Прадстаўнікі EgyptAir і Мінавіяцыі Егіпта лічаць, што А320, які ляцеў з Парыжа ў Каір і знік з радараў, разбіўся ў Міжземным моры. На борце паветранага судна знаходзіліся 66 чалавек.

Егіпецкі A320, які рухаўся з Парыжа ў Каір, верагодна, пацярпеў крушэнне ў Міжземным моры. Пра гэта заявілі прадстаўнікі авіякампаніі EgyptAir і Міністэрства грамадзянскай авіяцыі Егіпта, перадае Reuters.
Па дадзеных дзяржаўнай газеты Ahram, у апошні раз самалёт, на борце якога знаходзіліся 66 чалавек, выходзіў на сувязь за 10 хвілін да знікнення з радараў.
Раней у EgyptAir казалі, што самалёт знік аб 2:45 па мясцовым часе (03:45 па Мінску). Як вынікае з трэка A320 на сайце Flightradar, перад знікненнем лайнер знаходзіўся на вышыні каля 37 тыс. футаў (11,2 км). Сэрвіс не зафіксаваў змены вышыні палёту самалёта перад яго згубай. Запіс палёту абрываецца над Міжземным морам на падлёце да Егіпта.

EgyptAir на сваёй старонцы ў Twitter пацвердзіла факт знікнення самалёта. Першапачаткова авіякампанія паведаміла, што ў момант знікнення з экранаў радараў ён знаходзіўся ў 80 мілях (128 кіламетрах) ад егіпецкай паветранай прасторы на вышыні 11 тысяч метраў. Пазней у EgyptAir ўдакладнілі, што лайнер знік у паветранай прасторы Егіпта.
Для пошукаў самалёта EgyptAir стварыла экстраны аператыўны штаб, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх авіяцыйных службаў.
Рэйс MS804 вылецеў з аэрапорта «Шарль дэ Голь» у Каір 18 мая а 23:09 па парыжскім часе (00:09 па Мінску).
На яго борце знаходзіліся 56 пасажыраў і 10 членаў экіпажа.
Па дадзеных сайта FlightRadar 24, рэйс выконваўся самалётам Airbus A320-200, EgyptAir набыла дадзены лайнер ў 2003 годзе.
Самалёт A320 авіякампаніі EgyptAir разбіўся каля грэчаскага вострава Карпатас, паведаміла AFP крыніца ў адным з аэрапортаў Грэцыі.

Па словах суразмоўцы агенцтва, самалёт у момант крушэння знаходзіўся ў зоне адказнасці егіпецкіх дыспетчараў.
Раней паведамлялася, што самалёт A320 знік з экранаў радараў над Міжземным морам прыкладна за 45 хвілін да запланаванай пасадкі. Самалёт у гэты момант знаходзіўся ў 280 кіламетрах ад узбярэжжа Егіпта. У егіпецкую паветраную прастору лайнер увайшоў за некалькі хвілін да знікнення з радараў.
***
Авіяцыйныя ўлады Егіпта першапачаткова паведамілі, што з борта самалёта быў атрыманы нейкі сігнал, як мяркуецца, сігнал бедства. Грэчаскія дыспетчары, у сваю чаргу заявілі, што ў час апошняга сеансу сувязі з A320 экіпаж ні аб якіх непаладках не паведамляў. Сігналы бедства ад егіпецкага самалёта грэчаскія дыспетчарскія службы не атрымлівалі.
Каментары