Літаратура66

Міхал Анемпадыстаў. Кава

Новы дзень пачынаецца з кавы, а сама кава пачынаецца з паху, і першы пах, які я памятаю ў жыцці, — гэта пах кавы.

У нядзелю ранкам мама рабіла каву. Яна варыла яе ў белым эмаліраваным імбрыку. Вада гатавалася там даволі доўга, і трэба было альбо стаяць пільнаваць, альбо даверыцца інтуіцыі. Інтуіцыя часцяком падводзіла, і тады кава брунатным шумам збягала праз край і шыпела на нагрэтай пліце. Бацькі падхопліваліся і беглі на кухню ратаваць тое, што засталося, а пах кавы разносіўся па ўсёй кватэры. Са смакам больш складана. Я не памятаю смак мамінай кавы, памятаю толькі тое, што мне яна смакавала і была рэдкай, салодкай, з малаком. Мажліва, гэта была Арабіка, мажліва гэта быў кававы напой з пражанага ячменю і цыкорыю. Я мог бы запытацца ў мамы цяпер, што гэта было, але не пытаюся. Той смак ужо ніколі не вернеш. У кавы шмат сакрэтаў і гэта адзін з іх.

Наступная мая кава была моцнай, падвойнай, прыгатаванай на спецыяльных апаратах, якія ў Мінску паставілі да Алімпіяды-80. Гэтыя кафетэрыі сталіся месцам сустрэч, знаёмстваў, абмену думкамі — своеасаблівай сацыяльнай сеткай пачатку 80-х. Потым, у мінскіх парадных пад’ездах з’явіліся міні-кавярні. Там гатавалі каву па-турэцку — густую, гарачую, з пенкай. Год пазней завершылася рэканструкцыя Траецкага прадмесця, адкрыліся кавярні і кнайпы ў гістарычным стылі, з беларускімі напоямі, стравамі, назвамі. Тады адбылася рэканструкцыя не толькі гістарычнай забудовы, але і тутэйшай гарадской культурнай традыцыі. У выніку ўтварылася новая культурніцкая прастора, асяроддзе. І, як гэта бывае, асяроддзе пачало ўплываць на паводзіны. У Траецкім беларуская мова загучала натуральна і ўпэўнена.

Менавіта ў кафетэрыях і кавярнях, беларуская мова выйшла па-за межы афіцыйна дазволенага ўжытку: прафесійнага, фальклёрнага, дэкаратыўнага — па-за старонкі кніг, экраны тэлевізараў, колы аднадумцаў, і прамоўленае робка «калі ласка, філіжанку кавы з цукрам» пачало выкарыстоўвацца як сродак публічнай камунікацыі. Хто з беларускамоўных не праходзіў гэтае выпрабаванне? «Філіжанка кавы» дагэтуль уваходзіць у стартавы пакет беларушчыны, нягледзячы на тое, што сама кава сталася маркерам найноўшай беларускай ідэнтычнасці. Для гэтага ёсць свае гістарычныя падмуркі — у XVII стагоддзі першая Венская кавярня шляхціца Кульчыцкага, у ХVIII стагоддзі -мода на каву па ўсёй Рэчы Паспалітай ад Варшавы да Кобрыня, у ХІХ стагоддзі — «кававы» патрыятызм тутэйшай шляхты. Кава, аднак, на нашых землях пераважна заставалася напоем шляхецкім. Для сялянаў гэта быў занадта дарагіі, у прынцыпе, не патрэбны прадукт.

Не надта шанавалі каву і ў гарадах, дзе ад канца ХVIII стагоддзя еўрапейскія традыцыі паступова выцясняліся расійскімі. Аднак, на пачатку ХХ стагоддзя кава зноў туды вярнулася, гэтым разам — пад соўсам элітарнасці і арыентальнай экзотыкі. У Мінску адкрываецца «Канстантынопальская цукерня», у Вільні гэтых цукерняў шмат, яны розныя: ад снобскага «Белага Штралю» да зусім дэмакртычных. Віленскія беларусы звычайна сустракаліся ў «Зялёным Штралі», а францюку Купалу больш падабаўся «Штраль Чырвоны». Дзіўна, чаму кава не сталася нашым нацыянальным маркерам на стагоддзе раней, чаму толькі з прыватных лістоў і ўспамінаў, прадстаюць перад намі айцы-заснавальнікі ў выглядзе людзей, якія ведалі і цанілі смакі жыцця. Экзыстэнцыя схавалася за заслонай калектыўнай адказнасці. Рэвалюцыйная рыторыка дыктавала стыль, да якога не надта пасавала «дробнабуржуазная» эстэтыка. У рэшце рэшт, рэвалюцыя перамагла, ахвяраваўшы культурай і яе галоўным носьбітам — інтэлегенцыяй.

Яны засталіся там, у «Зялёным Штралі». І хоць насамрэч «штраль» — гэта прозвішча ўладальніка Казіміра Штраля, яно перакладаецца. «Штраль» гэта «прамень» у скандынаўскіх мовах, а таксама на нямецкай і ідзіш. Зялёны Штраль… Міжволі прыгадваецца ангельскае «Fiddler’s Green» — міфічная выспа, дзе спачываюць душы тых маракоў, хто не вярнуўся з мора. Там заўсёды зялёная трава, хапае выпіўкі і тытуню. Душы нашых паэтаў спачываюць ў «Зялёным Штралі». І там заўсёды хапае кавы. Кава, аднак, зусім не элегічны напой. Наадварот, каве пасуюць оды, гімны і іншы пазітыў. Ад кавы не хочацца спаць, ад кавы хочацца жыць. А жыццё кароткае і не надта спяшаецца дарыць нам радасці проста так — чакае, пакуль мы самі не навучымся гэтыя радасці ствараць, альбо бачыць іх навокал.

Маміна вясковая суседка, бабулька гадоў пад 80, з жалезнымі, як гэта водзіцца на вёсцы, зубамі, лічыць сябе шляхцянкай, белай косткай і заўсёды прадстаўляецца як Пані Станіслава. Тым разам, яна зайшла да нас са сподкам трускалак, выкладзеных на цёмна-зялёных лістках мяты. Яна заўсёды надае сваім пачастункам прывабны, нават элегантны выгляд, будзь тое трускалкі, ці сала з вяндлінай. «Гэта для Стэфці» — кажа пані Станіслава. «Стэфця» — гэта мая тады яшчэ зусім малая дачка; з-за каталіцкага імя пані Станіслава лічыць яе «сваёй». Пані Станіслава ставіць сподак на стол і збіраецца сыходзіць. Я тым часам гатую каву. «Пані Станіслава, можа застанецеся на каву?» — пытаюся я. «Ой, ну на каву напэўна застануся, на каву не магу не застацца. Можа, гэтая кава мая апошняя. Дык хай ужо будзе добрая, і ў добрым таварыстве» — адказвае пані Станіслава і застаецца на каву.

Каментары6

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай14

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Усе навіны →
Усе навіны

6 вайсковых машын, 20 машын суправаджэння. Прыезд Лукашэнкі ў рэзідэнцыю на Гомельшчыне трапіў на спадарожнікавы здымак16

«Пакуль заявак нуль». У віленскай школе Stembridge расказалі, як ідзе набор у садкоўскую групу з беларускай мовай навучання14

«Аблівалі фарбай помнікі, вырывалі крыжы». Падлеткі пашкодзілі больш за 50 магіл на Радаўніцу. Іх затрымаў спецназ4

Беларусь увайшла ў сусветны антытоп-5 па колькасці нараджэнняў20

Міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з Джонам Коўлам4

Салаўёў выбачыўся перад Вікторыяй Боняй, але адмовіўся выбачацца перад Мелоні5

Тэйлар Свіфт дамагаецца прававой абароны фразы «Прывітанне, гэта Тэйлар Свіфт»

Улады Беларусі прасілі Расію перадаць ім украінскія радовішчы на Данбасе. Тыя яшчэ нават не акупаваныя17

Колькі ў Беларусі жыве ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай14

На пратэстанцкі фестываль у «Чыжоўку-Арэну» едзе амерыканскі прапаведнік Франклін Грэм. Разам з ім чакаюць Коўла з жонкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць