У Мінску п'яны ветэрынар залез у РНПЦ неўралогіі і сцягнуў заплечнік з печывам
Моцна п’яны 46‑гадовы жыхар Барысава чамусьці вырашыў у сталіцы пераначаваць у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Цяпер яго вінавацяць у крадзяжы, піша «Мінск-Навіны».

Мужчына прыехаў у сталіцу на сустрэчу з сябрамі. Яны выпілі, пасля чаго ён адзін пайшоў шпацыраваць па горадзе. Позна ўвечары, праходзячы міма Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі, ён вырашыў прабрацца ў будынак, каб пераначаваць.
Мужчына ўбачыў на першым паверсе акно, адчыненае на праветрыванне, прасунуў руку ў шчыліну і расчыніў яго, а потым залез у пакой адпачынку медперсаналу.
Убачыўшы там разасланы ложак, ён падумаў, што вось-вось нехта зойдзе. Таму хутка схапіў заплечнік, які стаяў на крэсле, і такім жа чынам выбраўся з бальніцы.
На прыпынку ён разгледзеў, што было ўнутры: трымальнік для ручніка, аптычныя дыскі, дзве пары навушнікаў, парагенератар і вадкасць да яго, пакуначак гарбаты і печыва, якое мужчына адразу ж з'еў. Чужы заплечнік яму спадабаўся, і ён вырашыў пакінуць яго сабе.
Доктар РНПЦ, выявіўшы, што маёмасць знікла, звярнуўся ў міліцыю. Зламысніка затрымалі.
Абвінавачаны працуе ветэрынарным урачом, і ўжо мае за парушэнне правілаў дарожнага руху і не знятую судзімасць. Яго абвінавачваюць у крадзяжы, за што пагражае да трох гадоў турмы.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, кампенсаваў пацярпеламу шкоду. Экспертыза паказала, што ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму.
Падазраваны знаходзіцца пад вартай.
Каментары