Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд
Сёстры-назарэцянкі ўласнымі намаганнямі ўзвялі для горада школу, а падчас вайны добраахвотна аддалі свае жыцці ў абмен на вызваленне мясцовых жыхароў. Іхнія сучасныя пераемніцы разбурылі спадчыну мучаніц дзеля праекта новага комплексу, які не можа быць рэалізаваны законна.

Разбурэнне будынка кляштара назарэцянак па вуліцы 1 Мая пачалося яшчэ ўвесну. Цяпер сёстры запісалі відэазварот, у якім паведамілі, што ад кляштара не засталося і фундаментаў. І заклікалі ахвяраваць на новы аб'ект.

Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», сёстры-назарэцянкі прыбылі ў Навагрудак 4 верасня 1929 года. Біскуп Зыгмунт Лазінскі перадаў ім дом насупраць Фары і зямельны ўчастак, аднак будынак адмовіўся вызваляць мясцовы староста. Праз гэта спачатку манашкі адкрылі школу ў арандаваным памяшканні, а пасля скасавання дагавора арэнды ў 1932 годзе пачалі ўзвядзенне ўласнага аб'екта. Будаўніцтва драўлянага двухпавярховага школьнага будынка ішло з лютага па верасень 1933 года. Самі сёстры пасяліліся побач у аднапавярховым мураваным жылым доме.



У 1939 годзе савецкая ўлада канфіскавала будынак школы і ператварыла яго ў савецкую дзесяцігодку з рускай і польскай мовамі навучання. Каб застацца на тэрыторыі сваёй маёмасці, манашкі ўладкаваліся туды працаваць прыбіральшчыцамі. Аднак неўзабаве іх выселілі спачатку з жылога дома, а вясной 1940 года канфіскавалі і рэшткі гаспадарчых пабудоў. Сёстры былі вымушаныя разысціся па прыватных кватэрах знаёмых мясцовых жыхароў.

З пачаткам нямецкай акупацыі ў 1941 годзе манашкі змаглі вярнуцца ў свой кляштарны дом, але саму школу занялі спачатку салдаты вермахта, а пазней — мясцовыя калабаранты-«рагулеўцы». Неўзабаве калабаранты зноў выселілі сясцёр, загадаўшы ім перасяліцца ў пусты былы яўрэйскі дом на той жа вуліцы.

Трагічная развязка адбылася ўлетку 1943 года падчас нямецкай карнай аперацыі «Герман». У ноч на 18 ліпеня гестапа арыштавала каля 120 мясцовых жыхароў і ксяндза Аляксандра Зянкевіча для далейшага расстрэлу. 31 ліпеня Марыя Стэла (Адэля Мардасевіч) і яшчэ дзесяць сясцёр-назарэцянак добраахвотна пайшлі ў гестапа, прапанаваўшы свае жыцці ў абмен на арыштаваных. Нямецкія ўлады пагадзіліся: гараджан адправілі на прымусовыя працы ў Рэйх (усе яны перажылі вайну), а 1 жніўня 1943 года адзінаццаць манашак былі расстраляныя ў Батароўскім лесе. Пазбегнуць смерці ўдалося толькі адной з іх — Малгажаце Банась, якая ўпотай жыла ў тым самым невялікім гаспадарчым доміку пры школе. Праз некалькі дзён пасля забойства нямецкія акупанты вывезлі і разрабавалі рэчы кангрэгацыі.

У 2000 годзе Папа Ян Павел II прылічыў 11 навагрудскіх мучаніц да ліку блажэнных. Пазней гістарычны будынак школы быў вернуты кангрэгацыі і адрамантаваны дзякуючы ахвяраванням вернікаў.
У відэазвароце сёстры паказалі таксама праект новага будынка на месцы школы і закладку падмуркаў. Назарэцянкі збіраюцца пабудаваць трохпавярховы мураваны будынак, падобны да офісаў пачатку 2000‑х гадоў, накрыты нахіленым дахам і з вялікімі мураламі ў тарцах, які не мае нічога агульнага з гістарычным.




Аднак, як звяртае ўвагу «Спадчына», якасць праекта знаходзіцца на нізкім узроўні з відавочна непрапарцыйнымі элементамі. Больш за тое, ні ў якім варыянце гэты праект не можа быць законна рэалізаваны ў гэтым месцы.
Згодна з праектам зон аховы гістарычнага цэнтра Навагрудка, участак сясцёр-назарэцянак знаходзіцца ў зоне, дзе забаронена ўзвядзенне будынкаў вышынёй больш за 8 метраў. Такім чынам, пабудаваць больш за два паверхі пад схільным дахам не атрымаецца. Калі ж лічыць гэта новым будаўніцтвам — бо ад старога будынка не засталося і падмуркаў, — то аб'ект мусіць быць больш чым у два разы меншым у плане за папярэдні (максімум 8 на 12 метраў). Акрамя таго, прама забаронена змяняць архітэктуру забудовы пры яе рамонце або рэканструкцыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
Каментары