Грамадства11

«Дактары сказалі: яшчэ 2 мм — і смерць». 19-гадовы хлопец з Магілёва ў бальніцы пасля затрымання сілавікамі

У бальніцы Магілёва ўжо амаль тыдзень знаходзіцца 19-гадовы Елісей Седзін. 12 жніўня яго затрымалі сілавікі на стадыёне СШ №9. Затрымалі жорстка: зламалі арбіту вока з рассячэннем павека, пашкодзілі нагу, а пасля пагражалі, піша tut.by.

«Пасля камп'ютарнай тамаграмы мне сказалі, што яшчэ б 2 мм — і была б праламаная аснова чэрапа, гэта значыць — лятальны канец», — кажа Елісей.

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

Цяпер хлопцу нічога не баліць, але праз зламаную арбіту вока Елісей Седзін пакуль не дыхае носам — каб не надзьмулася павека. Яму таксама нельга смаркацца, бегаць і рабіць што-небудзь з нагрузкай на дыхальную сістэму.

— Усё павінна зрасціся, калі — не ведаю. А швы накладвалі на рассечанае павека, — тлумачыць хлопец.

19-гадовы навучэнец політэхнічнага каледжа кажа, што ён быў у групе ў Telegram і абмяркоўваў у ёй разам з іншымі людзьмі, што адбываецца ў Беларусі. «Мы абменьваліся інфармацыяй, калі быў доступ да інтэрнэту. Многія ўздымалі пытанне, чаму многія гарады адстойваюць свае галасы, а Магілёў маўчыць і не праводзіць мірных акцый».

— Я прапанаваў правесці мірную акцыю — сабрацца ў ланцуг салідарнасці 12 жніўня. Прапанаваў, калі людзі падтрымаюць, калі захочуць, сабрацца ў раёне гандлёвага цэнтра «Арбат» і каля ўнівермага «Цэнтральны». Я прапаноўваў выходзіць на зялёны сігнал святлафора для пешаходаў і станавіцца ланцужком на пешаходным пераходзе, а на чырвоны сігнал сыходзіць з праезнай часткі. Гэта значыць, без блакавання аўтатранспарту, без парушэння ПДР. Я падумаў, што такім чынам мы пакажам, што не трэба баяцца выказваць уласнае меркаванне, бо ў гэтым нічога страшнага няма — гэта наша права па Канстытуцыі.

Елісей пакінуў у перапісцы свой нумар тэлефона, з ім звязаліся два незнаёмыя хлопцы і дзяўчына. Яны ўсе сустрэліся на стадыёне СШ №9 на Пушкінскім праспекце. Прычым дзяўчына прыйшла першай, і яны вырашылі, што ёй лепш пайсці цяпер адной — на ўсялякі выпадак — і прапаноўваць людзям таксама будаваць ланцугі салідарнасці.

— Да гэтага да нас, напрыклад, падыходзіла жанчына і прапанавала прыйсці да будынка «Белтэлекама» і патрабаваць уключыць інтэрнэт. То-бок людзі размаўлялі, абменьваліся інфармацыяй і без інтэрнэту — «сарафаннае радыё» выдатна працавала.

На стадыёне Елісей з двума хлопцамі прабыў каля 15 хвілін. Было каля 17.00, і магілёўцы збіраліся ўжо сыходзіць, як да іх пад'ехалі легкавыя машыны шэрага колеру — мінімум тры. З машын выйшлі мужчыны ў чорных балаклавах — каля пяці чалавек.

— Мы развярнуліся і пабеглі. А насустрач нам беглі яшчэ 10 сілавікоў, але ўжо ў цывільным, і ўсе з медыцынскімі маскамі на тварах. Мне нехта робіць падсечку, я падаю, устаю і хачу бегчы далей, але мне прылятае ўдар у вока, і я зноў падаю. Хто ўдарыў, чым — кулаком ці чымсьці яшчэ, — я не заўважыў. Мне здаецца, я на некалькі секунд нават «выключыўся». На мяне адразу надзелі кайданкі, потым яшчэ некалькі разоў ударылі ўжо ляжачага ў кайданках — у тым ліку нагой.

Пасля таго ўдару ў вока магілёвец і атрымаў траўму. Далей, успамінае Елісей, хлопцаў павалаклі да машын, паклалі на траву, абшукалі. Тых дваіх хтосьці распарадзіўся везці ў Ленінскі РАУС, а Елісея — ва УУС Магаблвыканкама як «арганізатара». У машыне Елісея, паводле яго слоў, таксама білі — мужчына, які сеў на пярэдняе сядзенне, наносіў яму ўдары кулаком па галаве. І пытаўся, хто яшчэ павінен прыйсці.

— Я адказваў, што не ведаю. Машына яшчэ стаяла на стадыёне школы. Потым мяне адвезлі ва УУС, прычым у машыне я ехаў сагнуўшыся галавой ўніз, гэтак жа і вялі ў будынак УУС, каб, мабыць, не бачыў, у які кабінет. Там доўга не маглі знайсці ключы ад кайданкоў, якімі пераціснулі руку (Елісей паказвае драпіны на запясці, якія трымаюцца нават праз тыдзень. — TUT.BY). У кабінеце сталі дапытваць, пагражаць: «Калі ты цяпер нам не зліеш усю інфармацыю пра акцыі пратэсту ў Магілёве, мы адправім цябе ў камеру, дзе цябе згвалцяць і ніхто табе не дапаможа. І хуткую мы табе не выклічам».

Елісей, кажа, распавёў, што ніякіх арганізаваных акцый пратэсту няма — людзі самі збіраюцца, стыхійна. У яго, па словах хлопца, дапытваліся, колькі яму заплацілі з-за мяжы за арганізацыю пратэсту як «куратару».

Увесь гэты час у Елісея, як ён распавядае, цякла кроў з рассечанага павека, балелі галава, грудная клетка — ён не мог зрабіць поўны ўдых і пачаў задыхацца. Яго адвялі ў туалет, далі анучу змыць кроў з твару, заўважылі, што хлопец задыхаецца.

— Яны пачалі панікаваць. Хацелі выклікаць хуткую па тэлефоне, потым перадумалі — успомнілі, што пад УУС дзяжурыць брыгада. Доктар сказаў, што мяне трэба тэрмінова шпіталізаваць з-за праблемы з вокам і што самі яны адвезці не могуць — выклічуць транспарціроўку. Але міліцыянты адмовіліся і самі павезлі мяне на службовай машыне. У ёй мяне папярэдзілі, каб я дактарам у шпіталі не казаў пра тое, што мяне збівалі супрацоўнікі міліцыі.

Елісей кажа, што ніхто з сілавікоў не прадстаўляўся, на іх тварах былі маскі, але ён добра памятае твары тых, хто дастаўляў яго ў прыёмнае аддзяленне бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Там, па словах хлопца, лекарам ён сказаў, што ўпаў з турніка. А калі лекары пацікавіліся, хто яго суправаджаючыя — і тыя адказалі, што яны міліцыянты — медработнікі адвялі Елісея ў асобны кабінет, зачынілі дзверы і спыталі: «А цяпер расказвай, што было на самай справе». Я распавёў, і яны адразу зрабілі ўсё, каб мяне шпіталізаваць. І напісалі, што траўма — крымінальная, што мяне збілі супрацоўнікі міліцыі.

Лекары ж далі Елісею тэлефон, каб ён мог паведаміць маці, дзе ён і што з ім — яго мабільнік забралі падчас ператрусу. Калі маці прыехала, яна накінулася на міліцыянтаў з папрокамі, як яны могуць быць такімі жорсткімі. Неўзабаве пасля гэтага суправаджаючыя з бальніцы зніклі.

Увечары 12 жніўня прыехаў следчы, і Елісей напісаў заяву аб збіцці супрацоўнікамі міліцыі і аб выкраданні тэлефона. Следчы сышоў і праз 20 хвілін вярнуўся з супрацоўнікам крымінальнага вышуку і мабільнікам.

