Меркаванні1818

Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў

Піша Павел Севярынец.

А той, хто атрымаў адзін талент, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
Мацвея 25:18

Паўз дарогу з Берасцейскай трасы на Пружаны — бясконцыя чароды яблыневых садоў. Дрэўцы маленькія, прыгожанькія — казка. «Галандскія», — са знаўствам кажуць тутэйшыя. Але чые?

— Пракаповіча, як чые?

М-м-м. Канечне. Вядома, што колішні кіраўнік Нацбанка Пятро Пятровіч Пракаповіч з гэтых краёў... Авой, якая цацачная імпартовая тэхніка!

— Ну, гаспадаркі Нацбанка. Не глядзі так: ягоныя. Ягоныя!

А далей вёсачка Казлы, адкуль Пятро Пятровіч родам, — альпійскай прыгажосці.

Пытанне, чыімі высілкамі і коштам у Пружанах у

2003-м адбыліся рэспуб-ліканскія «Дажынкі», пабудаваныя лядовы палац, гатэлі і аквапарк, павісае ў паветры. Здаецца, увесь тутэйшы гламур, мадэрнізацыя і іншая бліскучая дарагоўля моўчкі глядзяць на вас еўрапакетамі — праз знакамітыя акуляры нашага Маркіза дэ Карабаса.

Народжаны ў 1942-м на Пружаншчыне (між іншым, тады тэрыторыя Трэцяга Рэйху, Рэйхскамісарыят «Украіна»), Пракаповіч карыстаецца паўсюднай павагай палешукоў. «Дзядзька — во! — кажуць. — Ціхі такі, маўчыць, слухае, усіх выслухае, а пасля — хоп і агучвае адзіна правільнае рашэнне». Проста цар Саламон, калі ўлічваць фотасесіі каля залатых зліткаў.

Хм.

Толькі калі Пятро Пятровіч такі харошы, чаму ж ён не ў апазіцыі?

Пакуль адзін вядомы Пракопавіч пракопваў дарогу да ўлады праз плошчу і турэмныя сцены — наш Пракаповіч закопваў гэту самую ўладу, канвертаваную ў беларускія рублі, сярод тутэйшых тарфянікаў. Грошы, надрукаваныя для ўсёй Беларусі, вывозіліся ў Пружанскі раён, на запаветныя палі паміж Белавежскай і Ружанскай пушчамі, пагружаліся ў беларускую глыбіню — і крэкс, пэкс, фэкс! — з гэтых пяці пасеяных сольда праклёўваліся... не, чамусьці не залатыя дрэвы з манетамі 585-й пробы замест лісця, але такія наліўныя — нішто сабе — галандскія яблычкі, аграсядзібы, дзівосныя лісы Алісы, каты Базіліа ды скараспелыя алігархі.

На калгасы, куды ў свой час запампоўвалі тыя самыя сотні мільёнаў даляраў эмісійных нацбанкаўскіх грошай, узятых проста з паветра («Айчына», «60 гадоў БССР», які пружанцы называлі «60 гадоў без ураджаю», былы «Савецкі», а цяпер «Жураўлінае», скляпанае з пяці гаспадарак «Ружаны-Агра»), люд глядзіць з сумессю зайздрасці і пагарды. Зласловяць: калі згары сыпаліся «залатыя», хадзілі гогалем ды трэслі вясёлкавай статыстыкай. Гаспадары! А цяпер, калі Пятровіч сышоў, і пустыя рублі гукнуліся ўсёй краіне, спахапіліся — як жыць?!

Хтосьці казаў: «Дзе грошы, Саша?» Але надта цікаўным бурацінам, якія любяць соваць свой доўгі востры нос у прыгожыя намаляваныя палотны, каб даведацца, што ж там, за даматканым агмянём насамрэч, можна толькі параіць быць больш асцярожнымі: таямніцы Маркіза дэ Карабаса ахоўваюць пракуратура, міліцыя і невядомыя ў цывільным з незапамінальнымі рысамі твару.

Калісьці Сапегі, Радзівілы, Абрамовічы ды Храптовічы таксама ўкладалі багацце ў сваю зямлю — дагэтуль іхнія палацы ды сядзібы, фундаваныя імі цэрквы і касцёлы трымаюць на сваіх плячах неба па-над Беларуссю.

А што застанецца тут ад Пятра Пятровіча?

Невыпадкова пасля адстаўкі Пракаповіча заўважылі на экскурсіі ў Ружанах, дзе паціху аднаўляецца замак Сапегаў...

У рэшце рэшт, і такіх цяперашніх магнатаў, як Пракаповіч, або берасцеец Аляксандр Машэнскі (што спансаруе будаўніцтва храмаў ды мінскае хакейнае «Дынама), або бярозаўскі алігарх Юрый Чыж (што ўтрымлівае «Дынама» футбольнае), ці піцерскі прадпрымальнік з беларускімі каранямі Мікалай Бурнас (што адбудаваў у Пушчы сядзібу «Белавежтур») — цягне і рана ці позна зацягвае беларуская глыбіня.

Бо ўсім, усім нам ляжаць у гэтай балоцістай, дзе пясчанай, дзе сугліністай, дзе тарфяной зямлі — праху, адкуль мы ўзятыя і куды вернемся — у чаканні Прышэсця. Заміраць. Прыслухоўвацца, як расце трава. Як цябе топчуць, памінаюць і забываюць... Ляжаць ціха-ціха, быццам закапаным талантам, па якія ўрэшце сапраўдным Гаспадаром прыйдзе і спытае з кожнага па справах ягоных Госпад Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Малітва на Плошчы

Беларуская глыбіня. Усмешка Васьковіча

Бкларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Папараць-людзі

Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары18

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У некаторых раёнах Дзяржынска знікла святло1

«Пенсіянерам дзеці перашкаджаюць!» У Брэсце не першы месяц ідуць спрэчкі наконт месца для будаўніцтва дзіцячага сада17

Выйшаў на свабоду дырэктар газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых2

Кітайскія нафтавыя кампаніі прыпыняюць закупкі расійскай нафты праз санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»4

Канал беларускіх сілавікоў заклікаў мабілізаваць усе сілы для дапамогі фронту29

Лукашэнка ўзяўся за школьныя абеды і прыдумаў, што рабіць з адкідамі ў сталоўках17

«Гэта жах». Кіраўнік Століна выказаўся пра раённую бальніцу, але схамянуўся і ўсё выдаліў5

Пад Стоўбцамі збіраліся знесці чарговую шляхецкую сядзібу. Апомніліся, толькі калі мясцовыя жыхары паднялі шум4

Колькасць бюджэтных месцаў на магістратуры будзе вызначаць дзяржава1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ заблакаваў у Беларусі «Укантакце»14

КДБ заблакаваў у Беларусі «Укантакце»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць