Хроніка Кастрычніцкай плошчы
Панядзелак, 20-га сакавіка
Тысячы людзей ізноў маніфэстуюць у панядзелак. На Кастрычніцкай плошчы пануе эўфарыя: нямногія чакалі, што зьбярэцца столькі людзей. Адмысловую атмасфэру ствараюць гудкі аўтамабіляў – большасьць кіроўцаў так выяўляюць салідарнасьць зь мітынгоўцамі. Моладзь коўзаецца на каньках зь бел-чырвона-белымі сьцягамі за плячыма. Сьцягоў, сьцяжкоў і сьцяжочкаў шмат – людзі скарысталіся магчымасьцю спакойна пранесьці іх да плошчы. Недзе на падыходзе да цэнтру затрымліваюць Уладзімера Кішкурну й Валера Мазынскага.
Пераважную большасьць мітынгоўцаў складае моладзь. Яна бярэ ініцыятыву ў свае рукі: сёй-той прыносіць і раздае стужкі, сінія балёнікі. У тэрмасах людзі прыносяць чай.
Мітынг пачынаецца з выступу Аляксандра Мілінкевіча, якога людзі вітаюць воклічамі: «Мі-лін-ке-віч! Мі-лін-ке-віч!» «Яны нам сёньня аб’явілі іхныя вынікі. Ім здаецца, што хтосьці паверыць. Большасьць нармальных людзей сьмяецца над гэтымі працэнтамі. Гэта ня выбары, гэта – дзяржаўны, антыканстытуцыйны пераварот! Ганьба!» – Мілінкевіч заклікае лічыць Лукашэнку незаконным прэзыдэнтам.
Аляксандар Казулін разам з прыхільнікамі ўсталёўвае на плошчы зроблены мастакамі «Звон свабоды» ды заклікае ўхваліць «Дэклярацыю народу Рэспублікі Беларусь». Лідэр БСДП (Грамада) прапаноўвае лічыць выбары 19 сакавіка не адбытымі і правесьці паўторныя 16 ліпеня. А.Казулін абяцае, што будзе на плошчы, покуль на ёй будуць людзі.
На мітынгу выступаюць Анатоль Лябедзька, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў.
Людзі з захапленьнем сустракаюць стайкі белых чаек у небе – вястунак вясны. Падпяваюць Лявону Вольскаму, Зьмітру Бартосіку. Горача віталі Ўладзімера Арлова, Андрэя Хадановіча. Пляскаюць Іне Кулей. Адзіны кандыдат некалькі разоў бярэ слова, хоць зусім хрыплы. Народ вітае яго авацыяй. Мітынг ідзе жвавей, дзякуючы лепшаму гукаўзмацненьню і чаргаваньню музыкі й выступаў.
А.Мілінкевіч заяўляе пра рашэньне застацца на плошчы на ноч ды заклікае людзей прыносіць чай, каву ды цёплыя рэчы. Яго падтрымліваюць прадстаўнікі руху «Хопіць!», што заклікаюць прысутных на плошчы прыносіць з дому намёты і разьбіць на плошчы палатачны гарадок.
Намёты паўстаюць, нягледзячы на спробу агентаў у цывільным перашкодзіць. Вакол намётаў шчыльным шэрагам выстаўляецца ахова. У 22.30 намётаў ужо восем. Мілінкевіч асабіста наведвае гарадок, вітаецца з насельнікамі. Ён заклікае да бестэрміновага пратэсту.
Выступаюць ня толькі менчукі. Слова бяруць і прыежджыя зь іншых гарадоў. Сьмех і воплескі зрывае палкоўнік-камуніст з Талачына Мікола Петрушэнка, які абураецца цэнамі на бульбу, што вырасьлі пад 1000 рублёў. Прамаўляе дэпутат Гомельскага гарсавету Юры Глушакоў. Прадстаўніца Бабруйску распавядае, што іхную машыну затрымлівалі па дарозе, але яны здолелі прарвацца на плошчу.
Сяргей Салаш, які 20 сакавіка выйшаў з прыёмніка-разьмеркавальніка, кажа, што за Мілінкевіча на Акрэсьціна прагаласавала 90%.
Пляменьнік Ніла Гілевіча перадае вітаньні ад народнага паэта Беларусі, які хварэе. Сын Міхаіла Марыніча Ігар зачытвае пасланьне ад бацькі: «Я веру ў перамогу».
Дэпутат парлямэнту Нарвэгіі заяўляе: вочы сьвету сёньня прыкаваныя да гэтай плошчы. Мітынгоўцы авацыямі вітаюць паведамленьне, што ЗША, Польшча, Літва не прызнаюць вынікаў выбараў.
Вакол плошчы ўлады забараняюць продаж гарачых напояў (чаю, кавы), іх не прадаюць нават у «Макдоналдсе». У адказ людзі распачынаюць падвоз на пляц кавы, прадуктаў і цёплых рэчаў. Міліцыя пагражае млявымі заявамі пра «адміністрацыйную адказнасьць». На 23.00 на плошчы заставаецца пару тысячаў чалавек.
Мілінкевіч заяўляе, што дасягнутая дамоўленасьць зь міліцыяй: людзі застаюцца на плошчы, аднак музыку выключаюць – каб не парушаць грамадзкага парадку.
Вынікі дня: часам складалася ўражаньне, што лідэры апазыцыі ў сваёй тактыцы некрытычна капіююць украінскі сцэнар пратэсту. Але таксама ёсьць уражаньне, што людзям на плошчы мала абыходзіць тактыка палітыкаў – яны настроеныя пратэставаць і не здавацца.
Пуцін віншуе Лукашэнку зь пераабраньнем. Прыходзіць віншаваньне з Тэгерану, у сераду – з Гаваны.
ЗША не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымліваюць заклікі правесьці паўторныя выбары,– з адпаведнай заяваю выступіў прэс-сакратар адміністрацыі Скот Макклелан.
Генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс назваў перавыбары Аляксандра Лукашэнкі фарсам. Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла пра рашучую падтрымку беларускай апазыцыі.
Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус паабяцаў падтрымку беларускаму народу.
Дэлегацыя Эўрапарлямэнту заявіла, што Аляксандар Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
Падтрымку мітынгоўцам выказалі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і Зянон Пазьняк.
Намесьнік дзяржсакратара ЗША па краінах Эўразіі Дэніэл Фрыд заявіў, што выбары былі сфальсыфікаваныя.
Тым часам кіраўнікі Гомельскага і Берасьцейскага абласных штабоў Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Кацора і Юрась Губарэвіч асуджаныя адпаведна на 8 і на 5 сутак арышту.
У Менску на розныя тэрміны арышту пакараныя 10 затрыманых 17–19 сакавіка грамадзкіх актывістаў.
У спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна застаецца каля 60 палітычных актывістаў, арыштаваных за ўдзел у масавых акцыях. Некалькі зьняволеных пачынаюць галадоўку.
Аўторак, 21 сакавіка
Зранку адбылося праваслаўнае богаслужэньне, якое правёў а.Леанід (Акаловіч) зь Беларускай аўтакефальнай народнай праваслаўнай царквы, ён асьвяціў намёты.
Міліцыянты пачалі затрымліваць тых, хто нясе прадукты і цёплае пітво на плошчу. У мінакоў праглядаюць сумкі, спыняюць аўтамабілі – каб не правезьлі паесьці пратэстоўцам. У службовым запале некаторыя работнікі ДАІ спыняюць машыны ня толькі па дарозе на плошчу, але і – зь яго. Імгненна нараджаецца жарт: «Стой! Што вязеш? Прадукты ёсьць? – Няма, толькі наркотыкі. – Праяжджай». На выхадзе з аўтобуса на плошчу затрымліваюць рэдактара «НН» Андрэя Дынька і звозяць у невядомым кірунку. Штаб Мілінкевіча падлічыў страты Пляцу за першую ноч: 108 затрыманых.
Удзень колькасьць намётаў вырастае да двух дзясяткаў. Мілінкевіч прыяжджае на плошчу і заклікае сабрацца ўвечары: «Калі вы прынялі рашэньне тут заставацца, то я буду да канца салідарны з вамі». Кіраўнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Ю.Падабед палохае: маўляў, на Пляцы ня больш за паўтары тысячы чалавек. «Хіба гэта намёты? Калі ўзьнікне пільная неабходнасьць, яны будуць вельмі хутка прыбраныя». Пратэстоўцы пачынаюць складаць сьпісы затрыманых.
Тым часам беларускія ўлады пачынаюць паляваньне на замежнікаў: затрымалі трох грамадзянаў Грузіі ды польскага парлямэнтара Яраслава Ягелу, апошняга ўначы высылаюць з краіны.
Увечары на плошчы сабраліся 5000 чалавек. Чакаюць прыезду Мілінкевіча, Казуліна ды «N.R.M.». Прыяжджаюць паслы Эўразьвязу, каб на свае вочы пабачыць падзеі. На гэты час раптоўна ўключаюцца вялізныя ліхтары на пляцы, якія да гэтага былі вымкнутыя.
На пляцы Мілінкевіч і Казулін заклікаюць абавязкова прыйсьці 25 сакавіка. Мілінкевіч абяцае заставацца зь людзьмі да апошняга. Ідзе сьнег. Уладзімер Арлоў у сваім выступе прапануе надаць плошчы імя Кастуся Каліноўскага.
Казулін перадае чуткі, што на ноч плянуецца жорсткі разгон намётавага гарадка. Датэрмінова (пасьля 20.00) зачыніліся ўнівэрсам «Цэнтральны» і Макдоналдс. Бліжэйшыя кавярні ўзьвінчваюць кошты на гарбату.
Абяцанага канцэрту «N.R.M.» не атрымалася праз адсутнасьць добрай апаратуры. Вольскі сьпявае адну песьню ўжывую, потым пачынаюць круціць песьні ў запісе.
Машыны па-ранейшаму вітаюць Пляц гудкамі, хоць міліцыянты й запыняюць такія аўтамабілі. Прапанова Казуліна разысьціся, каб сабрацца 25-га, не праходзіць. «Застаёмся», – скандуе Пляц.
Вакол намётавага гарадка зьяўляюцца сьвечкі, выстаўленыя паўколам. Ноч у гарадку перабываюць Мілінкевіч з жонкай і сынам, Кася Камоцкая. Каб даставіць ваду і ня быць затрыманымі, моладзь выбіраецца групай у 40 чалавек.
Пад раніцу прыяжджае Ўладзімер Колас: «Віншую вас і лічу, што мы знаходзімся ў найлепшым месцы Беларусі – бо тут нараджаеццца яе будучыня. Трэба стаяць да канца, і мы пераможам».
Серада, 22 сакавіка
Раніца пачынаецца гімнам «Магутны Божа» – гэта ўжо традыцыя. Ля намётавага гарадка зьяўляецца купка агрэсіўных пэнсіянэраў, якіх асабліва разьюшваюць бел-чырвона-белыя сьцягі. На просьбу насельнікаў гарадка суняць хуліганаў-пэнсіянэраў, якія нецэнзурна лаюцца, міліцыянт адказвае: «У нас дэмакратыя».
Прынятае рашэньне не пускаць на тэрыторыю гарадка прадстаўнікоў афіцыйных СМІ. У другой палове дня падыходзяць спэцназаўцы з супрацоўнікамі Водаканалу: маўляў, трэба знайсьці й праверыць люк, празь які вада залівае мэтро. Аглядаюць усе намёты, люк выяўляецца пад самым апошнім. Падганяюць экскаватар.
Мілінкевіч заяўляе, што самая галоўная перамога ў тым, што ў Беларусі зьявілася грамадзянская супольнасьць.
У бальшыні замежных журналістаў, якія прыехалі асьвятляць выбары ў Беларусі, 23–24 сакавіка заканчваюцца акрэдытацыі МЗС. Яны будуць вымушаныя альбо зьехаць, альбо перастаць займацца прафэсійнай дзейнасьцю.
Увечары Мілінкевіч абвясьціў пра намер стварыць шырокі грамадзянскі рух «За свабоду»: абвяшчэньне яго прымеркаванае да Дня Волі – 25 сакавіка. Рух мае даць рэпрэсаваным студэнтам магчымасьць вучыцца за мяжой, стварыць надзейную сыстэму распаўсюду праўдзівай інфармацыі, стварыць умовы для свабодных і празрыстых выбараў. «Улада нахабным чынам скрала ў нас перамогу, таму за яе яшчэ трэба змагацца», – заявіў Мілінкевіч і заклікаў сабрацца на Кастрычніцкім пляцы 25 сакавіка а 12-й.
Цяпер чытаюць
«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць
Каментары