З пажарам на «Паліміры» ўдалося справіцца на трэція суткі — 20 чэрвеня ў 7.04 было абвешчана пра ліквідацыю ўзгарання.

Пра гэта TUT.BY паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.
Нагадаем, каля апоўдня 18 чэрвеня на наваполацкім «Паліміры» адбылося ўзгаранне на газаразмеркавальнай устаноўцы ў цэху № 104. Пажар быў хутка лакалізаваны, але з ўстаноўкі працягваў выгараць газ. МНС вялі работы па астуджэнні і ахове тэхналагічных канструкцый.
20 чэрвеня ў 7.04 было абвешчана пра ліквідацыю пажару.
«Пацярпелых няма, пагрозы для работнікаў прадпрыемства і насельніцтва таксама. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя шкодных рэчываў у атмасферным паветры не перавышана, замеры праводзяцца пастаянна. Прычына пажару і шкода высвятляюцца», — распавялі ў МНС.
Пажар пашкодзіў тэхналагічнае абсталяванне, з-за здарэння была спынена вытворчасць поліэтылену. Астатнія вытворчасці працуюць у штатным рэжыме пры максімальнай нагрузцы. Спецыяльна створаная камісія будзе высвятляць прычыны і высвятляць крыніцу ўзгарання на прадпрыемстве, паведаміў Віталь Навіцкі.
Каментары