Выступіць адзіным блокам на наступных парламенцкіх выбарах і вылучыць свайго кандыдата на прэзідэнцкіх прапанавала апазіцыі рада руху «За Свабоду».

Рада «выказвае глыбокае шкадаванне, што дэмакратычныя праеўрапейскія сілы не змаглі вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкую выбарчую кампанію-2015». «Гэта кансервуе існуючую сітуацыю ў Беларусі, пашырае расчараванне і апатыю ў грамадстве, пазбаўляе беларусаў каштоўнаснай альтэрнатывы», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 27 верасня.
«У беларускім грамадстве расце запыт на альтэрнатыву — як праграмную, так і персанальную, — лічаць у руху, — таму праблема разрозненасці павінна быць нарэшце пераадоленая!»
Рух «заклікае прабеларускія і праеўрапейскія партыі і арганізацыі зрабіць працу над памылкамі і аб'яднацца на аснове нацыянальных інтарэсаў». «На парламенцкіх выбарах 2016 гэтыя сілы павінны выступіць адзіным блокам, а на наступных прэзідэнцкіх выбарах — вылучыць свайго кандыдата», — прапаноўвае «За Свабоду».
Пры гэтым «ва ўмовах эканамічнага крызісу і знешняй пагрозы суверэнітэту рух «За свабоду» гатовы вітаць дзеянні кіраўніцтва краіны, накіраваныя на ўмацаванне незалежнасці Беларусі і збліжэнне з цывілізаваным светам».
«Мы лічым, што прыйшоў час для агульнабеларускага дыялогу, які павінен грунтавацца на дэмакратычных прынцыпах. Таму непрымальнымі з'яўляюцца спробы кіруючага рэжыму стварыць лаяльную і падкантрольную апазіцыю», - падкрэсліваецца ў заяве.
Каментары