Тэлефонная размова кіраўнікоў ЗША і Нямеччыны адбылася на фоне пагрозаў Расіі спыніць пастаўкі газу ў Еўропу.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў Еўропу быць гатовай да ўвядзення новых санкцый супраць Расеі з прычыны сітуацыі на Украіне, паведаміў Белы дом.
«Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць для ЗША і Еўрасаюза, іншых сусветных партнёраў, быць гатовымі да таго, каб адказаць на новую эскалацыю з боку Расеі дадатковымі санкцыямі», — гаворыцца ў распаўсюджанай Белым домам заяве адносна гутаркі, што адбылася.
Абама і Меркель гаварылі пра «трывожную» сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны. Яны «зноў заклікалі Расію адвесці войскі ад мяжы (з Украінай)».
Кіраўнікі найбольшых дэмакратычных дзяржаваў падтрымліваюць «намаганні ўрада Украіны па ажыццяўленні канстытуцыйнай рэформы», а таксама выказаліся ў карысць «фінансавай падтрымкі з боку сусветнай супольнасці».
Гаворка ішла таксама аб падрыхтоўцы чатырохбаковай сустрэчы па Украіне, якая мае адбыцца ў фармаце Украіна — Расія — ЗША — ЕС.
Тлом размовы стала заява Пуціна пра магчымыя збоі ў пастаўках газу ў Еўропу ў выпадку, калі Украіна не пагасіць запазычанасці па аплаце за газ. Яны назапасіліся ў часе кіравання былога прэзідэнта Віктара Януковіча, але тады не выклікалі ўльтыматумаў Расіі.
У чацвер стала вядома, што Украіна і НАТА супольна распрацавалі план узмоцненых мер крызіснага рэгулявання, звязаных з абаронай аб'ектаў крытычнай інфраструктуры і абаронай грамадзянскага насельніцтва ва ўмовах магчымага далейшага пагаршэння сітуацыі бяспекі ў асобных рэгіёнах Украіны.
Узаемадзеянне Украіны з НАТА у сферы планавання на выпадак крызісных сітуацый будзе працягнутае і ў далейшым, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы МЗС Украіны.
Каментары