Культура

Мы, беларусы, — мірныя людзі

У падпольлі можна сустрэць ня толькі пацукоў. Пра спэктакль «Дзікае паляваньне караля Стаха» піша Аляксандар Фядута.

17 траўня на малой сцэне Купалаўскага давалі «Дзікае паляваньне караля Стаха». Гэтая пастаноўка — з тае катэгорыі, калі квіткоў не купіць і праз тры гады пасьля прэм’еры. Усё ў ёй адпачатна разьлічана на посьпех. Перадусім, літаратурная аснова — аповесьць Караткевіча.

На такія спэктаклі ходзіш з унутраным трымценьнем — баючыся расчаравацца. Аднак расчараваньне не прыйшло (што ўжо само па сабе добра). Наадварот, ужо зь першых хвілінаў стала зразумела, што схадзіць — варта было.

Вядома ж, рэжысэру Ўладзімеру Савіцкаму давялося шмат чым ахвяраваць у сюжэце Караткевічавай аповесьці. Малая сцэна не дапусьціла б таго стоўпатварэньня, да якога непазьбежна прывялі б спробы паставіць і баль з шматлікімі гасьцямі, і пагоню з тупатам дрыкгантаў. Дый амаль даслоўная перадача тэксту вялікай, з процьмай пэрсанажаў аповесьці скончылася б няўдачай — іншы ж бо від мастацтва. Але ў гэтым і не было патрэбы: «чацьвертая сьцяна» паміж акторамі і глядацкай заляй, як мы змаглі пераканацца, мае выключна ўмоўны характар, а таму нават тыя гледачы, хто не патрапіў папярэдне пазнаёміцца з хрэстаматыйным тэкстам, цалкам змаглі пазнаёміцца з галоўным — з той таямнічай атмасфэрай, якая і дазволіла рэжысэру вызначыць жанр спэктаклю як «псыхалягічны дэтэктыў».

Пытаньне пра тое, чаму Савіцкі абраў для свайго спэктаклю менавіта малую сцэну, адвалілася нейк адразу. Галоўнае ў гэтай дзеі — ня вонкавыя эфэкты (хоць і да іх мы яшчэ вернемся), а глыбокі псыхалягізм акторскай ігры. На вялікай сцэне вочы разгледзець шматкроць цяжэй. А, да прыкладу, вочы апошняй Надзеі роду Яноўскіх (Ганны Хітрык) — проста цудоўныя. Сьмяецца яна ці то плача, задумваецца над трагічным лёсам свайго роду ці то пакутуе, нават не спрабуючы вымавіць словаў каханьня, — вочы жывыя, жаласныя, пранізьлівыя. Пры гэтым яна можа спалучаць у сваёй Надзеі адначасова дзіцячае і жаночае — і рэч тут нават ня ў ляльцы — двайніку самой Надзейкі, зь якой гаспадыня Балотных Ялін не разлучаецца. Няма ў ёй той выдуманай субтыльнасьці, якая ўзьнікае ў сьвядомасьці кожнага чытача з думкаю пра нявестаў з пазамінулага стагодзьдзя. Яна цалкам зямная — і зразумела, чаму яе кахаюць і Беларэцкі, і Варона. Дзіця шкадуеш, жанчыну кахаеш.

Хораша грае Андрэй Беларэцкі (2:0 на карысьць Рамана Падалякі). Ён нідзе не перацягвае глядацкую ўвагу на сябе, выяўляючы цудоўныя партнэрскія якасьці. І — вельмі розны. Адзін ён — з Ахмістрыняй (Юлія Міхневіч), другі — зь Берманам (Аляксандар Паўлаў), трэці — з Рыгорам (Зьміцер Ясяневіч). Іх дуэты сьлед глядзець вельмі ўважліва, услухоўваючыся ў інтанацыі, сочачы малюнак ролі.

Але галоўнымі ў гэтым спэктаклі робяцца не станоўчыя, а адмоўныя героі. Урэшце, пастаноўка — пра Вялікае Зло. Нездарма ж галоўны вобраз, на якім акцэнтуе ўвагу пастаноўшчык, — вобраз пацучынага царства, якое пануе навокал. Пра людзей, якія жаруць адно аднаго, нібы пацукі, пастаянна гаворыць Надзея Яноўская. Тупат ножак маленькага чалавека Балотных Ялін — нападоб лёгкага тупату пацучыных полчышчаў, якія гойсаюць пад падлогай. Адмоўныя пэрсанажы нават плястычна аказваюцца багацейшыя за станоўчых: да прыкладу, Ахмістрыня ў вельмі дакладным выкананьні Юліі Міхневіч, нават па сьцяне спускаецца, нагадваючы ці то пацука, ці то кажана, ці то Дракулу, якога сыграў Гэры Олдмэн у фільме Копалы (магчыма, мне гэта здалося, і на маім успрыманьні толькі адбіваецца ўплыў Андрэя Расінскага, які нейк за кубачкам кавы прачытаў мне лекцыю пра ўплыў эстэтыкі фільму жахаў на экранізацыю Караткевіча). А ўжо зьяўленьне дзядзькі Грыня Дубатоўка (мушу зьняць капялюш перад Алегам Гарбузам, які грае на найтанчэйшых нюансах) — тут наагул маем амаль што Мышынага караля з казкі Гофмана — проста зьяўляецца з‑пад масьніцаў такое вялізнае, шэрае, бр‑р‑р!

Рэжысэр патрапіў выявіць глыбокі філязофскі сэнс Караткевічавай аповесьці. Зло — яно ня вонкавае. Яно хатняе. Як пацук жыве ў падпольлі, так зло жыве ў кожным зь людзей і пры першай прыдатнай нагодзе пазірае скрозь маску, з марай сьцягнуць з сабой назад, пад масьніцы, жаданы кавалак чужога шчасьця, а калі здолее — то і жыцьця. Але пры гэтым Уладзімер Савіцкі не забывацца, што мае справу з чыста беларускім матэрыялам. Гэта такі «Дракула» — але прачытаны і інтэрпрэтаваны, скажам, Адамам Мальдзісам. І, гледзячы на сцэну, чамусь пачынаеш задаваць сабе балючае пытаньне:

    Мы, беларусы, — мірныя людзі…

хіба гэта пра нас? Гэта ж так не падобна на тых беларусаў, якіх бачым мы ў «Дзікім паляваньні». Хіба Дубатоўк і Варона — мірныя? Хіба мірны Рыгор, які зьедліва пасьміхаецца з гараджаніна Беларэцкага і зухавата гуляе пры гэтым ножычкам? А нават кніжны чарвяк Берман, летуценьнік‑здраднік, нават Беларэцкі, які хапае за горла то аднаго, то іншага хатняга ворага каханай, — мірныя? Ня мірныя яны, вой, ня мірныя…

А вось зло ў пастаноўцы Савіцкага — хатняе, ласкавае. Яно ня шчэрыць дробныя вострыя зубы — яно ўсьміхаецца. Гляньце, напрыклад, у вочы Алесю Варону (Андрэй Гладкі), калі ён упершыню бачыць Беларэцкага і адчувае ў ім суперніка. Ён, вядома ж, ня плача кракадзілавымі сьлязьмі, але ад гэтага замілаванага погляду ніякавее нават глядач. Услухайцеся ў інтанацыі Алега Гарбуза: ягоны Дубатоўк сапраўды любіць сваю падапечную Надзейку, пяшчотнай і жарснай бацькоўскай любоўю любіць — проста так і зьеў бы яе ад свайго шчырага пачуцьця! Дый Ахмістрыня зь відавочным гонарам кажа, што служыць найлепшаму роду, — хоць нават і магла б зьвесьці Яноўскіх дазваньня. Адным словам, перамагчы зло можна толькі тады, калі ты адпачатна здолеў перамагчы яго ў самім сабе. Што праўда, рамантык Караткевіч вызваліў ад гэтага цяжкага абавязку двух галоўных герояў аповесьці (Беларэцкага і Яноўскую), але праз такое аўтарскае рашэньне ідэя ня робіцца менш актуальнай.

На галоўную ідэю ў пастаноўцы працуе ўсё — і акторская плястыка (заслуга Яўгеніі Кульбачнай), і кожны гук (Павал Захаранка падабраў гранічна дакладную музыку), і сцэнаграфія Віктара Цімафеева. Дашчаная згнілая падлога, якая літаральна ў нас на вачах распадаецца; пад ёй заўсёды нешта рухаецца, нехта варушыцца. Туды ж, у падпольле, як у бездань, падае‑памірае Алесь Варона — з жудасным крыкам, нібыта сыходзячы ў пекла. На дзіва дакладна прадуманае і асьвятленьне: промні пражэктараў ці то робяць асьляпляльную сцэну, якая замест сьвятла хавае ад нас актораў, ці то імітуюць языкі полымя, якія паглынаюць грэшнікаў. Глядач у патрэбны момант (скажам, у сцэне двубою Беларэцкага і Вароны ў сутарэньні) трапляе ў цемру стагодзьдзяў — у літаральным сэнсе гэтага выразу. А разрыў (не антракт, але менавіта разрыў, абазначаны нечаканым усплёскам сьвятла) паміж дзеямі проста ашаламіў частку глядацкае залі.

Пасьпяховая тэатральная адаптацыя аднаго з найскладанейшых аўтараў беларускае літаратуры вымушае мяне як гледача выказаць запаветную надзею: можа, калісь мы пабачым і спэктакль паводле «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Маем неабходны драматычны сюжэт, маем рэжысэраў, якія валодаюць густам да добрай літаратурнай асновы і досьведам падобных літаратурна‑тэатральных экспэрымэнтаў. І маем добрых (вельмі добрых!) актораў Купалаўскага тэатру, якія любяць і ўмеюць пераўвасабляцца.

Думаецца, гэта яшчэ наперадзе. Будзем мець надзею, што Купалаўскі, які шчэ не застыў у сваім акадэмізьме, выявіцца дастаткова мабільным, каб пайсьці зь цягам часу і на такую авантуру.

Каментары

Цяпер чытаюць

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай14

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі трэнер Аляксей Шпілеўскі атрымае $265 тысяч за звальненне з расійскага клуба-аўтсайдара2

Будучым перакладчыкам прапануюць вучыць англійскую і кітайскую мовы праз выступы Лукашэнкі — ёсць і адпаведныя падручнікі15

6 вайсковых машын, 20 машын суправаджэння. Прыезд Лукашэнкі ў рэзідэнцыю на Гомельшчыне трапіў на спадарожнікавы здымак16

«Пакуль заявак нуль». У віленскай школе Stembridge расказалі, як ідзе набор у садкоўскую групу з беларускай мовай навучання14

«Аблівалі фарбай помнікі, вырывалі крыжы». Падлеткі пашкодзілі больш за 50 магіл на Радаўніцу. Іх затрымаў спецназ4

Беларусь увайшла ў сусветны антытоп-5 па колькасці нараджэнняў20

Міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з Джонам Коўлам4

Салаўёў выбачыўся перад Вікторыяй Боняй, але адмовіўся выбачацца перад Мелоні5

Тэйлар Свіфт дамагаецца прававой абароны фразы «Прывітанне, гэта Тэйлар Свіфт»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай14

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць