці алімпіяд, хаваецца ад расійскіх бомб на падземным паркінгу ў сваім кіеўскім доме. Разам з ім — жонка Аляксандра і іх двухгадовы сын Дзмітрый, піша New York Post.
Тысячы людзей спрабуюць пакінуць Кіеў, бо, як лічаць украінскія вайскоўцы, захоп сталіцы краіны — галоўная мэта расійскіх войскаў.

Ноч 4 сакавіка, калі амерыканскія журналісты звязаліся з Абраменкам, аказалася ўжо сёмай, якую ён з сям’ёй праводзіў на паркінгу. Фрыстайліст патлумачыў, што спаць там больш бяспечна, чым у 20-павярховым доме над стаянкай: «Спаць у кватэры страшна. Я сам бачыў з вакна, як сістэмы супрацьпаветранай абароны працуюць супраць ракет ворага, чуў моцныя выбухі».
Сям’я запланавала пакінуць Кіеў 5 сакавіка. Абраменка і яго жонка збіраліся паехаць у Заходнюю Украіну, на тэрыторыю недалёка ад мяжы са Славакіяй і Венгрыяй. Там, у горадзе Мукачава, жыве трэнер спартоўца Энвер Аблаеў. Як патлумачыў Абраменка, ён збіраўся ехаць на машыне і ўзяць з сабой толькі самае неабходнае, а таксама ежу і свае алімпійскія медалі — фрыстайліст быў яшчэ і чэмпіёнам Гульняў-2018.
Бацькі Аляксандра жывуць у горадзе Мікалаеў на Азоўскім моры, там вырас і сам спартовец. У Мікалаеве ідуць баі, і бацькі фрыстайліста чуюць выбухі, але пакуль што выбірацца з горада небяспечна.
Абраменка дапускае магчымасць, што яго жонка і сын з’едуць з Украіны, як і больш чым мільён іншых бежанцаў. Сам спартовец, як і іншыя ўкраінскія мужчыны яго ўзросту, пакінуць краіну не можа.
Цяпер чытаюць
«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць
Каментары