Заява Уладзіміра Зяленскага пра яго гатоўнасць правесці выбары не з’явілася б, калі б не словы Дональда Трампа. У гэтым сэнсе рэакцыя прэзідэнта Украіны была хуткай і максімальна прадметнай: хочаце выбары — няма праблем. Дакладней, ёсць. Дзве, піша ВВС Украіна.

Калі максімальна спрасціць гэты наратыў, правядзенню выбараў ва Украіне цяпер перашкаджаюць дзве праблемы.
Першая — вайна
Штодня на ўкраінскія гарады і вёскі прылятаюць сотні расійскіх дронаў і дзясяткі ракет. У тым жа Кіеве бываюць дні, калі яго жыхары па дзесяць гадзін запар сядзяць без святла. Удары прыпадаюць не толькі на вайсковыя аб’екты і энергетычную інфраструктуру, але і на жылыя шматпавярховікі.
Гэта не самы лепшы момант для правядзення перадвыбарчай агітацыі і арганізацыі галасавання, піша Бі-бі-сі, (асабліва ўлічваючы, што адрасы выбарчых участкаў будуць у адкрытым доступе, і калі б нехта, напрыклад Расія, захацеў з нейкай прычыны сарваць волевыяўленне, яна магла б нанесці ўдары проста па гэтых каардынатах, пасля назваўшы іх вайсковымі аб’ектамі).
Другая — арганізацыйная
Дзейнае ва Украіне выбарчае заканадаўства не дае адказаў, напрыклад, на пытанне, як арганізаваць галасаванне для некалькіх мільёнаў уцекачоў ад вайны, — бо ўжо цяпер зразумела, што ўчасткі ў будынках пасольстваў і консульстваў не змогуць прыняць нават нязначную частку гэтых людзей, калі яны захочуць прагаласаваць.
Або як прагаласуюць сотні тысяч байцоў УСУ на перадавой (не кажучы ўжо пра тое, як забяспечыць іх відавочнае права быць абранымі ў органы ўлады краіны, якую яны абараняюць).
Ёсць яшчэ трэцяя праблема — грошы на гэтыя выбары, але яе пакуль вынесем за дужкі.
Што пазаўчора сказаў Зяленскі? Што ён абсалютна не супраць выбараў.
Ён сказаў, што другое пытанне Кіеў бярэ на сябе. Забароны на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў падчас вайны сапраўды няма ў Канстытуцыі Украіны, таму варта адмяніць заканадаўчую забарону на кампанію падчас ваеннага становішча, а таксама заканадаўча разгледзець пытанне галасавання ў «асаблівы перыяд». Гэта задача нетрывіяльная, але калі вельмі трэба — яе можна рэалізаваць, і — наперад. Адпаведныя даручэнні Зяленскі сваёй заявай ужо даў.
Канстытуцыя дакладна забараняе толькі парламенцкія выбары падчас ваеннага становішча, а вось забарона на ўсе астатнія віды выбараў змяшчаецца ў законе пра прававы рэжым ваеннага становішча, які можна змяніць 226 галасамі — як і выбарчае заканадаўства.
А вось вырашыць першую задачу Украіна дакладна не можа.
Што ж, кажа Уладзімір Зяленскі свайму амерыканскаму калегу, калі вам так патрэбныя выбары і мы не супраць — зрабіце іх, калі ласка, рэальнымі.
Зрабіце так, каб удзельнікі выбараў маглі збіраць перадвыбарчыя мітынгі. Каб людзі не баяліся ісці на ўчасткі. Каб члены камісій маглі палічыць аддадзеныя галасы, не баючыся, што працэс падліку сарве «шахед» ці «калібр».
Іншымі словамі, гэта павінна быць пасля пачатку дастаткова працяглага перамір’я, якога настойліва патрабуе апошні год Кіеў і ад якога не менш настойліва адмаўляецца Масква.
Рэзюмуючы: заявай пра выбары Зяленскі проста перакінуў мяч на поле Вашынгтона і пацвердзіў, што ён выбараў не баіцца.

Каментары
Так-та Украіна парламенска-прэзідэнская рэспубліка па Канстытуцыі, а не офісна-прэзідэнская як яе Зермакі арганізавалі. І звальненне Залужнага падчас вайны было больш апасным рашэннем для краіны.
Патрэбны ўрад "нацыянальнай еднасці"
На акупаваных тэрыторыях выбары немажлівыя. Там пуцін правядзе свае выбары і пасля гэтага новая ўлада як бы стане законнай.
У франтовай і прыфрантовай паласе выбары немажлівыя праз небяспеку.
У еўропе выбары немажлівыя (сярод бежанцаў) бо ніхто іх не будзе ладзіць.