Культура44

Самагубства Гуменюка. Пасляслоўе

Піша Сяргей Астраўцоў.

Сёлета не стала гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, яму было 43 гады, на хлеб зарабляў радыёрэпартажамі. Праверка абставін смерці цягнулася два месяцы, выснова: самагубства. Здарэнне пакідае пытанні без адказу.

Задаюся імі я, задаюцца сябры і знаёмцы паэта, задаемся разам. Разам з журналістам Андрэем Пачобутам, які добра ведаў нябожчыка. З Андрэем мы проста хадзілі сюды-туды міма былога каралеўскага драмтэатра, цяпер лялечнага, дзе Юрка працаваў некалі загадчыкам літаратурнай часткі.

Спроба вярбоўкі?

Пачобут: «Мяне выклікалі апошнім з Юравых знаёмых, сяброў, каго апытваў Следчы камітэт. Так сталася, што ўсё ўжо было расследавана, і мне падалося, што гэта проста фармальнасць. З раніцы мяне апыталі, а ўвечары ўжо была інфармацыя Следчага камітэта аб заканчэнні праверкі, аб адмове распачаць крымінальную справу.

Было бачна, што ўсё Юркава жыццё моцна ператрасалі. У сэнсе ўсе яго хібы, слабасці былі аформленыя ў выглядзе паказанняў.

Я са свайго боку лічыў патрэбным расказаць вось такую гісторыю. У 2009 годзе Юрка прыходзіў да мяне ў Саюз палякаў: „Тут такая справа, на мяне наехала КДБ, яны мяне шантажуюць, у іх на мяне кампрамат“. Я яму сказаў: „Юра, пасылай іх далёка. Бо інакш будзе ў цябе на ўсё жыццё хамут, будуць цябе як на хамуце вадзіць“. Ён кажа: але ж кампрамат! Ну што ж, цяжка, непрыемна, але свабода больш каштуе… Такая была кароткая размова. І пасля гэтага мы не вярталіся да яе, я не ведаю, сапраўднае было КДБ ці, можа, уяўнае.

Як я зразумеў, гэта быў відавочна вербовачны падыход, што, магчыма, спрабавалі яго завербаваць. Таму што кампрамат з’яўляецца ў выпадку, калі спрабуюць вербаваць. Вось гэты фрагмент, я, канечне, расказаў у Следчым камітэце. У пратакол маіх тлумачэнняў гэта не трапіла. Следчая не запісала, сказала, што КДБ яе не цікавіць. Тады я ад рукі ў канцы запісаў, што Юрка скардзіўся на пераслед КДБ і што я лічу, што гэты момант павінен быць адлюстраваны. Прынамсі варта было пацікавіцца: ці праводзіліся ў дачыненні яго нейкія аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, з чым былі звязаныя, якая іх была мэта?

Некаторыя казалі, што гэта былі Юркавы фантазіі. Магчыма. Але магчыма, што й не фантазіі. Я б схіляўся да думкі, што нават калі дзесяць толькі адсоткаў было ад дзеянняў КДБ, улічваючы, што Юрка паэт і гэтак далей, гэта магло быць адной з тых прычынаў, якая магла яго штурхнуць да самагубства. Як насамрэч — я не ведаю, бо „ў нетрах Лубянкі“ ўсё гэта ляжыць».

Жаданне ажаніцца?

Пачобут: «Ён хацеў ажаніцца. Маці перажывала, што ён адзін. Шукаў жанчыну з дзіцем. Такая жанчына жыла непадалёк на Пярэселцы. Былі планы ажаніцца, з яго боку, прынамсі. Яны з маці збіраліся ісці да яе на наступны дзень. Мне здаецца, гэта было на такім сур’ёзным этапе».

Раны на целе

Пачобут: «Паводле версіі Следчага камітэта, паэт спрабаваў нанесці сабе раны нажом. На целе засталіся сляды. У гэтым кантэксце паўстае пытанне — можа, сапраўды гэта было менавіта самагубства? Але нават калі гэта самагубства, мне падаецца, што павінна было быць праверана наконт КДБ, аб чым я казаў».

«Ты мяне падстаўляеш»

Да аднаго са знаёмых, што жыве па суседстве, уначы, у дзень смерці, Юры Гумянюк даслаў СМС — «ты мяне падстаўляеш». Аднак гэты чалавек сказаў, што паняцця не мае, аб чым магла быць гаворка. Такія ён даў тлумачэнні ў Следчым камітэце.

Душа паэта

Пачобут: «У Юркі не было жадання развітацца з жыццём. З аднаго боку, была трагедыя вось якая: ён ментальна заставаўся на ўзроўні, не ведаю, 25 гадоў. Але яму было значна больш. Другое: ён паэт, выдатны паэт, адзін з найлепшых паэтаў сярод маладых, на маю думку. Яму патрэбныя былі не грошы, а слава, прызнанне. Для яго гэта было вельмі важна. У нас з ім былі добрыя адносіны з адной вельмі простай прычыны — мне падабалася ягоная паэзія.

Я мог яму сказаць штосьці рэзка наконт яго паводзінаў. І ён гэта прымаў, не абражаўся. А прычына ў тым, што ён ведаў, што я скажу: „Юрка, ты ж паэт, навошта табе журналістыка, штодзённасць, ты пішы вершы, ты з Богам размаўляеш. Вершы застануцца, а газета — яна адзін дзень жыве“. Ён адказваў: „Каму ж гэта патрэбна сёння? Ну, я выдам кнігу вершаў, і што з таго?“

Але ў яго нармальныя былі творчыя планы, ён збіраўся кніжку выдаваць. Таму што гэтае пытанне ўзнікала падчас размовы ў Следчым камітэце: вось, маўляў, ён выпісаўся, у творчым тупіку знаходзіўся… Ён мне час ад часу паказваў новыя вершы, але я не ведаў, што іх так шмат.

Мы з ім разам працавалі некалі ў газеце „День“. Для ўсіх шокам стала, што здарылася. Ніхто не быў падрыхтаваны. Не было бачна, што ён да гэтага ішоў, да суіцыду. Была бачная ў яго загнанасць, але яна не была скіраваная на нейкую аўтадэструкцыю. Паэты не такія людзі, як усе, скажам так. У яго магло быць абвостранае ўспрыманне ўсяго. Але я адмаўляю, што былі прыкметы гэтага, аўтаагрэсіі».

Тэатр — месца, дзе смерць не рэдкасць. Але нават на сцэне самагубства хіба не сустрэнеш. У апошнім спектаклі гіне лялька-Моцарт, лялька-Сальеры падсыпала атруты ў келіх… Мы раьвіталіся з Пачобутам, кожны з паэтам у галаве. З паэтам, які скасаваў сабе жыццё не на сцэне, пакінуўшы гораду трагічную гісторыю сваёй гібелі і гэтае пасляслоўе. Магчыма, не апошняе.

Каментары4

Цяпер чытаюць

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна6

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна

Усе навіны →
Усе навіны

Медсястру з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі асудзілі па двух палітычных артыкулах

Віцебскую прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву выклікалі ў міліцыю3

Статкевіч: Ядзерная трэніроўка ў Беларусі — гэта пагроза, найперш, Еўропе4

Расія пачала ядзерныя вучэнні12

Севярынец: Улетку 2020 года топам у стукачоў было стаўленне да Пуціна2

Андрэй Пачобут выступіць у Еўрапарламенце1

«Планую, што змагу папрацаваць 25 гадоў». Беларуска атрымае дыплом доктара ў 47 гадоў5

У гульца «Арсенала» проста на футбольным полі зляцелі майткі ФОТАФАКТ6

Беларускі павільён у Венецыі называюць сёлета адным з найлепшых. ШМАТ ФОТА з адкрыцця28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна6

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць