У Польшчы будуць судзіць беларуса, які заснуў за рулём аўтобуса з пасажырамі
У польскім Жэшаве будуць судзіць 35‑гадовага грамадзяніна Беларусі Рамана С., які ў снежні 2025 года трапіў у ДТЗ на аўтобусе з беларускімі турыстамі. Следства ўстанавіла, што аўтобус рухаўся з хуткасцю каля 94 км/г пры дазволеных 50 км/г, паведамляе Most.

Паводле слоў кіроўцы, ён заснуў за стырном і прачнуўся толькі перад кальцавой развязкай, калі было ўжо позна пазбегнуць аварыі. У аўтобусе знаходзіліся 48 чалавек, у тым ліку 47 пасажыраў. У выніку ДТЗ 14 пасажыраў былі дастаўлены ў бальніцы, 13 з іх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Пагрозы жыццю пацярпелых не было.
Праверка паказала, што кіроўца быў цвярозы. Ён прызнаў сваю віну і паведаміў, што добра ведаў гэты маршрут і абмежаванне хуткасці, бо шмат разоў ездзіў па ім раней.
Спачатку мужчыну ўзялі пад варту, але ў сакавіку 2026 года вызвалілі пад заклад сумай 30 тысяч злотых. Таксама яму забаранілі пакідаць Польшчу і забралі пашпарт.
Раней да крымінальнай адказнасці ён не прыцягваўся. За неасцярожнае здзяйсненне ДТЗ з пацярпелымі яму можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Каментары