«Расія падобная да вады». Як расійская прапаганда непрыкметна заваёўвае аўдыторыю ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы
За апошнія тры гады расійскі дзяржаўны навінавы канал RT, а таксама інфармацыйнае агенцтва і радыё Sputnik пашырылі сваю міжнародную прысутнасць; цяпер яны вяшчаюць у шэрагу краін Афрыкі, Блізкага Усходу, Паўднёва-Усходняй Азіі і Лацінскай Амерыкі, а таксама на Балканах. Такое пашырэнне вяшчання ў гэтых рэгіёнах супала з увядзеннем абмежаванняў у дачыненні да RT у краінах Захаду, піша Бі-бі-сі.

Кіроўца грузавіка Хаўер Гальярда любіць пачынаць раніцу з прагляду тэлевізійнай праграмы класічнай музыкі — гэта частка яго распарадку дня, музыка дапамагае яму настроіцца на працоўны дзень.
У адзін з панядзелкаў у чэрвені ён як звычайна ўключыў тэлевізар, але замест музычнай перадачы на экране з'явіліся кадры з зоны баявых дзеянняў. Ішоў выпуск навін на канале, пра які ён ніколі раней не чуў. «Што адбываецца?» — здзівіўся ён.
Праз 20 хвілін ён выключыў тэлевізар: «Я не прасякнуўся гэтым». Убачыў зялёны лагатып канала ў ніжнім кутку экрана — на ім былі літары RT. Пашукаўшы ў Інтэрнэце інфармацыю пра вяшчальніка, мужчына высветліў, што гэта расійскі канал.
Хаўер жыве ў Чылі. Сцвярджаецца, што прыватны тэлеканал Telecanal перадаў сваю частату расійскаму дзяржаўнаму навіннаму тэлеканалу RT, раней вядомаму як Russia Today.
Нацыянальная рада па тэлебачанні Чылі прыгразіла Telecanal наступствамі за магчымае парушэнне закона аб вяшчанні. Пакуль канал не падаў свой адказ рэгулятару, на якой падставе ён перадаў частату расійскаму вяшчальніку. Telecanal таксама не адказаў на запыт Бі-бі-сі адносна каментара.
Гледачы ў Чылі, тым часам, застаюцца здзіўленымі. «Я знерваваўся, — прызнаецца Хаўер. — Яны нічога не абвясцілі загадзя, і я не разумею чаму».
За апошнія тры гады расійскі дзяржаўны навінавы канал RT, а таксама інфармацыйнае агенцтва і радыё Sputnik пашырылі сваю міжнародную прысутнасць; цяпер яны вяшчаюць у шэрагу краін Афрыкі, Блізкага Усходу, Паўднёва-Усходняй Азіі і Лацінскай Амерыкі, а таксама на Балканах. Такое пашырэнне вяшчання ў гэтых рэгіёнах супала з увядзеннем абмежаванняў у дачыненні да RT у краінах Захаду.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года вяшчанне RT было абмежавана ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе і краінах Еўрапейскага Саюза. Акрамя таго, акаўнты вяшчальніка ў сацсетках былі заблакаваныя буйнымі тэхналагічнымі кампаніямі за распаўсюд дэзынфармацыі пра вайну ва Украіне.
У 2024 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць кіраўніцтва RT, у тым ліку супраць галоўнай рэдактаркі тэлеканала Маргарыты Сіманьян, за меркаваныя спробы падарваць «грамадскі давер» да дзяржаўных інстытутаў краіны. Гэта адбылося на фоне абвінавачванняў на адрас Крамля ў арганізацыі шырокамаштабнай кампаніі ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары. RT тады адмаўляў сваё дачыненне да падобнай кампаніі.
Аднак у многіх іншых краінах уплыў RT увесь гэты час толькі рос. У 2023 годзе RT адкрыў карпункт у Алжыры, запусціў тэлевяшчанне на сербскай мове і пачаў праводзіць бясплатныя навучальныя праграмы для журналістаў з Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыі і Кітая. Тэлекампанія таксама абвясціла пра адкрыццё офіса ў Індыі. Тым часам у лютым расійскі Sputnik адкрыў рэдакцыю ў Эфіопіі.
Усё гэта супала з відавочным скарачэннем прысутнасці заходніх СМІ ў гэтых рэгіёнах. З-за скарачэння бюджэту і змены прыярытэтаў знешняй палітыкі некаторыя СМІ скарацілі і нават спынілі сваё існаванне ў некаторых частках свету.
Два гады таму Бі-бі-сі закрыла сваю арабскую радыёслужбу на карысць лічбавага фармату — з навінамі ў аўдыё-, відэа– і тэкставым фармаце. Пазней пачалі выходзіць спецыяльныя радыёперадачы для насельніцтва сектара Газа і для жыхароў Судана. Тады ж расійскі Sputnik пачаў кругласутачнае вяшчанне ў Ліване, заняўшы частату, ад якой адмовілася Арабская служба Бі-бі-сі.
Міжнародная вяшчальная служба «Голас Амерыкі», якая фінансуецца ўрадам ЗША, скараціла большую частку свайго персаналу.
«Расія падобная да вады: яна праточваецца туды, дзе ёсць расколіны ў цэменце», — кажа Кэтрын Стоўнер са Стэнфардскага ўніверсітэта.
Аднак застаецца пытанне: якая канчатковая мэта Расіі? І што азначае відавочнае ўзмацненне ўплыву расійскіх СМІ ў гэтых рэгіёнах у часы змены сусветнага парадку?
«Не ўсе вар'яцкія канспіролагі»
«[Краіны за межамі Захаду] ўяўляюць сабой вельмі добрую глебу ў інтэлектуальным, культурным і ідэалагічным плане [з-за] захавання ў гэтых рэгіёнах антыамерыканскіх, антызаходніх і антыімперскіх настрояў», — гаворыць Стывен Хатчынгс, прафесар, які займаецца даследаваннямі Расіі, у Манчэстэрскім універсітэце.
Ён сцвярджае, што расійская прапаганда распаўсюджваецца ўмела: яе змест карэктуецца з улікам інтарэсаў канкрэтнай аўдыторыі, нават калі гэта азначае неабходнасць падладжвання да розных ідэалагічных пазіцый у розных рэгіёнах.
Возьмем, да прыкладу, успрыманне RT. На Захадзе яго часта ўспрымаюць як «расійскую дзяржаўную кампанію і распаўсюдніка дэзынфармацыі», кажа ён. Аднак у іншых рэгіёнах свету расійскую тэлекампанію лічаць звычайным вяшчальнікам з уласнай рэдакцыйнай пазіцыяй.
Таму часцяком гледачы схільныя верыць — «не ўсе вар'яцкія канспіролагі, якія наіўна вераць хлусні».
Так гаворыць Мал Крылі. Ён выкладае міжнародныя адносіны ў Універсітэце Глазга і лічыць, што
асвятленне RT падзей у свеце можа быць цікавае шырокай аўдыторыі — «людзям, якія справядліва занепакоеныя глабальнай несправядлівасцю або падзеямі, у якіх, на іх думку, замяшаны Захад».
«Вельмі акуратная маніпуляцыя»
На першы погляд, англамоўны сайт RT выглядае як стандартны навінавы сайт, і некаторыя падзеі ён асвятляе даволі праўдзіва.
«[Гэта] вельмі акуратная маніпуляцыя», — сцвярджае Прэшыс Чатэржы-Дудзі, старшая выкладчыца паліталогіі і міжнародных даследаванняў адкрытага ўніверсітэта, якая напісала кнігу пра RT у суаўтарстве з прафесарам Хатчынгсам і Рысам Крылі.
Яна і іншыя калегі прааналізавалі міжнародныя выпускі навін RT за двухгадовы перыяд — з мая 2017 года па май 2019 года — і прыйшлі да высновы, што выбар сюжэтаў (што асвятлялася, а што не) адпавядаў пэўным наратывам. Напрыклад, даследчыкі выявілі, што пры асвятленні падзей у Еўропе асаблівая ўвага надавалася пратэстам і беспарадкам, тады як, кранаючыся навіннага парадку дня ў Расіі, асабліва падрабязна асвятляліся вайсковыя вучэнні.
Тэлекампанія таксама робіць адкрыта хлуслівыя заявы, напрыклад, прадстаўляючы анексію Крыма Расіяй у 2014 годзе як мірнае «ўз'яднанне», адмаўляючы відавочныя доказы вайсковага ўмяшання. Тэлеканал таксама паслядоўна адмаўляў наяўнасць доказаў ваенных злачынстваў Расіі, учыненых ва Украіне з моманту поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе.
RT таксама публікаваў рэпартажы з каментатарамі, якія абвінавачвалі Украіну ў датычнасці да катастрофы малайзійскага «Боінга» MH17 у ліпені 2014 года. Дзіўным аказалася ўспрыманне гэтай тэмы гледачамі.
У перыяд з 2018 па 2022 год даследчыкі апыталі 109 чалавек, якія глядзелі RT у Вялікабрытаніі да таго, як рэгулятар Ofcom адклікаў у тэлеканала ліцэнзію на вяшчанне.
Чатэрджы-Дудзі адзначыла, што многія з апытаных заявілі: яны лічылі, што «RT перадузяты», але лічылі, што ў іх ёсць інструменты, каб адрозніць праўду ад хлусні. Аднак, грунтуючыся на сваім даследаванні, яна папярэдзіла: «[аўдыторыя] не заўсёды ўсведамляе, у чым менавіта заключаецца перадузятасць RT і адкуль бярэцца хлусня ў рэпартажах».
Чаму Расія зноў звярнула ўвагу на Афрыку
Са слоў прафесара Хатчынгса, апошнім часам расійскія дзяржаўныя СМІ значна пашырылі сваё вяшчанне ў Афрыцы. У лютым прадстаўнікі расійскіх уладаў наведалі Эфіопію, дзе быў адкрыты новы офіс Sputnik. Ён ужо вяшчае ў іншых краінах Афрыкі на англійскай і французскай мовах. А цяпер Sputnik пашырыў вяшчанне, уключыўшы ў яго амхарскую мову — адну з афіцыйных моў Эфіопіі.
Па словах галоўнага рэдактара RT, тэлеканал пераарыентаваў сваю рэдакцыю, якая працавала для франкамоўных жыхароў Захаду, на франкамоўныя краіны Афрыкі. Фінансаванне, якое прызначалася для рэдакцый у Лондане, Парыжы, Берліне, а таксама ў ЗША, таксама было выкарыстана для пашырэння вяшчання ў Афрыцы.
У мінулым годзе расійскія дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што ў RT ёсць сем карпунктаў у Афрыцы, хоць пацвердзіць гэтую інфармацыю з незалежных крыніц немагчыма.
Многія жыхары Афрыкі добра ставяцца да Расіі — на фоне антыкаланіялісцкіх і антыімперыялістычных настрояў у гэтых краінах. Таксама дае пра сабе знаць памяць пра тое, што СССР падтрымліваў вызваленчыя руху ў краінах Афрыкі падчас Халоднай вайны.
Пашыраючы сваё вяшчанне ў Афрыцы, Расея, імаверна, спадзяецца падарваць уплыў Захаду, заручыцца падтрымкай краін Афрыкі і наладзіць з імі эканамічныя сувязі, сцвярджае Крылі.
Курс RT па журналістыцы для рэпарцёраў з Афрыкі
Калі RT запусціў свой першы анлайн-курс, арыентаваны на афрыканскіх журналістаў і блогераў, да яго далучыўся Глабальны аддзел па барацьбе з дэзынфармацыяй Бі-бі-сі, каб атрымаць уяўленне пра навучанне на гэтым курсе і яго змесце.
«Мы — адны з найлепшых у галіне праверкі фактаў і ніколі не былі абвінавачаныя ў распаўсюдзе хлуслівай інфармацыі», — заявіў студэнтам генеральны дырэктар RT Аляксей Ніколаў.
Адзін з семінараў быў прысвечаны пошуку і раскрыццю дэзынфармацыі. Выкладчык заявіў, што хімічная атака ў сірыйскім горадзе Дума ў 2018 годзе, праведзеная рэжымам Асада, які падтрымліваецца Расіяй, з'яўляецца «класічным прыкладам фэйкавых навін». Такім чынам ён праігнараваў вынікі двухгадовага расследавання Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, які пацвердзіў, што атакі былі здзейсненыя сірыйскімі ВПС.
Вядучы семінара таксама адмаўляў масавае забойства мірных жыхароў расійскімі войскамі ва ўкраінскім горадзе Буча ў 2022 годзе, назваўшы гэта «самым вядомым фэйкам». (І гэта нягледзячы на доказы ААН і пацвярджэнні незалежных крыніц, якія вінавацяць расійскія войскі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў).
Бі-бі-сі пагутарыла з удзельнікамі курса. Многія, здавалася, не былі занепакоеныя гэтымі сцвярджэннямі выкладчыка.
Некаторыя ўдзельнікі курса сказалі, што лічаць RT звычайным міжнародным тэлеканалам, як CNN або Al Jazeera. Калі ж Бі-бі-сі размаўляла з эфіёпскім журналістам, ён паўтарыў заявы RT, назваўшы забойствы ў Бучы «пастаноўкай». На фатаграфіі ў яго профілі ў сацыяльных сетках была фатаграфія Пуціна.
Журналіст са Сьера-Леонэ прызнаў рызыкі дэзынфармацыі і маніпуляцый, але, з ягоных слоў, у кожнага СМІ свой стыль і «навінная каштоўнасць».
Ад Блізкага Усходу да Лацінскай Амерыкі
Па словах прафесара Хатчынгса, на Блізкім Усходзе расійскія дзяржаўныя СМІ, такія як RT Arabic і Sputnik Arabic, адаптуюць сваё асвятленне вайны Ізраіля ў сектары Газа для прыцягнення прапалесцінскай аўдыторыі.
У іншых краінах, уключаючы Лацінскую Амерыку, RT таксама спрабуе пашырыць вяшчанне. Паводле інфармацыі на сайце RT, перадачы тэлеканала даступныя бясплатна ў 10 краінах рэгіёну. Сярод іх Аргенціна, Мексіка і Венесуэла. Акрамя таго, RT транслюецца па кабельным тэлебачанні яшчэ ў 10 краінах.
Міжнародныя навіны на іспанскай мове ў эфіры бясплатнага канала — «частка яго поспеху», — лічыць гісторык і палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтра Governance and Political Analysis Арманда Чагуаседа.
І хоць RT заблакаваны на YouTube па ўсім свеце з сакавіка 2022 года, аднак яго матэрыялы ўсё ж такі часам з'яўляюцца на платформе. У Аргенціне 52-гадовы цясляр Анібаль Байгорыя запісвае перадачы RT і выкладвае іх на сваім канале ў YouTube разам са сваімі каментарамі.
«Тут, у Буэнас-Айрэсе, з навін можна даведацца ў асноўным толькі пра падзеі ў горадзе. RT гаворыць, што адбываецца ў Лацінскай Амерыцы і наогул у свеце», — кажа ён. Пры гэтым, як ён лічыць, «кожны мае права вырашаць, што ён лічыць праўдай».
Наколькі вялікая аўдыторыя
У канчатковым рахунку, складана вымераць рэальны ўплыў расійскіх дзяржаўных СМІ па ўсім свеце.
RT сцвярджае, што ён даступны больш чым 900 мільёнам тэлегледачоў у больш чым 100 краінах, а яго матэрыялы сабралі 23 мільярды анлайн-праглядаў у 2024 годзе. Аднак, як адзначае Расмус Нільсэн з Капенгагенскага ўніверсітэта: «Даступнасць не з'яўляецца значным паказчыкам памеру аўдыторыі».
Паводле яго слоў, сцвярджэнне, што ў тэлеканала 900 мільёнаў гледачоў, вельмі сумнеўнае. Ён кажа, што даныя пра колькасць анлайн-праглядаў матэрыялаў з'яўляюцца даволі недакладным і маніпулятыўныя індыкатарам.
Чатэрджы-Дудзі згодная з тым, што ацаніць прамое ўздзеянне складана. Але яна прыводзіць адзін прыклад, які можа сведчыць пра пэўны поспех Расіі. У афрыканскім рэгіёне Сахель, які распасціраецца ад Сенегала на ўсход да Судана, Расія адыграла важную вайсковую ролю «пры адносна невялікім грамадскім супраціве» (яна ўмацавала свае пазіцыі, падтрымліваючы вайсковыя хунты ў такіх краінах, як Малі, Буркіна-Фасо і Нігер).
Яшчэ адзін трывалы наратыў — апраўданне расійскага ўварвання ва Украіну. Расія доўгі час прадстаўляла пашырэнне НАТА на ўсход і рост сувязяў Украіны з альянсам як ключавую прычыну свайго поўнамаштабнага ўварвання, сцвярджаючы, што такі кірунак у замежнай палітыцы Кіева ўяўляе сабой «пагрозу бяспецы» Расіі і што Масква дзейнічала ў мэтах «самаабароны».
Хоць гэта сцвярджэнне не было прынята на Захадзе, аднак такі пункт гледжання даволі распаўсюджаны сярод жыхароў краін глабальнага Поўдня.
«Гэтая ідэя… даволі добра ўспрымаецца, асабліва ў акадэмічных колах, у Мексіцы і ў Лацінскай Амерыцы ў цэлым», — кажа доктар Чагуаседа, каментуючы аргумент аб пашырэнні НАТА.
Некаторыя лідары краін глабальнага Поўдня не наважваліся асудзіць вайну Расіі супраць Украіны. На першым галасаванні ў Генеральнай Асамблеі ААН пасля поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе пераважная большасць краін асудзіла вайну, але 52 дзяржавы альбо прагаласавалі супраць рэзалюцый, альбо афіцыйна ўстрымаліся, альбо не сталі ўдзельнічаць у галасаванні. Сярод іх — Балівія, Малі, Нікарагуа, ПАР і Уганда.
У доктара Крылі свой погляд на тое, што можа быць мэтай расійскай прапаганды.
«[Крэмль спрабуе] паменшыць ізаляцыю Расіі на сусветнай арэне, малюючы Расію ахвярай «заходняй» агрэсіі і прадстаўляючы яе як абаронцу глабальнага Поўдня», — кажа эксперт.
Ён папярэджвае, што рызыка заключаецца ў тым, што «RT і іншыя расійскія сродкі дэзынфармацыі адыгрываюцца на слабых баках ліберальнай дэмакратыі, адначасова нармалізуючы расійскую агрэсію ва Украіне і прадстаўляючы Расію не як аўтарытарную дзяржаву, а як нейкую добрую сілу ў сусветнай палітыцы».
У канчатковым рахунку прафесар Хатчынгс лічыць, што ўсім варта быць занепакоенымі дзейнасцю расійскіх дзяржструктур — асабліва ў кантэксце будучага сусветнага парадку і дэмакратыі. Ён мяркуе, што Захад «выпускае з-пад увагі галоўнае», скарачаючы фінансаванне сваіх СМІ і «пакідаючы поле адкрытым для такіх, як Russia Today».
«Ёсць за што змагацца, і ёсць што траціць… Расія перамагае, але бітва яшчэ не прайграная», — кажа эксперт.
«Яго пагарда да Украіны ўзмацнілася». Як цяпер жыве Пабла Гансалес — агент ГРУ, які вярнуўся ў Расію пасля абмену
«Мяне грохнуць на другі дзень». Прапагандыстка Сіманьян расказала, як хацела ехаць ваяваць — а пасля перадумала
«Выдатныя навіны», «крутое рашэнне». Графач і Маргарыта Сіманьян у захапленні ад магчымага закрыцця «Свабоды»
Russia Today праводзіць у Мінску школу для журналістаў. Прыехаў і Прыдыбайла
Расія канфіскавала ў Google больш за 100 мільёнаў даляраў на карысць сваіх прапагандыстаў
Каментары
[Зрэдагавана]