Грамадства77

«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Айцішнік-сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў

Аляксандр Панько працуе Senior Quantitative Consultant у швейцарскім банку UBS, піша Devby.io.

«Маю жонку заўважылі і запрасілі»: шлях у Швейцарыю

— У ІТ я працую ўжо 12 гадоў, з 2013 года. Уваход у прафесію пачынаўся паралельна з маёй адукацыяй у БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (ФПМІ). У Беларусі я адпрацаваў чатыры гады. Затым паступіў у магістратуру аўстрыйскага Vienna University of Economics and Business у галіне Quantitative Finance (лічбавыя, або колькасныя фінансы). Гэты ўніверсітэт рэгулярна трапляе ў 1% лепшых бізнес-школ свету, а яго магістарская праграма уваходзіць у ТОП-20 у свеце ў сваёй галіне.

Для падрыхтоўкі да навучання ў Аўстрыі мы з жонкай паступілі ў амерыканскі World Quant University на Master of Science in Financial Engineering. Гэта online праграма, але вельмі годная. Паступленне ў аўстрыйскую ВНУ дапамагло нам зрабіць візы.

Жыццё ў Аўстрыі — гэта два самыя складаныя гады ў маім жыцці. Паралельна з вучобай у дзвюх магістратурах мы працавалі part-time 50%.

І ў дадатак удзельнічалі ў дадатковай праграме ў галіне партфоліа менеджмента. Акрамя таго, на другім курсе магістратуры я падпрацоўваў рэпетытарам, хлопцы прасілі ім дапамагчы, каб іх не адлічылі. У гэты перыяд я быў на мяжы выгарання, дайшоў да свайго асабістага ліміту. Мы з жонкай дапамагалі адзін аднаму, напрыклад, рабілі хатнія заданні за дваіх, пакуль другі спаў, і абедзве магістратуры паспяхова скончылі.

Пасля гэтых двух гадоў вельмі-вельмі-вельмі інтэнсіўнай працы і вучобы нам крыху пашанцавала. У праграме па партфоліа менеджменту маю жонку заўважылі і запрасілі паехаць у Швейцарыю на працу. Кампанія, якая арганізавала гэтую праграму, базуецца ў Швейцарыі. І яна набірала супрацоўнікаў у свой швейцарскі офіс.

«Прыйшлося пачынаць з самага-самага нізу»: пошукі працы

Зараз мы жывем у вельмі прыгожай швейцарскай вёсцы на беразе возера. З акна я бачу горы і возера. Аднак гэта не вельмі блізка да Цюрыха, мне даводзіцца ездзіць у горад на працу. Такая вось расплата за прыгажосць прыроды.

Жыллё (3 пакоі, 90 квадратных метраў у шматкватэрным доме) мы арандуем. Справа ў тым, што зрабілі запрашэнне на працу менавіта ў гэтую вёску, і кампанія дае субсідыю на дзіцячы садок і на арэнду жылля. Таму мы плацім паўтары тысячы франкаў у месяц, што вельмі танна. Але гэта, хутчэй, выключэнне.

Жонка з першага дня і да гэтага часу працуе ў гэтай кампаніі. У яе ўсё стабільна.

А вось у мяне быў іншы шлях. Таму што тым людзям, якія прыязджаюць у Швейцарыю без офера, знайсці тут працу вельмі цяжка. У маім выпадку за плячыма былі тры магістратуры ў вельмі паважаных, добрых навучальных установах. Вядома, не Оксфард, але найлепшая беларуская, найлепшая аўстрыйская адукацыя і даволі добрая праграма амерыканскага ўніверсітэта.

Плюс у Аўстрыі я працаваў на нядрэнных пазіцыях, паўтара года ў Raiffeisen Bank і каля паўгода ў інвестыцыйным фондзе.

І ўсё роўна было неверагодна складана. Я проста не мог зразумець, каго ж яны шукаюць, калі ў мяне не атрымліваецца ў многіх выпадках нават проста трапіць на інтэрв’ю.

У дадатак не пашанцавала ў тым плане, што гэта быў перыяд пандэміі COVID-19.

Усяго на пошук першай швейцарскай працы сышло каля трох месяцаў. З пазіцыямі мідл-узроўню нічога не атрымлівалася. У выніку з усімі маімі адукацыямі і досведам прыйшлося пачынаць з самага-самага нізу — пачаў падавацца на джуніёрскія пазіцыі і стажыроўкі ў добрыя кампаніі. Прыкладна праз месяц я атрымаў стажыроўку — год у аддзеле партфоліа-менеджмента ў добрай страхавой кампаніі. Гэта сур’ёзная праца, сур’ёзная кампанія — але, тым не менш, гэта была менавіта стажыроўка. Пасля яе мне не змаглі прапанаваць пастаянны кантракт, проста я выканаў праект — і мне сказалі «да пабачэння».

Потым я пачаў працаваць на швейцарскай фондавай біржы. Гэта была паўгадавая стажыроўка ў вельмі добрай кампаніі.

Абяцалі, што пасля стажыроўкі працаўладкуюць. У выніку, калі я паспяхова выканаў праект, усе засталіся задаволеныя. «Дзякуй вялікі, выдатная праца, але, на жаль, у нас няма адкрытых пазіцый». Атрымалася, што мяне тут у другі раз кінулі.

Я быў ужо даволі злы на падобныя карпарацыі і зразумеў, што трэба дзейнічаць неяк па-іншаму. І пайшоў у невялікую швейцарскую кампанію, падобную на стартап, там працавала літаральна чалавек 10. Дамовіўся, што ў мяне адразу будзе прапісана мідлаўская пазіцыя Quantitative Analyst.

Я працаваў у гэтай кампаніі і паралельна працягваў шукаць новую працу: разумеў, што трэба рухацца далей. Працадаўцу вельмі падабалася, што я добра працую за зарплату істотна ніжэй сярэднерынкавай. Першапачаткова мы дамаўляліся, што будзем перагледжваць зарплату кожныя тры месяцы, так як пачынаў я з 65 тысяч франкаў у год пры сярэдняй зарплаце на такіх пазіцыях каля 100 тысяч [швейцарскі франк у першай палове 2025 года таргуецца на ўзроўні 1,03 — 1,08 еўра і 1,10-1,27 даляра].

На такі дэмпінг я пайшоў з-за неабходнага для мяне пастаяннага кантракту і цалкам аддаленай працы. Плюс спадзяваўся, што што хутка дакажу сваю каштоўнасць і зарплату мне падвысяць. Зарплата сапраўды набліжалася да сярэдняй, але працы рабілася ўсё больш. Узровень занятасці вырас да двух фултайм праектаў адначасова, і мне не здавалася справядлівым працаваць за адну зарплату з такой нагрузкай.

Увесь гэты час я рэгулярна падаваўся на розныя пазіцыі, і праз паўтара года на мяне выйшаў швейцарскі банк UBS (на яго вакансіі я адгукаўся з першага дня жыцця ў Швейцарыі). Пасля серыі з пяці ці шасці даволі складаных інтэрв’ю я атрымаў офер.

Апошнія два з паловай гады працую ў UBS. Зараз — на пасадзе Senior Quantitative Consultant. Гэта сеньёрская пазіцыя, на якой я дапамагаю розным камандам укараняць ІТ-рашэнні на базе ML. Мы робім розныя мадэлі, якія дапамагаюць банку разлічваць рызыкі, а таксама лепш арганізоўваць свае інвестыцыі.

Мае высновы з асабістага досведу пошукаў (і дапамогі ў пошуку іншым людзям). Нават без ускладняючых фактараў кшталту пандэміі знайсці працу ў Швейцарыі з нашым грамадзянствам вельмі складана. І нават з грамадзянствам дзяржавы-члена ЕС. У Швейцарыі вельмі высокая канкурэнцыя, таму што сюды сцякаюцца спецыялісты з усяго свету. Патрэбны альбо дастаткова вялікі досвед, альбо рэальна моцны профіль. І ідэальна падрыхтаваныя дакументы аб адукацыі, працы: тут іх вельмі ўважліва вывучаюць.

Неяк я падаваўся на джуніёрскую пазіцыю ў той жа UBS. Патрапіў у фінал, дзе заставалася двое кандыдатаў. У выніку офер атрымаў немец, які шэсць (!) гадоў працаваў на аналагічнай пазіцыі ў Германіі. Нагадаю, што гэта была джуніёрская пазіцыя!

У Беларусі і Аўстрыі, дарэчы, я праходзіў інтэрв’ю вельмі хутка, і практычна кожнае заканчвалася оферам.

«Практычна не бывае такога, каб у офісе хто-небудзь смяяўся»: праца ў швейцарскім банку

Перапрацоўваць у маёй кампаніі асаблівай патрэбы няма. У нас цалкам нармальны працоўны графік — прыкладна па восем гадзін. Пры гэтым афіцыйны працоўны дзень крыху больш, 8,5 гадзін.

Самае галоўнае — каб праца была зроблена своечасова і якасна. Таму я і мае калегі сфакусаваны не на тым, колькі гадзін мы правялі ў офісе, а на тым, наколькі добра мы зрабілі сваю працу, ці задаволены кліент, ці паспяваем ў тэрміны, ці усё добра з праектам. Адзначу, што тэрміны цалкам рэалістычныя. Я б не сказаў, што мы забіваемся на працы.

Людзі ў камандзе неверагодна высока адукаваныя. Ва ўсіх як мінімум адна вельмі добрая магістратура, у многіх PhD. Двое калег, скончылі Оксфард, некалькі — Швейцарскую вышэйшую тэхнічную школу Цюрыха, дзе навучаўся і выкладаў Альберт Энштэйн. Таму тут няма асаблівых праблем з камунікацыяй. Размоўная мова англійская, усе вельмі інтэлігентныя.

Не скажу, што атрымліваецца заводзіць сяброў на працы, гэта не так лёгка. І яшчэ тут вельмі працоўная атмасфера. Практычна не бывае такога, каб у офісе хто-небудзь смяяўся, зносіны не надта «жывыя». Можа, гэта асаблівасць банка — бо ў Беларусі я працаваў у звычайнай ІТ-кампаніі. Там было рэальна весела. Мы маглі пасмяяцца, пажартаваць, нешта парабіць такое вясёлае. Тут усё нейкае больш сур’ёзнае. Гэта не значыць, што гэта дрэнна, гэта проста па-іншаму.

У працы ў буйной інтэрнацыянальнай кампаніі ёсць свае асаблівасці. Вельмі важна сачыць за тым, што і як ты кажаш. Акрамя карпаратыўнай лексікі, важна думаць, каб выпадкова не сказаць чаго-небудзь, што можа быць успрынята як расізм, сексізм. Альбо неяк не так адазвацца аб меншасцях. Гэта можа прывесці да сур’ёзных праблем.

Унутры кампаніі стаўленне да ўсіх супрацоўнікаў нармальнае, нейтральнае. Але пры працаўладкаванні існуе своеасаблівая іерархія. Спачатку, натуральна, будуць наймаць швейцарцаў. Калі швейцарцы скончацца, пры іншых роўных будуць наймаць немцаў, французаў, італьянцаў. Потым — іншых блізкіх еўрапейцаў, і потым ужо людзей з іншых краін. У гэтым выпадку іерархія існуе. Але як толькі вы трапілі ў сістэму — ніякіх межаў больш няма.

Зрэшты, у выпадку прасоўвання па кар’ернай лесвіцы могуць быць пэўныя меркаванні наконт таго, з якой ты краіны. Але гэта звязана, хутчэй, з тым, што ў немцаў родная мова нямецкая, што можа цаніцца старэйшым кіраўніцтвам банка. Я лічу, што гэта нармальны працоўны момант, калі знаходзішся ў нямецкамоўнай частцы Швейцарыі.

У Швейцарыі вельмі многія размаўляюць па-англійску. Тым не менш, вельмі пажадана ведаць мясцовую мову рэгіёна, у якім ты жывеш. Тут ёсць тры вялікія рэгіёны: нямецкамоўны, франкамоўны і італамоўны. І адна спецыфічная рэтараманская мова, якая наогул незразумела на што падобная. Калі французская і італьянская мовы ў Швейцарыі цалкам нармальныя, то нямецкая мова ў іх мае вельмі прыкметныя дыялектныя адрозненні. Я адносна нядрэнна ведаю нямецкую мову, але швейцарскую нямецкую разумею з цяжкасцю.

«Пераход у топ-менеджмент — вельмі нетрывіяльны»: кар’ера

На першы погляд здаецца, што, прыклаўшы такія ж намаганні ў Беларусі, я мог бы дасягнуць яшчэ большых кар’ерных вынікаў. Бо зараз я проста сеньёр, а пераход на пазіцыі наступнага ўзроўню ў кіраўніцтва каманды або топ-менеджмент — вельмі нетрывіяльны. Ён занадта моцна залежыць ад таго, якія ў цябе сувязі. Працэс надзвычай нелінейны, непразрысты, патрабуе добрага нетворкінга і крышачку ўдачы.

Аднак праблема ў тым, што ў Беларусі проста не было цікавай мне працы — Data Science у галіне фінансаў. Не надта развітыя інвестыцыі, не надта развіты FinTech. Было зразумела, што калі я хачу ў гэтай галіне развівацца, трэба шукаць магчымасць у іншых краінах.

У цэлым жыццё на сеньёрскай пазіцыі ў банку або ў іншай добрай кампаніі ў Швейцарыі — гэта добрае жыццё. Тут скардзіцца няма на што.

«Тут няма такога вялікага разрыву паміж джуніёрамі і сеньёрамі»: даходы і выдаткі

У нашай сферы нават у навічкоў зарплаты добрыя, ад 4,5-5 тысяч франкаў у месяц. Тут няма такога вялікага разрыву паміж джуніорамі і сеньёрамі, як у Беларусі. Ты пачынаеш ужо з даволі нядрэннай зарплаты, і потым яна патрошку расце.

Заробак у раёне 100 тысяч франкаў брута ў год для сеньёраў — норма. Моцна залежыць ад таго, колькі гадоў ты адпрацаваў і ў якой арганізацыі. Напрыклад, у Google заробак будзе прыкладна ў два разы большым, чым у маім банку. А ў якой-небудзь меншай кампаніі можа быць крыху меншым.

Падаткі тут усяго працэнтаў 20 ад зарплаты. Для Еўропы гэта сапраўды вельмі добры падатак. Улічваючы памеры зарплат і падатковыя стаўкі, у Швейцарыі можна дастаткова нядрэнна назапасіць грошай.

Калі ў сям'і атрымліваецца адкласці якія-небудзь грошы, людзі ў асноўным альбо спрабуюць узяць іпатэку, альбо рэалізуюць якія-небудзь пенсійныя планы. Многія швейцарцы інвестуюць у фінансавыя рынкі. Асабіста я інвестую ў акцыі. Паколькі я прафесійна працую з інвеставаннем, то дапамагаю пачаць інвеставаць і разабрацца ў гэтым пытанні і іншым людзям. У гэтым годзе я распрацаваў і паспяхова запусціў свой інвестыцыйны курс.

Але і выдаткі ў Швейцарыі дастаткова высокія. Патраціць 7-8 тысяч франкаў у месяц — гэта ўвогуле не праблема. Гэта без раскошы, проста добрае жыццё.

Калі ваш муж ці жонка не працуе, або, напрыклад, у вас з’яўляюцца дзеці — гэта зусім іншая размова.

З дзецьмі два варыянты: альбо нехта адзін перастае працаваць, і вы цалкам губляеце адну зарплату. Альбо дзіця трэба адпраўляць у дзіцячы садок, які каштуе тут проста касмічных грошай, прыкладна тры тысячы франкаў у месяц. Калі ў вас, напрыклад, двое дзяцей малодшага ўзросту, працаваць ужо не мае ніякага фінансавага сэнсу. Многія жанчыны ў Швейцарыі працуюць альбо ў моцна ўрэзаным фармаце, альбо увогуле не працуюць.

Я ведаю людзей, немцаў, якія проста паехалі дадому ў Германію, калі ў іх з’явілася двое дзяцей. Таму што там выдаткі на дзяцей практычна нулявыя, а ў Швейцарыі яны вельмі вялікія.

  • Першы артыкул расходаў — гэта арэнда жылля. Пра куплю жылля ў Швейцарыі, думаю, можна на многія гады забыць. Нармальнае па швейцарскіх мерках жыллё ў нармальным месцы (недалёка ад Цюрыха або іншых гарадоў, дзе ёсць праца) будзе каштаваць ад мільёна франкаў. А хутчэй, ад паўтара мільёнаў. Звычайнай зарплаты сеньёра ў маім банку недастаткова для таго, каб купіць такое жыллё. Так, тут іпатэка не занадта дарагая з пункту гледжання працэнтнай стаўкі. Але пры куплі вам трэба ўнесці пачатковы плацеж мінімум у 20% — дапусцім, 200 тысяч. І ўзяць крэдыт на 800 тысяч франкаў, які прыйдзецца аддаваць усё жыццё. Тэхнічна гэта магчыма, але выглядае як небяспечная ўгода.
  • Яшчэ трэба плаціць страхоўкі. Абавязковыя медыцынскія — на сям’ю каля 700 франкаў у месяц.
  • Калі ў вас ёсць машына, трэба аплаціць месцы паркоўкі. Усе неабходныя сэрвісы — тысячы дзве з паловай у год. Страхоўка на машыну можа быць рознай. Поўнае каска — тысячы дзве ў год.
  • Затым ідуць выдаткі на харчаванне. У параўнанні з усім астатнім яны зусім невялікія. Не больш тысячы франкаў у месяц. А вось паход у нармальны рэстаран — як мінімум 100 франкаў.
  • Але самае дарагое, што тут ёсць — гэта медыцына. У нас ёсць страхоўка, якая цалкам пакрывае роды, абслугоўванне ў выпадку траўмаў і няшчасных выпадкаў. Але вось паслугі кшталту стаматалогіі і ўсё, што не падпадае пад вызначэнне няшчасных выпадкаў, вельмі дарагое. І мы імкнемся гэтым не карыстацца. Заўсёды танней злётаць куды-небудзь і зрабіць усё там — напрыклад, дадому. Зрэшты, стандартная сямейная страхоўка пакрывае ўсе медыцынскія паслугі для дзяцей, што вельмі добра. З маленькімі дзецьмі трэба часта звяртацца да дактароў, і па факце такія звароты абыходзяцца не дорага.
  • Калі вы захочаце здаць на правы, або калі вы хочаце заняцца якім-небудзь хобі кшталту параглайдынга, дзе вам патрэбны інструктар, гэта ўсё будзе вельмі дорага. Каля $5-10 тысяч. Рэчы ў Швейцарыі каштуюць таксама, як і паўсюль, а вось праца чалавека каштуе вельмі дорага, прыкладна $100 у гадзіну. У Беларусі мае сябры-праграмісты карыстаюцца клінінгам, паслугамі нянь і гэтак далей — у Швейцарыі такія рэчы вельмі моцна кусаюцца. Праўда, якасць паслуг будзе вельмі добрай.

Ёсць і добрыя навіны. Школа і ўніверсітэты (калі вы, вядома, туды паступіце) у Швейцарыі практычна бясплатныя. Гэта цудоўна ў параўнанні з ЗША, Вялікабрытаніяй.

«Для спецыяліста-сеньёра адказ неадназначны»: ці варта пераязджаць?

Жыццё з даходам у $3 — 3,5 тысячы ў Беларусі не абавязкова будзе прыкметна горш, чым з зарплатай у 7 тысяч франкаў у Швейцарыі. Калі ёсць дзеці, у Беларусі ўся сям’я лёгка можа жыць на гэтыя тры тысячы. У Швейцарыі на свае сем тысяч пры такім раскладзе прыйдзецца моцна напружыцца. Гэта ўжо не будзе бесклапотным жыццём.

Што яшчэ змянілася ў маім жыцці? Я нарадзіўся ў беднай сям'і, дзе мы, натуральна, на ўсім эканомілі. Калі мы сталі працаваць праграмістамі ў Беларусі, ужо не было такога, што мы глядзелі на цэны прадуктаў у краме, мы маглі больш сабе дазволіць і дастаткова добрай якасці. Цяпер, у Швейцарыі, мы таксама купляем проста тое, што нам трэба, і дастаткова добрай якасці. Я прыкідваю, патрэбная ці мне гэтая рэч ці не.

Тут нам падабаецца практычна ўсё, і пераязджаць мы нікуды не збіраемся. Але пры гэтым для спецыяліста-сеньёра адказ на пытанне аб пераездзе з Беларусі ў Швейцарыю зусім не відавочны. І залежыць ад многіх фактараў. Я з’язджаў з Беларусі таму, што мне проста хацелася прыгод. Усе гэтыя складанасці, звязаныя з пераездам, для мяне былі не складанасцямі, а прыгодамі.

Зараз мы знаходзімся ў Швейцарыі з пастаянным відам на жыхарства, які атрымалі пасля 5,5 гадоў пражывання тут. Ці адчуваю я сябе сваім ці чужым? Я б сказаў, што ў цэлым сваім. Швейцарыя даволі эмігранцкая краіна. Наколькі я ведаю, яна з’яўляецца краінай з самым вялікім працэнтам эмігрантаў (па дадзеных Еўрастата на 1 студзеня 2024 года Швейцарыя займала трэцяе месца сярод краін ЕС і ЕАСТ па долі імігрантаў у агульнай колькасці насельніцтва. З паказчыкам у 31,2% яна саступала толькі маленькаму Ліхтэнштэйну (69,8%) і Люксембургу (51%) — Заўв. рэдакцыі). Проста гэтыя эмігранты ў большасці з суседніх краін (Германіі, Францыі, Аўстрыі, Італіі). І таму ты не бачыш, што гэта эмігранты.

Што мне падабаецца ў Швейцарыі больш, чым у Беларусі? У першую чаргу, той факт, што тут няма такога расслаення грамадства. У Швейцарыі здаецца, быццам тут няма бедных людзей. Нават мінімальная зарплата тут дастаткова добрая, і людзі ў любых прафесіях атрымліваюць даволі шмат грошай. Скажам, для кіроўцы аўтобуса не праблема купіць сабе айфон. Гэта прыемна — проста знаходзіцца сярод людзей, у якіх усё добра, якія адзін аднаго паважаюць і неяк больш адзін пра аднаго клапоцяцца. І калі ёсць давер адзін да аднаго ў грамадстве, вельмі многія пытанні вырашаюцца нашмат хутчэй і эфектыўней.

У Беларусі нейкая радасць ад тваёй асабістай перамогі азмрочвалася тым, што ты разумеў, што далёка не ўсе ў Беларусі працуюць у ІТ, і ты асабіста не можаш ім усім дапамагчы.

Я падтрымліваю сувязь з Беларуссю, заўсёды вельмі рады вярнуцца дадому. Швейцарыя — вельмі прыгожая краіна, але калі вяртаешся ў Беларусь, незвычайна і прыемна тое, што ты можаш глядзець удалеч, на гарызонт. Таму што ў Швейцарыі практычна заўсёды вочы ўпіраюцца ў якія-небудзь горы.

Тры парады ад Аляксандра беларускаму ІТ-спецыялісту, які падумвае аб пераездзе ў Швейцарыю:

  1. Самая важная парада. Калі вы пераязджаеце з сям’ёй, пераканайцеся ў тым, што зарплата, якую вам прапануюць, зможа пакрываць выдаткі для ўсёй сям'і некалькі гадоў. Цалкам можа аказацца, што вашай другой палове будзе складана знайсці працу, калі яна не з’яўляецца ІТ-спецыялістам. І нават ІТ-спецыялісту знайсці працу можа быць нялёгка, бо канкурэнцыя вар’яцкая.
  2. Будзьце гатовыя да таго, што Швейцарыя — гэта, па сутнасці, вялікая вёска. Вельмі прыгожая, але не мегаполіс. І некаму можа не хапаць пачуцця вялікага горада, такой варушні.
  3. Пераканайцеся ў тым, што вам падыходзіць парадак. Ёсць людзі, якім не падабаецца, калі ўсё вельмі добра арганізавана, усё строга па правілах. Гэтым людзям у Швейцарыі будзе цяжкавата, таму што тут усё вельмі дакладна фармалізавана і прапісана. А вось людзям, якія любяць парадак і арганізаванасць, тут будзе добра.

Каментары7

  • дамо агулам тры словА
    11.07.2025
    тры вялікіх рэгіёна – тры вялікія рэгіёны (пры чым тут РОДНЫ склон?!)

    губляеце адну зарплату – страчваеце/пазбаўляецеся (губляюць НЕШТА ФІЗІЧНАЕ)

    можа быць крыху паменш поменьше 1) нареч. (трохі) менш, (трохі) меней 2) прил. (трохі) меншы
  • А суддзi хто?
    11.07.2025
    Шмат ты нарабiў для Беларусi i палiтвязняў лёжачы на канапе ў Пухавiчах i працуючы за ежу ў дзяржшараге? Адно добра, што пра iснаванне юбiэасў неяк даведаўся - iнтэрнэт сваю справу трохi робiць.
  • Плюс
    11.07.2025
    Цьху, ён пераняў лепшы сусветны досвед у сваёй сферы. Можа падзяліцца ім з астатнімі беларусамі. Чалавек родам з Беларусі лягчэй пагодзіцца дапамагчы суайчыннікам, чым абстрактны швейцарац.

    І пытанне рубам "а што ты зрабіў" хоць неяк карэктна падымаць пасля агучкі ўласных дасягненняў. Тады хоць нейкае спартыўнае спаборніцтва ёсць.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць