Меркаванні2525

Якая моўная палітыка будзе ідэальнай, калі «мы» прыйдзем да ўлады?

Зрабіць беларускую адзінай дзяржаўнай пасля сённяшняй русіфікацыі нерэальна, мяркуе Ян Фалькевіч. А вось фінская мадэль магла б спрацаваць.

Некалькі тыдняў таму давялося пабачыць адразу некалькі інтэрнэт-дыскусій, прысвечаных будучай моўнай палітыцы Беларусі, «калі мы прыйдзем да ўлады»; нагодай для іх было 30-годдзе Закона аб адзіным дзяржаўным статусе беларускай мовы ў БССР.

Галоўнай ідэяй, шырока падтрыманай, умоўна кажучы, нацыянальна арыентаванымі ўдзельнікамі дыскусіі, была неабходнасць поўнай касацыі афіцыйнага двухмоўя, усталяванага праз сумнеўны і наўрад ці легітымны рэферэндум 1995 года.

Важным аргументам былі тэзісы даследчыцы-гісторыка Алены Маркавай, якая на базе мноства крыніц паказвае актыўную падтрымку прадстаўнікамі розных арганізацый і сацыяльных груп палітыкі дзяржаўнай беларусізацыі. З незразумелых прычын актыўная кампанія ў падтрымку беларусізацыі ў некаторых з тых размоваў выдавалася за электаральную падтрымку праекта, але гэта не надта змяняе сутнасць сітуацыі.

Тым не менш, ужо праз 5 гадоў пераважная большасць падтрымала вяртанне расійскай мове статусу другой дзяржаўнай. Не адмаўляючы высокай верагоднасці фальсіфікацый, праблематычнага канстытуцыйнага статусу гэтага рэферэндуму і ў цэлым выразна нездаровага палітычнага клімату ў краіне, немагчыма не адзначыць відавочнае: вынікі рэферэндуму паказвалі рэальную электаральную падтрымку пэўнага палітычна-культурнага праекта ва ўмовах абвастрэння грамадскай палярызацыі.

За гады кіравання Лукашэнкі русіфікацыя толькі паскаралася. Працэнт людзей, якія называюць расійскую роднай, значна павялічыўся, колькасць беларускамоўных школ зніжалася, роўна як і прадстаўніцтва беларускай мовы ў мас-медыя. Канчаткова абруселі многія мястэчкі і невялікія гарады, куды менш чуваць мілай вуху трасянкі на вуліцах сталіцы. Пераважная большасць насельніцтва (г. зн. акрамя стабільнага электаральнага ядра нацыянал-дэмакратычнай апазіцыі) нібыта не супраць. Эканамічныя праблемы (кшталту закона аб дармаедах) выклікаюць куды большы электаральны непакой, чым гаротны стан матчынай мовы.

Разам з тым відавочна, што сам факт беларускай дзяржаўнасці за апошнія 30 год стаўся куды больш прывычным, нарматыўным фактам рэальнасці, як мінімум проста праз тое, што гэтая дзяржава хоцькі-няхоцькі існуе і сяк-так выхоўвае новых грамадзян праз свае размаітыя інстытуты. У адрозненне ад першай паловы 90-х, калі шмат для каго з грамадзян сэнсавае напаўненне беларускай незалежнасці было досыць праблематычным і ішло хутчэй постфактум дзяржаўнасці, у 2020-м годзе наяўнасць згоды датычна каштоўнасці беларускай дзяржаўнасці бадай што не з’яўляецца праблемай.

Такім чынам, склаліся пакаленні, збольшага лаяльныя да беларускага дзяржаўнага праекта, але з расійскай мовай у якасці роднай. У той жа час нацыянал-дэмакратычныя палітыкі і інтэлігенты нярэдка драматычна забываюць пра пытанне грамадскага кансэнсусу, разважаючы пра пытанні будучай моўнай палітыкі. Асэнсаванне электаральных памылак, дзеля якіх у 90-я нацыянал-дэмакратычны праект прайграў квазі-савецкаму аўтарытарнаму папулізму, відаць, застаецца яшчэ наперадзе.

Ці можа быць паспяховай палітыка мусовай планамернай беларусізацыі? Тэарэтычна, канечне, можа. Як слушна заўважалася ў інтэрнэт-дыскусіях, наўрад ці яна будзе гвалтоўнай; патэнцыял нізавой палітычнай мабілізацыі маўклівай расійскамоўнай большасці вельмі нізкі. З гэтым, аднак, ёсць дзве праблемы — палітычная і маральная.

Палітычна праблема палягае ў тым, што такі падыход стварае новыя магчымасці для новага папулізму.

Хто гарантуе, што сцэнарый першай паловы 90-х не паўторыцца яшчэ раз, калі «мы» прыйдзем да ўлады?

Маральная праблема шырэйшая: маўклівая рускамоўная большасць з нізкім мабілізацыйным патэнцыялам — гэта ў прынцыпе і ёсць беларускі народ, супольнасць раўнапраўных грамадзян. Але пра гэта ў канцы.

***

Якой жа тады можа быць устойлівая моўная палітыка, якая сумяшчала б паважлівае стаўленне да розных культурных груп грамадзян і адначасова з тым рэагавала б на наяўны даволі шырокі запыт на большую ролю беларускай мовы ў публічным жыцці? Здаецца, пачаць можна проста з рэальнага дзяржаўнага двухмоўя, не забягаючы далёка наперад.

Часам у прыклад прыводзяць ірландскую мадэль, дзе ірландская мова поўнасцю абароненая дзяржавай, з’яўляючыся важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці; абсяг ірландскай як размоўнай, аднак, няспынна скарачаецца. Трэба меркаваць, перспектывы беларускай мовы ўсё ж больш аптымістычныя.

Больш удалым прыкладам для Беларусі выглядае фінляндская мадэль, дзе фінская і шведская з’яўляюцца абсалютна раўнапраўнымі дзяржаўнымі мовамі.

Такая сітуацыя з’яўляецца вынікам складанага кансэнсусу, паўсталага ў няпростых гістарычных умовах; яшчэ ў пачатку ХХ ст. пераважная большасць прадстаўнікоў сацыяльных элітаў і гараджан у цэлым была шведскамоўнай, у той час як фінскамоўныя заўсёды гістарычна складалі пераважную большасць насельніцтва ў цэлым.

На сённяшні дзень кожны муніцыпалітэт, дзе прадстаўнікі адной з моўных груп (звычайна вядзецца пра шведскамоўных фінаў) складаюць 8% насельніцтва альбо налічваюць прынамсі 3000 чалавек, з’яўляецца двухмоўным, з поўным дубляжом на дзвюх мовах усіх надпісаў і школьнай інфраструктуры, наяўнасцю спансаваных дзяржавай адукацыйных і культурных інстытуцый на дзвюх мовах. Такім чынам, двухмоўнымі з’яўляюцца і Хельсінкі, дзе шведскамоўныя складаюць блізу 5,7% насельніцтва (але больш за 3000 чалавек). У кожнай школе краіны вывучаецца прадмет «другая дзяржаўная мова» (шведская, а ў муніцыпалітэтах са шведскамоўнай большасцю — фінская). Без паспяхова здадзенага экзамену па другой дзяржаўнай мове немагчыма паступіць ва ўніверсітэт і займаць якія-кольвек дзяржаўныя пасады па ўсёй краіне (у тым ліку і ў аднамоўных муніцыпалітэтах).

Безумоўна, падобнага кшталту сістэма мусіць быць адпаведна прыстасаванай да беларускай рэчаіснасці, улічваючы канечнасць інстытуцыйнай падтрымкі і развіцця беларускай мовы ў наяўных геапалітычных і гістарычных варунках, лінгвістычную блізкасць расійскай і беларускай і, што найважнейшае, наяўнасць заўважнай колькасці расійскамоўных па жыцці беларусаў, якія жадалі б большай ролі беларускай у публічным жыцці.

Такая мадэль дазволіла б устойліва замацаваць беларускую мову ў тых сельскіх мясцовасцях, дзе гэта наўрад ці выкліча хоць якое абурэнне, адначасова забяспечыўшы ўмовы яе развіцця і пашырэння ў гарадах.

Больш важным наступствам «фінляндскай мадэлі» з’яўляецца свайго кшталту інстытуцыйны абавязак да ўзаемнай павагі, у якой кожная моўная група пачуваецца роўна прадстаўленай на сімвалічным узроўні (наколькі гэта, канешне ж, магчыма ва ўмовах колькаснай дыспрапорцыі).

Ці перавод паловы насельніцтва ў статус грамадзян другога гатунку паспрыяў бы кансалідацыі грамадства? У той жа час узаемная павага і гарантыі роўнай рэпрэзентацыі могуць запэўніць устойлівы грамадскі кансэнсус, неабходны для эфектыўнай рэвіталізцыі беларускай мовы. Няўжо для адэкватнага чалавека было б праблемай, калі б тая самая прадавачка ў адказ на тую самую легендарную замову гарбаты адказала б «простите, я не поняла, объясните пожалуйста?».

Больш за тое, падобны механізм паспрыяў бы захаванню і іншых моў Беларусі, калі б тыя ж польская і ўкраінская (ці нават нейкі варыянт палескіх гаворак) мелі б статус роўны дзяржаўнай у тых раёнах і сельсаветах, дзе палякі і ўкраінцы складаюць заўважную меншасць, а без ведання гэтых моў нельга было б займаць там дзяржаўныя пасады.

***

Вернемся да маральнай праблемы: стасункаў нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў і шырокіх мас насельніцтва. Ці ёсць дзе ў сучасным свеце такія краіны, дзе родная мова большай паловы грамадства і побытавая мова прыкладна 70% не мела б дзяржаўнага статусу? Ці можа нармальна існаваць грамадства, у якім ~20% грамадства ўважаюць астатнія 80% за манкуртаў, якія мусяць маральна выправіцца, пакорліва прыняўшы мудрасць 20%?

Часты аргумент пра гістарычную несправядлівасць русіфікацыі ў прынцыпе слушны. Відавочна, дамінаванне расійскай мовы ў Беларусі мусіць быць праблематызаваным, хоць сітуацыя выглядае досыць складанай, як гэта нярэдка бывае ў посткаланіяльных умовах: савецкай русіфікацыі папярэднічала савецкае ж стварэнне ўсіх беларускіх інстытуцый мадэрнай дзяржаўнасці. Сучасная сітуацыя, аднак, у якой з дыскрымінацыяй у Беларусі нярэдка сутыкаюцца беларускамоўныя, канешне ж, нікуды не вартая.

Праблема, аднак, палягае ў тым, якія высновы робяцца з гэтага факту несправядлівасці. Урэшце, кожны факт моўных зменаў абумоўлены няроўным, несправядлівым размеркаваннем улады: і славянізацыя балтамоўнага насельніцтва сучаснай Беларусі пачынаючы з канца 1-га тысячагоддзя н.э., і імклівы заняпад польскай і ўкраінскай моў у Беларусі ў апошнія 70 гадоў.

На вялікі жаль, свет поўніцца несправядлівасцямі. Рэдка калі, аднак, люстэркавае пераварочванне балансу ўлады на карысць прыгнечаных спрыяла ўстойліваму і гарманічнаму развіццю палітычных супольнасцяў. Бо пошук раўнапраўнага кансэнсусу, здаецца, ёсць адзіным магчымым шляхам для ўстойлівага развіцця.

Дзесьці ў тых самых інтэрнэт-дыскусіях гучалі згадкі Украіны як прыкладу паспяховай моўнай палітыкі; гэта, канешне ж, гучыць проста камічна. Менавіта немагчымасць адэкватнага ўключэння расійскамоўнага ўсходу і поўдня краіны ў нацыянальны праект была галоўнай культурнай праблемай Украіны апошнія тры дзесяцігоддзі.

Няварта абвінавачваць у агрэсіі яе ахвяру, але калі палітыка — гэта мастацтва магчымасцяў, то трэба прызнаць, што адзінае, што дала адмена закона пра рэгіянальныя мовы ў лютым 2014 года — гэта яшчэ больш магчымасцяў для мабілізацыі насельніцтва ўсходу Украіны на карысць расійскага агрэсара. Нядаўняя ашаламляльная перамога Зяленскага, якая дагэтуль злуе ўкраінскіх нацыянал-інтэлектуалаў — заканамерны вынік, акрамя іншага, і культурнай палітыкі, накіраванай на падзел грамадзян на лепшых і горшых.

Такім чынам, пошук устойлівага палітычнага і культурнага грамадзянскага кансэнсусу і здольнасць дамаўляцца менавіта датычна падставовых рэчаў — сэнсавага напаўнення паняццяў «нацыя» і «дзяржава» — мае быць найважнейшай якасцю тых палітыкаў, якія будуць прыходзіць да ўлады пасля цяперашняга аўтарытарызму. Такі кансэнсус, несумнеўна, будзе на карысць і ўстойліваму адраджэнню беларускай мовы.

Калі не закладаць расійскую агрэсію як кансалідуючы фактар — барані Божа ад такой кансалідацыі! — такі кансэнсус можна дасягнуць толькі тады, калі ісці ад рэчаіснасці, а не ад нарматыўных мадэляў таго, як мусіць быць уладкаваная «нармальная нацыянальная дзяржава». Канечнай будзе менавіта ўзаемная павага культурна розных груп насельніцтва.

З боку нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі гэта азначае перастаць казаць пра расійскамоўных суграмадзян як пра недасканалых крэолаў, якія паўсталі на свет у выніку зламыснага скажэння, учыненага варожымі сіламі, і якіх трэба павучаць таму, як трэба быць маральна правільнымі чальцамі нацыі.

***

У адным з каментароў у адной з інтэрнэт-дыскусій прагучала адна з больш канкрэтных прапаноў: ціхенька вярнуць адзіную дзяржаўную мову праз некалькі год «нашай» улады, не акцэнтуючы на гэтым непатрэбную ўвагу. Іначай кажучы, зноўку надурыць электарат, толькі, у адрозненне ад ППРБ, у ідэалагічна слушны, дэкаланізацыйны бок. Належыць задумацца, ці адпавядае гэта нашаму разуменню дэмакратычнай улады?

Каментары25

Цяпер чытаюць

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Усе навіны →
Усе навіны

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА26

Полацкі малочны камбінат прадалі «Савушкаваму прадукту»9

Вызваленыя палітвязні недалічыліся грошай ад «Байсола» — у фондзе патлумачылі, як падзялілі сабранае на зборы34

У Беларусі пачалі выпускаць новыя 7‑месныя мінівэны. Што гэта за машыны і колькі яны каштуюць?5

Дзмітрый Баскаў пашырае бізнэс пад брэндам Lepshy15

У Падмаскоўі на сметніку знайшлі цела забітага немаўляці са шматлікімі ранамі2

«Ну што, як справы?» Ноўтбук загаварыў з мінчуком, калі той ляжаў на канапе4

Пуцін хоча перакрыць Германіі кран з казахстанскай нафтай8

Пуцін вярнуў Акадэміі ФСБ імя Дзяржынскага2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць