
Дзяржавы павінны знайсці іншыя варыянты святкавання Дня Перамогі 9 мая, каб масавымі мерапрыемствамі не справакаваць новую ўспышку COVID-19, заявіў на брыфінгу ў чацвер рэгіянальны дырэктар па Еўропе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге, піша ria.ru.
«Зараз 43 краіны, якія ўвялі каранцінныя меры, паступова пачынаюць змякчаць рэжым абмежаванняў. Але вірус не знік праз тое, што ўсе людзі раптам былі ізаляваны. Выхад павінен быць паступовым. І неабходна памятаць, што цяпер не час для святкаванняў, але час для падрыхтоўкі», — сказаў ён.
Клюге падкрэсліў, што дзяржавам, якія маюць намер адзначаць Дзень Перамогі ў Еўрапейскім рэгіёне, неабходна знайсці альтэрнатыўныя меры масавых гулянняў, каб не падвяргаць рызыцы здароўе людзей.
«Наперадзе ў нас вельмі важны дзень — Дзень Перамогі, 9 мая. І хачу адзначыць тыя урады, якія прынялі адважнае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца. Мы ў рэгіянальным офісе вельмі паважліва ставімся да гэтай даты. Але цяпер час для таго, каб знайсці альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання, каб не падвяргаць рызыцы чалавечыя жыцці», — падкрэсліў ён.
Нагадаем, што ў Мінску 9 мая пройдзе парад, а ўвечары на плошчы Перамогі — канцэрт.
Каментары