Улада

Валер Кавалеўскі расказаў, як памяняў працу ў Сусветным банку на ролю «міністра замежных спраў» пры Ціханоўскай — інтэрв’ю

Святлана Ціханоўская прызначыла Валерыя Кавалеўскага прадстаўніком па міжнародных справах. 

Кавалеўскі працаваў у беларускім МЗС, у 2010-м яго арыштоўвалі за падтрымку апазіцыі. Пасля гэтага ён працаваў у Сусветным банку ў Вашынгтоне. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, Кавалеўскі вярнуўся на радзіму, яго затрымлівалі на адным з Маршаў.

«Наша Ніва» задала яму пару пытанняў.

«Наша Ніва»: Як узнікла прапанова далучыцца да каманды Святланы Ціханоўскай і чаму далі згоду на яе?

Валер Кавалеўскі: Пэўны час я ўдзельнічаў у адной амерыканскай групе (да якой, праўда, далучыўся ў верасні, калі быў у Беларусі), удзельнічаў у экспертных абмеркаваннях па Беларусі. Гэтая група ўзнікла з ініцыятывы офіса Святланы Ціханоўскай. У асноўным там абмяркоўваліся «амерыканскія» пытанні, напрыклад, прыняцце Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. З часам гэта перарасло ў зацікаўленасць офіса, каб перацягнуць мяне да сталай працы. Рэч у тым, што працы ў міжнародным кірунку становіцца ўсё болей. Я атрымаў прапанову далучыцца — і даў дабро.

«НН»: Як вы будзеце дзяліць функцыі з дарадцам Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы Франкам Вячоркам?

ВК: Калі гэта такі класічны падыход, то ёсць Адміністрацыя прэзідэнта, а вакол прэзідэнта знаходзяцца дарадцы ў самых розных пытаннях. Франак выконваў функцыі дарадцы, блізкага да прэзідэнта, а мая функцыя — адказваць за практычнае выкананне тых задач, якія ставіць прэзідэнт.

«НН»: Ці маеце вы дачыненне да запрашэння Святланы Ціханоўскай у ЗША?

ВК: Непасрэдна не. Гэта была праца офіса яшчэ да майго прыходу. Ёсць план паездкі Святланы Ціханоўскай у ЗША прыкладна ў тыя ж даты, калі будзе адбывацца інаўгурацыя Джо Байдэна. Пакуль няма інфармацыі, што Ціханоўская будзе ў ёй удзельнічаць, яшчэ няма пацверджання і сустрэчы з Байдэнам. Хаця такая сустрэча выглядала б цалкам натуральна з улікам таго, як Байдэн ставіцца да падзей у Беларусі, якія заявы ён рабіў па Беларусі — добра падрыхтаваныя, кампетэнтныя і вельмі жорсткія ў дачыненні да Лукашэнкі.

«НН»: Якія кірункі сваёй дзейнасці на сёння вам бачацца прыярытэтнымі?

ВК: Абараніць людзей у Беларусі ад гвалту і беззаконня, якія працягваюцца. Абараніць людзей можна праз санкцыі, праз салідарную пазіцыю міжнароднай супольнасці. Вельмі важна забяспечыць гэтую салідарную пазіцыю, каб яе бачылі Лукашэнка і тыя сілы, што яго акружаюць.

«НН»: Якія санкцыі?

ВК: Перш за ўсё, гэта палітычныя санкцыі на абмежаванне кантактаў з Лукашэнкам. Мы бачым, што гэта ўжо працуе.

«НН»: Працуе ў якім сэнсе? «Дзейнічае» ці «дае плён»?

ВК: Дзейнічае. Кантактаў няма. Параўнайце міжнародныя кантакты Ціханоўскай і Лукашэнкі — гэта два розныя светы. У Ціханоўскай сустрэчы адбываюцца штодня, зацікаўленасць на вельмі высокім узроўні з боку міжнароднай супольнасці.

Знешняя палітыка Лукашэнкі ўжо скончылася, яе няма, ёсць толькі спробы знайсці паратунак у Расіі і больш нідзе. Больш ніхто не гатовы да кантактаў з ім.

«НН»: Лукашэнка не так даўно дзякаваў Кітаю за падтрымку ў няпростыя часы.

ВК: З Кітаем сітуацыя цікавая. Ёсць інфармацыя, што Кітай не дужа рады, што павіншаваў Лукашэнку першым, раней за ўсіх. Магчыма, гэта было не самае своечасовае рашэннем. Паглядзім, ці будзе сустрэча Лукашэнкі з кіраўніцтвам Кітая, на якую ён так разлічвае.

«НН»: Маеце інсайды пра сустрэчу Макея з еўрапейскімі дыпламатамі?

ВК: Не, не маю. Я толькі звярнуў увагу, што ў заяве гаворыцца выключна пра тое, што паслы казалі Макею, але няма ніякай адваротнай рэакцыі міністра. Наўрад ці гэта быў дыялог, думаю, Макею даводзіліся канкрэтныя патрабаванні па тым, што трэба рабіць. Сумна, што Макей, які жыве ў Мінску, не заўважае, што адбываецца ў краіне. Не можа ацаніць тую энергію людзей, якую яны дэманструюць чатыры месяцы. Ён абірае заставацца ў прапагандысцкіх рамках рэжыму.

«НН»: Ці рэальна, што ў такіх умовах, што новы пасол ЗША ўсё ж прыедзе ў Мінск?

ВК: Ёсць такое разуменне, што Штаты вельмі хацелі б, каб амбасадарка Джулі Фішэр прыбыла ў Беларусь. Але ёсць перашкода ў рашэнні Сената, які яшчэ не галасаваў. Невядома, ці атрымаецца гэта зрабіць. Зразумела, што амерыканцы вельмі хочуць скончыць 12-гадовы цыкл адсутнасці пасла, каб забяспечыць дыпламатычную прысутнасць, даць новае жыццё працы пасольства. Але яны не могуць не разумець, што гэта будзе ацэнена рэжымам як моцны сігнал, будуць казаць, што гэта прызнанне легітымнасці Лукашэнкі.

Незразумела, якую практычную дзейнасць можа несці дыпламат на месцы, бо спыненыя кантакты з урадавымі арганізацыямі. Усё зводзіцца да маніторынгу сітуацыі.

«НН»: Вы вярталіся ў Беларусь перад прэзідэнцкімі выбарамі?

ВК: Так, я прыляцеў у пачатку жніўня на шэсць тыдняў. Ужо ў красавіку-маі было відаць, што кампанія развіваецца ў новых напрамках. Было відаць, як людзі былі зацікаўленыя ў кандыдатах, якая энергія сыходзіла ад людзей. Мне гэта было відаць нават у ЗША. Была магчымасць прыехаць і працаваць дыстанцыйна. Я хацеў асабіста назіраць за ўсім. Але я не чакаў, як грамадства адрэагуе на фальсіфікацыю выбараў і гвалт.

«НН»: Бачыў вас на вулічных акцыях, пікетах. Вас затрымлівалі?

ВК: Так, адзін раз. У лістападзе, калі я прыехаў ужо ў другі раз. Мне было важна бачыць, як развіваюцца падзеі з месца, камунікаваць з людзьмі. Дыстанцыі скажаюць пэўныя рэчы, можна нешта не адчуць. Мне было важна быць разам з людзьмі і адчуваць іх настроі.

«НН»: Праца ў штабе Ціханоўскай цяпер для вас будзе асноўнай?

ВК: Асноўная і адзіная.

«НН»: Раней вы працавалі ў Сусветным банку. Вы сышлі?

ВК: Пытанне некалькіх дзён, я ўжо адтуль дакладна сыходжу.

«НН»: Разумею, што вы моцна страціце ў грашах.

ВК: Я не думаю, што гэта тое пытанне, якое вартае абмеркавання на фоне тых падзей, што адбываюцца ў Беларусі. Грошы — гэта не той аргумент, якім я кіраваўся. Вядома, я прыняў гэтую прапанову не праз нейкія матэрыяльныя даброты. Мне важна быць часткай каманды Святланы Ціханоўскай. Я разумею і рызыкі, і нагрузку. Мне важна гэта і прафесійна — прымяніць веды, якія я збіраў усё жыццё на карысць Беларусі. Быць са сваім народам, калі гэта асабліва запатрабавана.

«НН»: Вы будзеце жыць у Вільні ці Вашынгтоне?

ВК: Увесь час буду ў Вільні.

«НН»: Ваш асноўны кірунак працы — ЗША, ці іншыя краіны таксама трапляюць?

ВК: У мяне ўніверсальнае партфоліа — і ЕС, і ЗША, і Украіна, і Расія, і іншыя краіны, якія могуць сваёй пазіцыі і дзеяннямі садзейнічаць таму, каб у Беларусь прыйшлі перамены.

«НН»: Правакатыўнае пытанне. Вы не лічыце, што наяўнасць у штабе Ціханоўскай вас і Франка Вячоркі, людзей афіляваных з ЗША, не будзе на карысць перамоў з Расіяй?

ВК: Я не адчуваю сябе ніяк афіляваным з ЗША. Я працаваў на Сусветны банк, які з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, проста офіс знаходзіцца ў Вашынгтоне. Канечне, нейкі час я працаваў на «Голасе Амерыкі», але тым не менш я ніяк не звязаны з амерыканскім урадам. І мае дзеянні ніяк не абапіраюцца на інструкцыі ці пажаданні амерыканцаў. Усё, што я раблю, выпрацоўваецца выключна ў штабе Святланы Ціханоўскай.

«НН»: Якія яшчэ візіты будуць у Ціханоўскай бліжэйшым часам?

ВК: Гэта будзе Германія. Адразу пасля — Брусель. Да канца года плануем наведаць Іспанію. У планах на наступны год — Ірландыя і ЗША.

«НН»: Ці вядзецца хоць нейкая праца з Расіяй?

ВК: Такая праца вялася і будзе весціся далей. Гэта вельмі важны кірунак, нам трэба прыкласці дадатковыя намаганні, каб у Расіі разумелі прыярытэты дзейнасці офіса Святланы Ціханоўскай.

Каментары

Цяпер чытаюць

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?

Усе навіны →
Усе навіны

Дрыбінскі раён — самы маленькі ў Беларусі — прырасце на 100 квадратных кіламетраў

«Вясну» ўзламалі? Не, гэта фэйк7

Як Пакістан арганізаваў крохкае спыненне агню паміж ЗША і Іранам

Вучняў 10 класа будуць адпраўляць на кругласутачныя палявыя зборы на 10 дзён10

Новы канал СТБ таксама выдалілі з Ютуба18

37‑гадовага веласіпедыста з Салігорска кінулі за краты за Гаюна2

ГУР заявіў, што вывеў з ладу апошні чыгуначны паром Расіі ў Керчанскім праліве

У цэнтры Мінска пачалі рамонт «чырвонага дома», даўжыня якога адзін кіламетр1

Беларус стварыў праект з аўтэнтычнымі вандроўкамі па Партугаліі — у чым яго фішка?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць