Беларускія крамы павінны прадаваць мінімум 36 найменняў айчыннага шакаладу. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства гандлю №20 ад 8 мая 2014 года.
Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу сёння.
Пастановай прадугледжана, што аб'екты гандлю пры рэалізацыі тавараў замежнай вытворчасці абавязаны забяспечыць наяўнасць адпаведнай прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі Беларусі (выключэнне з гэтага правіла робіцца для тавараў крытычнага імпарту). Да прыкладу, у гастраномах з універсальным асартыментам харчовых тавараў гандлёвай плошчай ад 200 кв.м павінна прадавацца не менш за 40 найменняў шакаладу (уключаючы шакаладныя батончыкі) айчыннай вытворчасці. У універсамах і супермаркетах гандлёвай плошчай ад 1 тыс. да 2,5 тыс. кв.м павінна быць прапанавана як мінімум 80 найменняў шакаладу, у гіпермаркетах гандлёвай плошчай ад 8 тыс. кв.м — 120 найменняў, у спецыялізаваных і вузкаспецыялізаваных харчовых крамах гандлёвай плошчай ад 50 да 100 кв.м - 36 найменняў. Акрамя таго, у кіёсках павінна быць як мінімум 5 найменняў шакаладу беларускіх вытворцаў.
«Некаторыя суб'екты гаспадарання неабгрунтавана захапляюцца імпартам,
— адзначыла начальнік упраўлення спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю Святлана Слінько. — Тым самым яны ставяць айчынных вытворцаў у няроўныя ўмовы з замежнымі». Да прыкладу, цяпер у асобных кіёсках можна налічыць да 60 найменняў шакаладу замежнай вытворчасці і пры гэтым не знайсці ніводнай шакаладкі, выпушчанай прадпрыемствамі краіны. «У гэтым выпадку ўшчамляюцца у тым ліку правы пакупніка на выбар тавару», — падкрэсліла спецыяліст.
Каментары