У Ляўках і Міры.
Ляўкоўскі пленэр
1—10 ліпеня ў Ляўках пад Воршай пройдзе IX Мастацкі пленэр імя Язэпа Драздовіча. Удзел у ім возьмуць 12 маладых мастакоў і 12 маладых літаратараў. Для іх будуць зладжаны майстар-клясы: досьведам падзеляцца па шэсьць выкладчыкаў-мастакоў і выкладчыкаў-літаратараў. Дапамагаць арганізатарам будуць ахвотнікі. Агулам у дзейнасьці летніку возьмуць удзел каля паўсотні чалавек. Прыедуць барды Віктар Шалкевіч, Лера Сом.
Пленэр пачынаўся зь летнікаў у мясьцінах, зьвязаных зь імем Драздовіча. Аднак ужо ў 2003 г. акцыя адбылася ў Шаркаўшчыне і прысьвячалася слыннаму садаводу Івану Сікору і мастаку Пётру Сергіевічу. Летась пленэр адбыўся ў Быкаўскіх мясьцінах. Сёлетні прысьвечаны Ўладзімеру Караткевічу.
Адкрыцьцё летніку мае адбыцца 1 ліпеня ў Віцебску, пасьля чаго ўдзельнікі выправяцца ў Ляўкі.
Як даехаць да Ляўкоў
Сваёй машынай паўз Барань і Копысь. З «алімпійкі» зварочваць лепш на Коханава. Ля музэю ёсьць паркоўка;
аўтобусам Ворша—Копысь (6.30, 10.00, 13.30, 16.40) да прыпынку «Музэй Янкі Купалы», дарога будзе каштаваць 1670 руб.;
дызэлем Ворша—Магілёў (9.18, 11.36, 14.45, 17.14, 19.43), білет да Копысі каштуе 1200 рублёў.
Наўпрост зь Віцебску да Копысі можна даехаць цягніком №645 Віцебск—Берасьце, які адыходзіць у 18.20 і прыяжджае ў 21.00.
Перад выездам абавязкова патэлефанаваць па любым з нумароў: 625-62-48 (Віктар), 319-65-74 (Генадзь).
■
Жывая гiсторыя пад Мiрам
У выхадныя, пачынаючы ад 2 лiпеня i да кастрычнiка, ад 9.00 да 17.30 ля муроў Мiрскага замку будуць ісьці праграмы жывой гiсторыi. Наведнікі змогуць далучыцца да традыцыйных беларускiх абрадаў i рамёстваў, прымерыць рыцарскiя латы, узяць урокi сярэднявечнага фэхтаваньня, старадаўнiх танцаў. 2—3 лiпеня праграму «Традыцыйныя рамёствы Беларусi» прадстаўляюць удзельнiкi Клюбу аматараў жывой археалёгii з Браслава. Гвозд праграмы — рытуал здабычы жывога агню.
■
Карціна-легенда
выстаўленая ўпершыню за 30 гадоў. Адмыслова выраблены падрамнік каштаваў музэю 1500 даляраў. Піша Адам Воршыч.
Карціна Валянціна Волкава «Менск 3 ліпеня 1944 году» выстаўляецца ўпершыню за амаль 30 гадоў. 28 чэрвеня карціну вынесьлі з запасьнікаў музэю й зьнялі з барабана, на які яна была накручаная. Экспанавацца ў Мастацкім музэі яна будзе з 1 ліпеня да 29 жніўня.
На прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай адкрыцьцю выстаўкі, дырэктар музэю Ўладзімер Пракапцоў адзначыў, што «больш лягічна было б правесьці такую выстаўку летась, але год быў насычаны»: памяшканьне рыхтавалі пад паказ твораў з Трацьцякоўскай галерэі. Дый падрыхтоўка знакавай карціны беларускага савецкага мастацтва да экспазыцыі вымагала значных высілкаў: быў нават адмыслова выраблены падрамнік, які каштаваў музэю 1500 даляраў.
Паводле пагадненьня паміж урадам БССР і мастаком, падпісанага ў сакавіку 1945 г., карціна павінна была ўпрыгожыць залю пасяджэньняў Дому ўраду. Гэтай умовай былі зададзены і парамэтры палатна.
Волкаў працаваў марудна, аж нават Саюз мастакоў у 1950 г. мусіў стварыць камісію для вызначэньня, ці не знарок ён замаруджвае. Першы раз «на людзях» карціна была выстаўленая ў Маскве ў 1953 г. Потым былі яшчэ дапрацоўкі, і ў 1955 г. карціна зноў зьявілася ў Маскве — на выстаўцы ў ВДНГ. Нацыянальны мастацкі музэй, як расказваюць яго работнікі, перахапіў волкаўскую карціну ў Трацьцякоўкі — купіў за 150 тыс. руб.! У час, калі сярэдні заробак складаў каля 400 руб., за карціну заплацілі грошы проста шалёныя! Праўда, сам мастак лічыў, што яму не даплацілі: маўляў, 10 гадоў працы і выдаткаваныя матэрыялы каштуюць болей.
На думку музэйшчыкаў, гэтыя непамерныя грошы, а таксама актыўная творчая праца Волкава за немцамі, якія выдаткавалі яму пэрсанальную майстэрню, сталі прычынай трывалае нелюбові да Волкава ў мастакоўскім асяродку. Да таго ж, хадзіла пагалоска, што карціна ў сваёй першай вэрсіі была створаная ў 1941-м і на ёй быў выяўлены ўезд у Менск… немцаў!
Яшчэ адна гісторыя зьвязвае карціну Волкава й Маскву. Нашчадкі мастака кажуць, што павялічаная вэрсія карціны пісалася для перавозу ў сталіцу СССР, была даведзена да стадыі падмалёўкі — і зьнікла.
Каб карціну ўбачыла большая колькасьць гледачоў, музэй нават будзе працаваць 3 ліпеня — у сьвяточны дзень. Апрача волкаўскай карціны, побач можна будзе ўбачыць аўтарскія эскізы й малюнкі да яе, а таксама фатаграфіі, зробленыя ў Менску 3 ліпеня 1944 г.
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары