На гэтым тыдні адразу двое адрасатаў атрымалі надзвычай падобныя лісты. Штопраўда, падпісаныя рознымі арганізацыямі.
На гэтым тыдні адразу двое адрасатаў атрымалі надзвычай падобныя лісты. Штопраўда, падпісаныя рознымі арганізацыямі.
У аўторак, 18 ліпеня, галоўны рэдактар баранавіцкай незалежнай газэты «Intex-press» Уладзімер Янукевіч, як заўсёды, першым прыйшоў на працу і быў шакаваны ўбачаным: «Рэдакцыйныя дзьверы былі залепленыя ўлёткамі, дзе гаварылася, што супрацоўнікі газэты – агенты ЦРУ, – кажа рэдактар. – Таксама быў суправаджальны ліст, які паведамляў: калі мы ня спынім даваць на старонках газэты слова прадстаўнікам апазыцыі, то нас чакае сьмерць. Пад подпісам НБП». Каля рэдакцыі на асфальце была намаляваная сымболіка арганізацыі (фашыстоўскі арол зь сярпом і молатам) і надпісы «Іntex-press – продажная пресса». Рэдактар упэўнены, што далей пагрозаў справа ня дойдзе, але зазначае, што ўсё адно інцыдэнт непрыемны.
Такі ж ліст надоечы атрымала віцебская актывістка АГП Алена Залеская. Яе палохаюць актывісты расейскіх нацыстаў з РНЕ. У лісьце, які яна атрымала праз пошту, гаворыцца, што РНЕ мэтанакіравана падтрымлівае палітыку дзейнай улады, і спн.Залеская цягам тыдня мусіць стаць у шыхты РНЕўцаў, інакш яе чакае пакараньне. «Не запалохаюць яны мяне такой лухтой», – кажа А.Залеская.
Дзіўным чынам абодва лісты надзвычай падобныя стылістычна, нібыта іх пісаў адзін і той жа чалавек.
Трэба адзначыць, што за апошнія гады падобныя пасланьні атрымлівалі шмат хто зь беларускіх дзеячаў і арганізацыяў, але далей за пустыя словы справа не пайшла. Адрасаты гэтых лістоў таксама не палохаюцца магчымых наступстваў.
Каментары