Новы старшыня Канстытуцыйнага суда адправіў сына вучыцца на разведчыка ў акадэмію ГРУ. А як пачалася вайна, хутчэй забраў з Расіі
Старшынёй Канстытуцыйнага суда прызначаны 52‑гадовы юрыст Сяргей Сівец. У суд ён перасеў з прэзідыума Савета Рэспублікі. Расказваем, якія таямніцы ёсць у сям'і новага суддзі.

Сяргей Сівец нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску ў сям’і супрацоўніка беларуска-польскага прадпрыемства «Бокемін», якое займалася проціпажарнымі сістэмамі, і начальніцы лабараторыі БДУ. Па інфармацыі «Белпола», бацьку Сяргея ў 1992 годзе асудзілі за крадзеж дзяржаўнай маёмасці. Сядзеў у магілёўскай калоніі №15, вызвалены ў 1997 годзе па амністыі.
Сам Сяргей Сівец доўгі час працаваў у БДУ, пасля кіраваў Інстытутам прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. У Савет Рэспублікі яго ўзялі як спецыяліста па юрыспрудэнцыі. Спачатку Сівец узначаліў камісію па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Што адметна, у наступнае скліканне гэту камісію аддалі аграрніку Русаму, а Сівец стаў кіраваць не надта профільнай для сябе камісіяй па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Таксама ён уваходзіць у прэзідыум партыі «Белая Русь».
Жонка — у Савеце Рэспублікі, сын — у акадэміі ГРУ
Жонка Сіўца Вольга Івашчанка застаецца працаваць у Савеце Рэспублікі. А сын Аляксандр, выпускнік 174‑й мінскай гімназіі, са згоды бацькі паехаў вучыцца ў Маскву ў акадэмію ГРУ, дзе рыхтуюць вайсковых разведчыкаў.
Туды проста так (тым больш не грамадзян Расіі) не бяруць, толькі запрашаюць Кажуць, Сівец-старэйшы моцна пастараўся, каб сына запрасілі ў акадэмію.

Пазіцыю Сяргея Сіўца апісваюць так — ён за суверэнітэт Беларусі, але з гарантыямі Расіі. І адпраўку сына ў Маскву лічаць лагічным для яго крокам.
Іншыя крыніцы адзначаюць, што з прыходам вайны Сівец-старэйшы хутка эвакуяваў сына дадому, бо спужаўся, што таго адправяць на вайну падчас мабілізацыі.
Каб перастрахавацца, Аляксандру — якога яшчэ нядаўна рыхтавалі ў вайсковыя разведчыкі — на радзіме зрабілі даведку аб непрыдатнасці службы ў войску.

«Ён не лаяльны Лукашэнку, ён гуляе за сябе»
Пры прызначэнні Сіўца Лукашэнка падкрэсліў яго вернасць у 2020 годзе:
«Што тут граху ўтойваць: 2020 год — гэта паказчык. Хто як прайшоў гэты этап, пра шмат што кажа. Тут таксама да вас прэтэнзій абсалютна няма».
У 2020 годзе менавіта Сівец узяў на сябе ініцыятыву і прапанаваў штрафаваць за кожны бел-чырвона-белы сцяг на 135 рублёў. Прычым гэта быў яшчэ канец верасня, калі працягваліся актыўныя пратэсты.
Безумоўная лаяльнасць уладам з таго часу — галоўны арыенцір пры працаўладкаванні ў сённяшняй Беларусі. Знаёмы новага старшыні Канстытуцыйнага суда кажа, што ў 2020‑м Сівец быў упэўнены ў тым, што сілавікі максімальна падрыхтаваныя да пратэстаў і абароняць рэжым пры любых сцэнарах.
Але яго жонку крыху пужалі настроі людзей падчас кавіду — у сям’і прызнавалі, што справы змагання з вірусам ідуць нядобра, і дапускалі, што менавіта гэта можа раззлаваць народ. У масавасць акцый па закліку апазіцыі ніхто не верыў.
Некаторыя называюць мужа і жонку Сіўцоў «парачкай шэрых кардыналаў лукашэнкаўскай вертыкалі».
Сіўца лічаць хутчэй кар'ерыстам, чым адданым лукашэнкаўскай ідэалогіі.
«Сівец — прагматычны прадукт сістэмы, які хоча дабрацца на самы верх. Ён не лаяльны Лукашэнку, ён гуляе за сябе».
Цяпер Сівец адказвае за Канстытуцыйны суд — ён павінен правяраць, наколькі заканадаўства Беларусі, у прыватнасці, указы Аляксандра Лукашэнкі, адпавядаюць Канстытуцыі.
Яго папярэднік Пятро Міклашэвіч займаў пасаду з 2008 года і не запомніўся ўвогуле нічым, ні разу не ўсумніўшыся ў дзеяннях Лукашэнкі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНачальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем
Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт
Новым генпракурорам стаў гэбіст Дзмітрый Гара. Раней ён узначальваў Следчы камітэт
Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда
Каментары
Тыповы беспрынцыпны, двутварны тып і прыстасаванец. Як і ягоны папярэднік Міклашэвіч. Чужынец да беларушчыны і без кроплі сумлення. Іншых у лукашысцкай сістэме пасля 2020 не існуе.