Што рабіць, калі мяжу зноў раптам закрыюць? Беларусы абмяркоўваюць, як планаваць паездку ў новых рэаліях
Другі раз цягам месяца Літва на кароткі тэрмін закрывала мяжу з Беларуссю з-за метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Гэтым разам — на 14 гадзін. Беларусы ў прыгранічных чатах цяпер гадаюць, як планаваць паездкі, калі мяжа можа быць зноў закрыта ў любы момант.

«Што, калі захраснеш на мяжы ў дзень заканчэння візы?»
Даведацца загадзя, ці не будзе закрыта мяжа, немагчыма, паколькі гэта залежыць ад таго, ці будуць зноў масава ляцець у Літву метэазонды з цыгарэтамі.
Жанчына, якая збіраецца вяртацца ў Беларусь у дзень завяршэння тэрміну дзеяння візы, хвалюецца ў чаце.
«Падкажыце, што будзе, калі захраснеш на мяжы ў дзень заканчэння візы? Калі вось так мяжу закрыюць, а ў цябе ў момант стаяння скончыцца віза. У мяне проста віза заканчваецца роўна ў дзень адбыцця, але па плане павінна прайсці не пазней за 13:00 у дзень заканчэння візы на рэйсавым аўтобусе».

Адзін з карыстальнікаў адказаў жанчыне, што ў выпадку пратэрмінавання візы ёй пагражае дэпартацыя і забарона на ўезд у Шэнгенскую зону тэрмінам ад 6 месяцаў.
Іншыя тлумачаць, што праблема тут не ў літоўскім баку, а ў тым, што яна сама не заклала рызыкі, паколькі пагранічнікі глядзяць на рэчы па факце.
«Яны не будуць разбірацца ў прычынна-выніковай сувязі. Ёсць прымаўка: «Праблемы індзейца шэрыфа не хвалююць», — жартуюць.

Іншая карыстальніца раіцца ў чаце, што ёй рабіць, калі яна мае квіткі на 1 лістапада на 22:00 з Мінска ў аэрапорт Вільні, адкуль з малым сынам ляціць на самалёце ў Берлін.

Жанчыне параілі выехаць загадзя і заночыць у гасцініцы ў Літве. Маўляў, фізічна будзе лягчэй працягваць паездку пасля адпачынку ды і рызыка прапусціць самалёт будзе меншай.
Як і абяцаў літоўскі бок, рух на мяжы быў адноўлены а 12‑й гадзіне суботы, пасля 14 гадзін ад моманту закрыцця.
За гэты час чарга на выезд з Беларусі праз «Каменны Лог» вырасла з 10 да 90 машын. Перад аднаўленне руху таксама сабралася чарга з 15 аўтобусаў.

Чарга на выезд з Літвы ў Беларусь праз гадзіну пасля аднаўлення працы «Каменнага Логу» расцягнулася на 1,2 кіламетра.

У «Беняконях» сітуацыя амаль не змянілася, чарга вырасла ўсяго на 20 машын. Чаргі з аўтобусаў там не было.
Чарга на выезд з Літвы — каля 500 метраў.
Якія ёсць альтэрнатыўныя варыянты?
Альтэрнатыўных варыянтаў, як тэрмінова трапіць у Літву або выехаць з яе на аўто, калі мяжу закрываюць, не шмат.
Найбліжэйшы пункт пропуску ад літоўскіх «Меднікаў» і «Шальчанінкай» знаходзіцца ў Латвіі. Ад Вільні да «Патэрніекаў» — каля 270 кіламетраў.
Але хутка выехаць з ЕС праз Латвію не атрымаецца. Па-першае, з 1 верасня дзейнічаюць новыя правілы ўезду ў Латвію. Замежнік абавязаны запоўніць анкету не пазней як за 48 гадзін да перасячэння мяжы. Калі анкеты не будзе — можа чакаць штраф да $2000 еўра і дэпартацыя. Гэта датычыцца ў тым ліку транзіту па тэрыторыі Латвіі пры заездзе з Эстоніі і Літвы.
Па-другое, з 15 лістапада на выезд з Латвіі дзейнічае электронная чарга. Бліжэйшыя вольныя даты ёсць не раней чым праз тыдзень.
Каб выехаць з Беларусі ў Латвію, трэба таксама загадзя (за 48 гадзін) запоўніць адмысловую анкету і не забываць, што Латвія ў адрозненне ад Літвы цалкам забараніла праезд па сваёй тэрыторыі на машынах з беларускімі нумарамі.
Ад Вільні да польскага «Тарэспаля» каля 550 кіламетраў, але менавіта гэты доўгі маршрут у тэорыі можа стаць адзіным альтэрнатыўным шляхам для тых, каго закрыццё мяжы застала ў чарзе або ў дарозе.
У Польшчы няма ні забароны на праезд на аўто з беларускімі нумарамі, ні анкет, якія трэба запаўняць загадзя, ні электроннай чаргі.
Аўтобусам альтэрнатыва толькі ў аб'езд праз Польшчу. Дарога з Варшавы да Вільні займае 7,5—8,5 гадзіны.
Больш складаныя і дарагія варыянты — самалётам у Калінінград ці ў Стамбул, а адтуль ужо ў Еўропу. І зноў жа — такія квіткі трэба купляць загадзя, у выпадку раптоўнага закрыцця мяжы такія маршруты не надта выручаць.
Ездзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша
Каментары