— Я распісаўся, што тэлефон атрымаў. Ён у парадку, не разбіты, хоць відаць, што па ім лазілі — па тэлеграме, шукалі нейкую інфармацыю. І супрацоўнік крымінальнага вышуку мне сказаў: «Ну, паляжы ў бальніцы. Потым мы цябе знойдзем, і я табе тры гады ўпаяю за паклёп і за арганізацыю мітынгу». Я спытаў, пры чым тут паклёп, і ён адказаў: «Ты ж нам абяцаў, што не скажаш [хто цябе збіваў]».

Што тычыцца арганізацыі мітынгу, то Елісей сябе такім не лічыць. Кажа, у такім выпадку трэба лічыць арганізатарамі ўсіх, хто выходзіў на вуліцы усю гэтую тыдзень і якім-небудзь чынам паведамляў іншым аб тым, што ён збіраецца рабіць.

— Я вар'яцкі патрыёт сваёй краіны. Я тры гады быў у моладзевым парламенце пры гарадскім савеце дэпутатаў, мяне абіралі ў каардынацыйны савет моладзевых парламентаў пры Міністэрстве адукацыі. Я сышоў адтуль сам, таму што зразумеў, што такое гэтая сучасная палітыка — афіцыйная ідэалогія знутры. Гэта проста прыгожая карцінка, за якой — пустыя размовы і ніякай канкрэтыкі, ніякіх дзеянняў.

Елісей кажа, што маладзёжны парламент, у які ўваходзяць школьнікі, існуе намінальна — усе робяць і вырашаюць чыноўнікі.

 — Калі мы прапаноўвалі нейкія свае ідэі, нам казалі, маўляў, «вы для гэтага занадта малыя» або «для вас гэта занадта складана». Напрыклад, мы спрабавалі прасунуць ідэю стварэння інтэграваных класаў ва ўсіх школах горада. Гэта ж класна, каб усе вучыліся разам: і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, і дзеці з поўнымі магчымасцямі. Таму што ў нас дзяцей-інвалідаў пераводзяць на хатняе навучанне, яны не маюць зносін з аднагодкамі, не развіваюцца ў сацыяльным плане — і гэта няправільна. Галоўны ідэолаг горада Галушка (Ала Аляксандраўна, зараз намесніца старшыні Маггарвыканкаму па пытаннях культуры, адукацыі, ідэалогіі, сацыяльнай палітыкі і спорту. — TUT.BY) усе абяцала-абяцала, казала-казала — і нічога, наш праект так і застаўся толькі ідэяй. Былі нейкія тэставыя запускі ў СШ № 45, наколькі я ведаю, але яны зачыніліся — і дзяцей зноў перавялі на хатняе навучанне. Добра яшчэ, што ўдалося зрабіць некалькі праектаў па азеляненні горада — мы высаджвалі дрэвы.

У сераду, 19 жніўня, Елісея Седзіна павінны выпісаць з бальніцы. І ён асцерагаецца, што ў дачыненні да яго будзе крымінальны пераслед. Хлопец ужо звязаўся з праваабаронцамі і з Магілёўскай калегіяй адвакатаў, якія дапамагаюць пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, і будзе далей з імі кансультавацца.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»12

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Усе навіны →
Усе навіны

Мацкевіч лічыць, што Офіс Ціханоўскай падарваў свой аўтарытэт тым, што не ўдзельнічаў у яго гульні33

ЗША ўвялі санкцыі супраць беларуса — Махамеда Алі Талібава4

Коля Лукашэнка сядзеў побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы21

352 тысячы загінулых расійскіх вайскоўцаў — новая ацэнка страт за чатыры гады поўнамаштабнай вайны10

Аўтобусны перавозчык рэкламуе туры з Мінска ў Крым з прыемнай зніжкай. Каментатары ацанілі3

Ціханоўская: Сэнс сённяшняй даты не ў парадах і вайсковай тэхніцы на вуліцах10

Хакеры з Беларусі ўзламалі сетку польскіх медлабараторый2

Новая мода — «вушы эльфа». Што гэтае такое, як выглядае і як таго дасягнуць3

Трамп выказаў гатоўнасць накіраваць дэлегацыю ў Маскву для перамоваў па Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»12

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць