Зяленскі: Нягледзячы на санкцыі, Расія працягвае атрымліваць замежныя тэхналогіі для зброі
Падчас масіраванага ўдару па Украіне ў ноч на 5 кастрычніка Расія выкарыстала звыш 100 тысяч кампанентаў замежнай вытворчасці ў сваіх дронах і ракетах, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён падкрэсліў, што кампаніі з ЗША, Кітая, Тайваня, Японіі, Германіі і іншых краін па-ранейшаму прысутнічаюць у ланцужках паставак для расійскай ваеннай прамысловасці.

На чацвёртым годзе поўнамаштабнай вайны Расія працягвае атрымліваць кампаненты для вытворчасці зброі. Падчас масіраванага камбінаванага ўдару па Украіне ў ноч на 5 кастрычніка Расія ўжыла 549 сродкаў паражэння, якія ўтрымлівалі 102 785 кампанентаў замежнай вытворчасці — кампаній з ЗША, Кітая і Тайваня, Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі, Японіі, Рэспублікі Карэя і Нідэрландаў. У запушчаных ударных дронах было прыкладна 100 688 кампанентаў замежнай вытворчасці, у «Іскандэрах» — каля 1500, у «Кінжалах» — 192 кампаненты, і 405 — у «Калібрах», распавёў Зяленскі
У прыватнасці, кампаніі ў Злучаных Штатах Амерыкі вырабляюць канвертары для ракет Х-101 і дронаў тыпу Shahed / Geran, матрыцы для гэтых БПЛА і ракет «Кінжал», аналагава-лічбавыя пераўтваральнікі для дронаў і ракет, а таксама мікраэлектроніку для ракет.
Прынамсі 50 адзінак разнастайнай мікраэлектронікі ў кожным «шахедзе» вырабляецца ў Кітаі і Тайвані. Мікракантролеры для БПЛА вырабляюцца ў Швейцарыі, а мікракамп'ютары для кантролю палёту дронаў — у Вялікабрытаніі.
Оптаізалятары для крылатых ракет выраблены ў Японіі, а камутацыйныя раздымы — у Германіі.
Акрамя таго, Расія выкарыстоўвае працэсары, вырабленыя ў Нідэрландах, і сервапрывады ды падшыпнікі, вырабленыя ў Рэспубліцы Карэя.
Паводле слоў Зяленскага, Украіна рыхтуе новыя санкцыі супраць тых, хто дапамагае Расіі і яе вайне, таксама краіна перадала прапановы па абмежаванні схем пастаўкі.
«На гэтым тыдні адбудзецца сустрэча санкцыйных каардынатараў «Групы сямі» (G7), і мы чакаем сістэмнага рашэння, каб забяспечыць эфектыўнасць санкцый. Важна спыніць усе схемы абыходу санкцый, бо кожную такую схему Расія выкарыстоўвае для працягу забойстваў. Свет мае сілу, каб гэта спыніць», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Каментары
На чысцюткай беларускай мове, як не ўважыць?