Арганізатары ЧС па шахматах у Тэгеране абавязалі спартсменак усіх краін свету насіць хіджабы
Амерыканская шахмацістка Назі Паікідзэ-Барнс адмовілася ад удзелу ў чэмпіянаце свету, які пройдзе ў лютым 2017 года ў Тэгеране, з-за парушэнняў правоў жанчын у Іране. Пра гэта паведамляе партал Грузія Online.

Абраўшы Тэгеран месцам правядзення чэмпіянату свету па шахматах сярод жанчын, Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) ўвяла для яго ўдзельніц дадатковыя правілы паводзін, каб выканаць строгія ісламскія законы, якія дзейнічаюць у краіне. У прыватнасці, усім шахматысткам загадана пакрыць свае галовы хіджабамі.
Гэтае патрабаванне абурыла спартсменак з многіх краін, аднак толькі Паікідзэ вырашылася заявіць пра байкот чэмпіянату. Яна заявіла, што не збіраецца насіць хіджаб і тым самым падтрымліваць прыгнёт правоў жанчын. Нават калі праз гэта ёй давядзецца прапусціць адно з самых важных спаборніцтваў у жыцці.
«Калі месца правядзення турніру не будзе змененае, то я не вазьму ўдзел. Я глыбока засмучаная гэтым. Я атрымала такі прывілей, як права прадстаўляць ЗША на жаночым чэмпіянаце свету па шахматах. Мяне расчароўвае, што я не змагу ім скарыстацца з-за рэлігійных, сэксісцкіх і палітычных праблем», — напісала Паікідзэ-Барнс ў Instagram.
Паікідзэ запусціла петыцыю, у якой заклікае ФІДЭ перанесці чэмпіянат у іншую краіну альбо паўплываць на ўрад Ірана і адмяніць заяўленыя абмежаванні. Яна патлумачыла, што не мае нічога супраць Ірана, жыхароў гэтай краіны ці якой-небудзь рэлігіі, але не можа змірыцца з законамі, якія абмяжоўваюць яе ў правах як жанчыну.
23-гадовую шахматыстку падтрымалі вядомыя асобы ў свеце шахмат, сярод якіх экс-чэмпіён свету Гары Каспараў і брытанскі гросмайстар Найджэл Шорт. На бок Паікідзэ ўстала і Шахматная федэрацыя ЗША, якая ганарыцца гэтак прынцыповай пазіцыяй сваёй удзельніцы.
Каментары